Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сёмуха: Усё лепшае, што знаходжу ў мове, аддаю перакладу


Васіль Сёмуха

Васіль Сёмуха

Госьць Начной Свабоды – перакладчык Васіль Сёмуха.


Васіль Сёмуха пераклаў Біблію на беларускую мову. Перакладаў зь нямецкай творы Гётэ, Шылера, Гейнэ, Шаміса, Мюлера, Рукэрта, Гофмана, Грымэльсгаўзэна, Ніцшэ, Брэхта, Дзюрэнмата, Гесэ, дэ Бройна, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда ды іншых аўтараў. З польскай перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Норвіда, Тувіма, Сыракомлю... З латыскай мовы Яна Райніса, Чакса, Бэлшавіцу, Скуіньша, Бэлса, Вацыеціса ды іншых.

Рабіў пераклады тэкстаў для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічае з заслужаным артыстам Беларусі, кіраўніком “Беларускай капэлы” Віктарам Скарабагатавым. Пераклаў лібрэта да опэр Радзівіла “Фауст”, “Маргер” Горскага, “Страшны двор” Манюшкі.

Аляксей Знаткевіч:
“Над чым Вы цяпер працуеце?”

Васіль Сёмуха: “Сёньня я працаваў над перакладам верша, я перакладаў яго два дні. Гэта верш пра славацкую мову славацкага паэту Орсага. Звычайна я перакладаю толькі з трох моваў. Гэта тыя мовы, якія я больш-менш ведаю – нямецкая, польская і латыская. У маёй практыцы былі і іншыя мовы, як вось цяпер славацкая. Славацкая – славянская мова, я ў ёй магу разабрацца, але рызыкаваць занадта не магу.

Тыя мовы, якія мной слаба засвоеныя, я зь іх стараюся не перакладаць. У тым ліку не перакладаю і з добра вядомай мне рускай мовы. Былі спробы – добрыя, нядобрыя – але я не перакладаю з рускай”.

Знаткевіч: “А чаму?”

Сёмуха: "Хай чытаюць людзі па-руску. Што ж я буду зь яе перакладаць? Я перакладаў з рускай мовы толькі сцэну з "Фаўста" Пушкіна, і не таму, што гэта руская мова. і не таму, што Пушкін, а таму, што гэта мела дачыненьне да "Фаўста", твора, які я ўсё жыцьцё любіў і люблю. Я перакладаў усё, што мог недзе знайсьці па гэтай тэматыцы – з канкрэтнымі назвамі ці па матывах Гётэ ці, як паводле майго аналізу, там праблематыка адпаведная закранаецца. Той жа Ніцшэ, магу даказаць, што гэта зьвязана з Фаўстам. Тое самае Райніс, Гэсэ, Томас Манн зь яго вялікім раманам «Доктар Фаўстус». У мяне стварылася такая Фаўстыяна, у тым ліку, натуральна, і опэра Радзівіла".

Знаткевіч: "Але найбольш перакладаў у Вас з нямецкай мовы. Як так атрымалася? Чалавек, які ў шэсьць год застаўся безь сям’і [у 1942 годзе бацькоў расстралялі немцы], усё сваё жыцьцё прысьвяціў папулярызацыі менавіта нямецкае літаратуры...”

Зацікавіўся нямецкай мовай, стаў яе вывучаць і адкрыў для сябе незвычайна вялікай прыгажосьці скарб.

Сёмуха: «Менавіта з гэтай прычыны. Гэта і ёсьць прычына. Калі гэтая трагедыя здарылася, 6 гадоў мне было. І пасьля вайны як раз гэтыя пытаньні “Што?” “За што?” “Чаму?” паўставалі перад усімі дзецьмі, якія страцілі сваіх родных. Адказаць на гэтыя пытаньні было немагчыма. А яны заселі, як кажуць, у сьвядомасьці дзіцяці і далей перарасьлі ўжо ў цікавасьць да мовы. Толькі, мабыць, праз нямецкую мову можна даведацца, што адбылося і чаму, за што забілі маіх бацькоў. Я ня ведаў гэтага. Зацікавіўся мовай, стаў яе вывучаць і адкрыў для сябе незвычайна вялікай прыгажосьці скарб. Мова нікога не забівала. Мова -- гэта носьбіт культуры цэлага народу, і калі я гэта зразумеў, то, натуральна, і прыкіпеў душою да нямецкай мовы”.

Знаткевіч: «А не было нейкіх адмоўных пачуцьцяў, нянавісьці, агіды да той жа самай мовы ад пачатку?»

Я ня вельмі модны перакладчык тут, але мяне гэта менш за ўсё хвалюе

Сёмуха: «Ніколі не было. Была толькі спачатку цікавасьць, таму што мая маці ведала нямецкую мову. Яна была сялянка, праўда, вучылася ў школе ў Пружанах, але нямецкую мову ведала. Я нават памятаю да гэтага часу, як яна гаварыла на ёй з немцамі, калі яны прыходзілі ў хату з вобыскамі і настаўлялі пісталет на яе і на мяне. Бацьку білі, а яна зь імі гаварыла па-нямецку. Я ня ведаю, пра што яна гаварыла. Але недзе, як кажуць, памяць пра маму і ўсё гэта прывяло да вывучэньня мовы. Усяго я не магу растлумачыць добра, але тое, што ў душы жыве, не выказваецца словамі. Але гэта жыло і дала свой плён , і калі я авалодаў гэтай мовай і знайшоў у нямецкай літаратуры такія скарбы, што немагчыма ад іх адарвацца, як той жа самы "Фаўст", той самы Рыльке – незвычайнай прыгажосьці паэт».

Знаткевіч: «Я так разумею, што апошнія гады вельмі шмат з таго, што Вы перакладалі і перакладаеце, ідзе, так бы мовіць, у стол. Гэта не выдаецца няікім чынам. Якая сытуацыя з выданьнеам Вашых перакладаў?"

Самае вялікае задавальненьне і радасьць я маю ў працэсе працы, а выдадзеная кніга мяне ўжо не радуе.

Сёмуха: «Гэта так, большасьць перакладаў апошняга дзесяцігодзьдзя ідзе ў стол. Я ня вельмі модны перакладчык тут, але мяне гэта менш за ўсё хвалюе. Я перакладаю, можа, нават не для таго, каб друкавацца, хаця хацелася б і надрукавацца. Але прыйдзе час, усё будзе надрукавана. У мяне вырасьлі дзеці, калі мяне ня стане, надрукуюць яны. Нічога не прападае вось так марна. А мяне гэта ня вельмі хвалюе. Самае вялікае задавальненьне і радасьць я маю ў працэсе працы, а выдадзеная кніга мяне ўжо не радуе. Яна чужая, яна ператвараецца зноў у кнігу таго аўтара, якога я перакладаў. Але гэта ўжо не маё дзіця».

Знаткевіч: "Але ж Вы былі і рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура" шмат гадоў. Таксама тады не было радасьці, калі выходзіла ў сьвет кніга?»

Сёмуха: «Не. Мабыць, толькі самая першая радасьць была, калі першая кніга выйшла, якую я пераклаў, будучы студэнтам. Тая прынесла мне радасьць».

Знаткевіч: "А якая была гэта кніга?"

Сёмуха: «Гэта была кніга Вілі Брэдэля "Ад Эбра да Волгі" ў 1959 годзе яна выйшла, а другая была радасьць – сам "Фаўст" калі выйшаў ў 1985 годзе. Але той радасьці хапіла зноў жа на дзень, на два. Таму што я пачаў перачытваць, бачыць недахопы і тое, што я не зрабіў. Гэта вельмі прыкра – бачыць недаробкі ў сваёй кнізе. Але радасьць прапала».

Знаткевіч: «На Вашую думку, тое, што Вашыя пераклады цяпер не выходзяць, найбольш зьвязанае з тым, што Вы – непажаданая асоба, так бы мовіць, палітычна непажаданая з прычыны Вашай грамадзянскай пазыцыі? Ці ўсё ж, можа, пераклады клясыкі цяпер незапатрабаваныя на рынку?»

Вось у мяне выйшла Біблія, мне дапамаглі выдаць яе мае дзеці -- сын і дачка.

Сёмуха: «Не, пераклады клясыкі запатрабаваныя, былі ёсьць і будуць запатрабаваныя. Цяпер праблема ўся ў грошах. Няма за што выдаваць, а спонсары ня надта рвуцца дапамагчы ў гэтай справе. Вось у мяне выйшла Біблія, мне дапамаглі выдаць яе мае дзеці – сын і дачка. Усе разам зьбіралі грошы, залезьлі ў вялікія пазыкі, выдалі Біблію. Мой сын дапамог мне выдаць зборнік Рыльке. Я б гэтага адзін сам ня мог зрабіць. Выдавец Зьміцер Колас дапамог мне выдаць кнігу Майрынка, цяпер мне палякі абяцаюць дапамагчы выдаць кнігу Гамбровіча "Фэрдыдурка", гэта мая апошняя вялікая праца. Гэта раман, у які я цяпер закаханы. Але закаханы і люблю таму, што ён у мяне ляжыць на стале. Я яго перачытваю, праглядаю, папраўляю бясконца, бясконца, бясконца… А калі ён выдзе, цікаваць прападзе. Гэта я ўжо загадзя ведаю».

Знаткевіч: «Як Вы ставіцеся да інтэрнэту? Інтэрнэт – згуба ці дапамога для літаратуры?»

Сёмуха: “Гэта вялікая дапамога для літаратуры. З таго часу, як я ўлез у гэты інтэрнэт і займеў свой кампутар, я зрабіў, можа, больш чым, да таго за ўвесь час. Гэта вялікая дапамога, цяпер, дарэчы, я маю яшчэ магчымасьць выстаўляць свае пераклады ў інтэрнэт. Скажам, на беластоцкім сайце “Камунікат" разьмешчаныя большасьць сваіх перакладаў апошніх гадоў. Некаторыя выстаўленыя на сайце. Ёсьць спадзяваньні, што нехта там гэта чытае”.

Знаткевіч: “А Вы не баіцеся, што тое, што вывешваецца ў інтэрнэце, неяк забівае кнігу?”

Сёмуха: “Я неяк і ня думаў пра гэта. Чаму яно павінна забіць? Калі чалавек чытае ў інтэрнэце кнігу, якая тут шкода кнізе?”

Знаткевіч: “Людзі ня будуць купляць папяровыя выданьні, з гэтай прычыны зьнікнуць кнігі, некаторыя так кажуць...”

З таго часу, як я ўлез у гэты інтэрнэт і займеў свой кампутар, я зрабіў, можа, больш чым, да таго за ўвесь час.

Сёмуха: “Я ня думаю, што так будзе. Калі дрэнная кніга, то ня будуць людзі купляць, прачытаўшы ў інтэрнэце. А калі добрая, то будуць купляць. У мяне, як кажуць, тысячы разоў пыталіся, калі будзе папяровы варыянт выдадзены перакладу Зюскінда “Парфума”. Гэта пыталіся людзі, якія чыталі яе ў інтэрнэце, ім важна мець гэтую кнігу і ў папяровым выданьні...”

Знаткевіч: “А калі будзе выдадзеная гэтая кніга? Я таксама яе чытаў, раздрукоўваў з інтэрнэту...”

У мяне тысячы разоў пыталіся, калі будзе папяровы варыянт выдадзены перакладу Зюскінда “Парфума”.

Сёмуха: “Дык, значыцца, і Вы нашкодзілі маёй кнізе, майму перакладу. [Сьмяецца]. Я ня ведаю, калі яна будзе выдадзеная. Тое самае было шмат гаворкі пра тое, каб я пераклаў "Стэпавы воўк" Германа Гэсэ. Многія прасілі, хаця спачатку ў мяне не было вялікай прыхільнасьці да гэтай кнігі, яна даволі складаная, цяжкаватая, але я пайшоў насустрач гэтым пажаданьням і зрабіў гэты пераклад і зноў выставіў яго ў Беластоку на сайце. І яго чытаюць тыя, хто замаўлялі. Ня шкодзяць папяроваму выданьню, якое зноў жа невядома, ці будзе, калі будзе, хто на гэта пазычыць грошы. Ці нават без пазыкі, а так дасьць і выдасьць кнігу. Няма спонсараў такіх у мяне. А дзяржава ў гэтым сэнсе толькі рада такой сытуацыі”.

Знаткевіч: «Вы зрабілі ў справе перакладу столькі, што магчыма і дзесяць чалавек не маглі б зрабіць за жыцьцё, але ці спрабавалі Вы калі-небудзь самі пісаць прозу ці вершы?»

Я сканцэнтраваўся дзейнічаць у адным напрамку – на пераклад. І вельмі рады, што сам нічога не пішу.

Сёмуха: «Я быў тады малады і дурны. Гэта было, калі мне было 17 ці 18 гадоў. Я тады пісаў вершыкі, але вельмі своечасова спахапіўся і ўбачыў, што я гэтага пісаць не ўмею. Я ўжо тады мог ацаніць вартасьць твора – свайго і чужога. А пісаць абы што нельга. І я сканцэнтраваўся дзейнічаць у адным напрамку – на пераклад. І вельмі рады, што сам нічога не пішу. Усё лепшае, што я магу знайсьці ў мове, штоя магу вынайсьці, прыдумаць, я аддаю перакладу, другім людзям, аўтарам. І не пакідаю для сябе ніякіх запасаў, якія я б выкарыстаў у сваіх уласных творах. Я пытаўся ў людзей: «Вось ты перакладаеш і пішаш сам. Ці вельмі яркую моўную знаходку ты аддаш перакладу ці пакінеш для свайго твору?» І ўсе адказы былі адныя – для свайго твору. А перакладчык не павінен сваіх знаходак шкадаваць для аўтараў. Яны яшчэ больш заслугоўваюць, больш за тое, што мы можам ім аддаць, і што я магу аддаць. Каб Вы ведалі, колькі я ня здолеў перакласьці і чаго хацеў перакласьці. Ня ўсё ж чалавек можа перакласьці…»​

Васіль Сёмуха працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, інжынэрам у сэктары тэхінфармацыі СКБ-3 на Менскім трактарным заводзе, выкладчыкам нямецкай мовы ў школе, літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1967-1972). Выкладаў нямецкую мову ў БДУ. З 1972 і да прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады быў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». За сваю плённую перакладніцкую дзейнасьць у 2001 годзе Васіль Сёмуха быў узнагароджаны ордэнам “За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай”, мае вышэйшую ўзнагароду Латвіі “Ордэн трох крыжоў”, літаратурную прэмію ПЭН-Цэнтру, ляўрэат літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG