Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Даішнікі разьбягаліся, як кеглі ў боўлінгу”


У пацярпелых кіроўцаў кіраўніцтва дзяржаўтаінспэкцыі папрасіла прабачэньня, а вінаватых супрацоўнікаў ДАІ і іх начальнікаў пакаралі ў службовым парадку.


На 11-ты дзень пасьля інцыдэнту з “жывым шчытом” на шашы Менск — Мікашэвічы пачала перамагаць вэрсія пацярпелых. Сёньня, 13 сакавіка, кіраўнік ДАІ краіны Аляксандар Мендзелеў склікаў прадстаўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў і заявіў, што МУС просіць прабачэньня ў кіроўцаў, пацярпелых у выніку інцыдэнту 2 сакавіка. Пры гэтым прысутнічала адвакатка Вера Страмкоўская, якая абараняе інтарэсы пацярпелых кіроўцаў, але саміх кіроўцаў не было. Адна зь іх, жыхарка Менску Алена Калпакова, патлумачыла Радыё Свабода, што запрашэньня ад ДАІ не атрымлівала. Той факт, што ДАІ ўсё ж публічна папрасіла прабачэньня, жанчына вітала. Учорашнія тлумачэньні ДАІ Алена Калпакова назвала “сьмешнымі”.

Нагадаю, 12 сакавіка намесьнік начальніка ДАІ Ігар Ваніцкі заявіў, што пацярпелыя нібыта “недакладна зразумелі знакі супрацоўнікаў ДАІ, якія іх не спынялі, а прапаноўвалі ехаць у напрамку Менску”. Вось што Алена Калпакова згадала пра спыненьне свайго аўтамабіля супрацоўнікам ДАІ:

“На мяне супрацоўнік ДАІ паказаў жазлом. Потым жазло было паднятае, другая рука выцягнутая да мяне і паднятая далонь. Гэта дакладна азначае: не зьяжджаць убок, а спыніцца ў сваім радзе”.

Юры Пашкевіч, чый аўтамабіль таксама пацярпеў у аварыі 2 сакавіка, патлумачыў учорашнюю вэрсію ДАІ адносна прычын інцыдэнту спробай “пазьбегнуць адказнасьці”. Юры Пашкевіч настойвае на тым, што ДАІ менавіта “стварыла жывую заслону з чатырох прыватных аўтамабіляў”.

“Я зразумеў, што трэба спыніцца, і пачаў паварочваць у правы рад, дык яны мяне ў другім радзе спынілі. Мне загадалі закрыць “дзірку” ў другім радзе, а ехаў я ў чацьвёртым”.

Гэты другі рад і аказаўся самым небясьпечным. Цяпер аўтамабіль BMW Юрыя Пашкевіча “не падлягае аднаўленьню”. У машыне разам зь ім былі трохгадовая дачка і жонка, якія атрымалі моцную псыхалягічную траўму. Юры Пашкевіч кажа, што і пасьля таго, як ДАІ выбачылася, ён будзе настойваць на пакараньні вінаватых міліцыянтаў паводле закону.

Ці будуць яны пакараныя?

Сёньня стала вядома, што двое супрацоўнікаў ДАІ, якія бралі ўдзел у затрыманьні нецьвярозага кіроўцы, адхіленыя ад выкананьня службовых абавязкаў. Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў таксама паведаміў пра строгую вымову кіраўніку ДАІ рэспублікі Аляксандру Мендзелеву і пакараньне ў службовым парадку начальнікаў ДАІ Менскай вобласьці, Менску і Кастрычніцкага раёну Менску.

Нагадаем, спачатку нецьвярозага кіроўцу спрабавалі спыніць супрацоўнікі ДАІ вобласьці, але марна. Тады яны зьвярнуліся па дапамогу ў ДАІ сталіцы. Непасрэдна “апэрацыю спыненьня” на ўезьдзе ў горад праводзілі супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёну Менску.

“Калі пракуратура прыме рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы, вінаватых прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці”,— заявіў “Інтэрфаксу” міністар Уладзімер Навумаў. Хто кіраваў апэрацыяй, міністар не паведаміў. Пацярпелы Юры Пашкевіч мяркуе, што найбольш вінаваты той, хто аддаў загад стварыць жывы шчыт. “Шараговыя “даішнікі” самі рызыкавалі”, — згадвае Юры Пашкевіч.

“Яны пачалі разьбягацца, як кеглі ў боўлінгу. Я быў у шоку: чаго яны разьбягаюцца? І раптам зразумеў”.

У ДАІ ўжо заявілі, што правядуць з супрацоўнікамі дадатковыя заняткі на тэму прымусовага спыненьня аўтамабіляў.

“Радыё Свабода” патэлефанавала ў газэту “Автобизнес-weekly”, якая першай паведаміла пра інцыдэнт на шашы Менск-Мікашэвічы. Рэдактар газэты Зьміцер Асташэнка паведаміў: “Ціску на газэту ў сувязі з публікацыяй не было. А які ціск? Трое сьведкаў, адвакат, пракуратура... Мы не надрукуем – надрукуюць іншыя. Але да нас зьвяртаюцца чытачы, і агульны настрой такі, што закрыцьцё газэты ўспрымалася як цалкам верагоднае”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG