Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды вясна – сэзон псыхічных абвастрэньняў?


У Беларусі працягвае павялічвацца колькасьць людзей, якія пакутуюць на псыхічныя хваробы: у 2007 годзе ў параўнаньні з папярэднім колькасьць новых выпадкаў захворваньня вырасла амаль на 4% і склала 64 тысячы чалавек.


Але, як кажуць псыхатэрапэўты, існуюць і лічбы, якія не адлюстроўваюцца ў афіцыйнай статыстыцы. Гаворка пра так званую “сэзонную актыўнасьць”, якая прыпадае перадусім на вясну і восень.

Пры канцы 2007 году ў Беларусі на псыхіятрычным уліку стаяла блізу 270 тысяч пацыентаў (у 2006-м – 247 тысяч). Агульны рост адзначаны ўва ўсіх рэгіёнах, за выключэньнем Віцебскай вобласьці.

Аднак, як сьведчаць спэцыялісты, у Беларусі каля паўмільёна чалавек з тымі ці іншымі псыхічнымі адхіленьнямі. З улікам, што сярэднестатыстычная сям'я складаецца з трох чалавек, то праблема ўскосна тычыцца 1,5-2 мільёнаў грамадзянаў краіны.

Кожны ў жыцьці хоць раз быў у дэпрэсіі

Экспэрты лічаць, што колькасьць псыхічных праблемаў з кожным годам будзе павялічвацца. Усё большае месца ў пераліку захворваньняў будзе прыпадаць на гэтак званыя “душэўныя” хваробы.

Паводле прагнозаў, да 2020 году, прыкладам, дэпрэсія выйдзе на другое месца сярод усіх захворваньняў (першае пакіне за сабой ішэмічная хвароба сэрца). Але ці толькі эмацыйна нераўнаважаныя людзі рызыкуюць атрымаць увесну чарговую дэпрэсіўную порцыю? Пытаньне псыхатэрапэўту вышэйшай катэгорыі Ігару Длужнеўскаму:

“Па міжнароднай статыстыцы, кожны чалавек на плянэце хоць бы раз у жыцьці перажывае дэпрэсіўны эпізод. Канечне, тут шмат залежыць ад ступені акрэсьленасьці гэтай дэпрэсіі, але ў любым выпадку, скажам, лёгкі дэпрэсіўны эпізод аднойчы перажывае кожны. Распаўсюджанасьць вельмі істотная, проста ў нас на сёньня не аказваюць столькі ўвагі, колькі неабходна гэтай праблеме.

Прыкладам, у ЗША пэўны бюджэт пад гэта прадугледжаны, бо, па вялікаму рахунку, гэта ўвогуле самая распаўсюджаная праблема. Гэта праблемы перадусім такога афэктыўнага ўзроўню, праблемы настрою, калі чалавек усё часьцей бывае незадаволены, раздражнёны. Ён, натуральна, часьцей скардзіцца. Больш за тое, у гэтыя пэрыяд людзі маюць патрэбу ў падвышанай увазе, каб не заставацца ў адзіноце. Любыя спосабы тут выкарыстоўваюцца, у тым ліку допісы на тэлебачаньне, радыё і г.д.”

Многія мэдыкі схільныя лічыць, што звышапантаныя ў пэўны сэзон людзі збольшага небясьпечныя для саміх сябе, паколькі ўзровень іх самакантролю істотна зьніжаецца. Паводзіны ў гэтым выпадку залежаць перадусім ад роўню культуры і адукаванасьці чалавека – хтосьці зьвяртаецца па дапамогу да спэцыяліста, але шмат хто пачынае актыўнічаць па-іншаму.

Апроч абіваньня парогаў розных установаў, ведамстваў, аднабаковага ліставаньня з рэдакцыямі, абвастраецца элемэнт навязьлівасьці, узмацняецца набіваньне ў сябры “да апошняга ўздыху”, перасьлед блізкіх і нават малазнаёмых людзей набывае маніякальны характар. Ці можна ад гэтага ўратавацца?

“Зьезд з катушак” – у свой сэзон

Псыхоляг Вячаслаў Цырлін кажа, што рэцэпт наўрад ці існуе, паколькі ў такім выпадку не існавала б і самой праблемы. Хтосьці на падвышаную ўвагу рэагуе спакойна, хтосьці пускае ў ход кулакі:

“Я ня думаю, што існуюць нейкія ўнівэрсальныя адказы на такога кшталту пытаньні. Існуе вельмі шмат сугестыўных псыхалягічных тэхналёгій, досыць сур'ёзнага ўзроўню, якімі, цалкам магчыма, на чалавека схільнага да якіхсьці залежных адносінаў можна ўзьдзейнічаць.

Ёсьць людзі, якія могуць добра будаваць свае межы, і такога кшталту ўзьдзеяньне на іх нельга распаўсюдзіць. Аднак ёсьць людзі, якія, уласна кажучы, могуць прыняць такі спосаб жыцьця, таму што гэта можа нейкім чынам пераплятацца зь іх унутранай філязофіяй жыцьця. І гэтак далей. То бок, у дадзеным выпадку наўрад ці магчымы адказ на ў нейкім сэнсе абстрактнае пытаньне”.

Галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Беларусі Павел Рынкоў кажа, што любое сэзоннае ці міжсэзоннае абвастрэньне яшчэ не дае падставаў рабіць высновы, што чалавек “не сябруе з галавой”:

“Абвастрэньне чаго? Бо актыўнасьць – гэта панятак нормы. Вось калі журналіст Радыё Свабода пасіўны – яго проста з працы выганяць. Значыць, ён мусіць быць актыўны. Але гэта ня значыць, што ён вар'ят. Зь іншага боку, сэзонная залежнасьць адзначаецца ня толькі пры шэрагу псыхічных, але і шмат якіх саматычных захворваньнях.

І, скажам, у чым насамрэч выяўляецца гэтая актыўнасьць? У напісаньні скаргаў, у зваротах ці ў чым яшчэ? Ёсьць закон “Аб зваротах грамадзянаў”. А ёсьць закон, значыць, яго трэба выконваць. І народ карыстаецца сваім правам, і правільна робіць. Ніякіх я тут заканамернасьцяў ня бачу. На любым працоўным месцы ў любога супрацоўніка ёсьць пэрыяды спадаў, пэрыяды пад'ёмаў. Ну, бывае, што рабіць? Калі ўсё атрымліваецца – усё, пад'ём, калі штосьці не атрымліваецца – іншае. Але гэта не гаворыць пра тое, што чалавек псыхічна хворы”.

Зрэшты, спадар Рынкоў прызнаўся, што ў яго пэрыяд актыўнасьці прыпадае на канец году. У гэты час, як і іншыя чыноўнікі, ён мусіць падрыхтаваць справаздачу пра зробленае за год і збудаваць пляны на год будучы.

Сэзонная актыўнасьць – архаічны міт?

Не пацьвярджае меркаваньне пра вясновыя абвастрэньні і псыхіятар Ігар Сарокін – лекар Менскага гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэру. На пытаньне “Ці дадалося працы ў першую дэкаду вясны?” ён адказаў так:

“Не, не дадалося, таму што я ж не амбуляторны лекар, я лекар у стацыянары. У нас усё ж плянавыя паступленьні. А адносна актыўнасьці? Я думаю, што гэта ў большай ступені, так бы мовіць, адзін зь мітаў: вось вясна, жанчыны панчохі паздымалі, ад чаго актыўнасьць ува ўсіх падвысілася. У большасьці людзей вясна і восень – гэта тое, што, наадварот, выклікае зьніжэньне актыўнасьці. У псыхічным пляне гэта заўсёды зьвязана з той ці іншай глыбінёй дэпрэсіўных парушэньняў у эфэктыўнай сфэры. Ну, а значыць і з фізычнай, псыхічнай актыўнасьцю”.

Карэспандэнт: “Калі такія міты склаліся – дык гэта ж эмоцыі, унутраны стан чалавека?”

“Нават ня ведаю, як растлумачыць, хто гэтыя міты ствараў... Магчыма, у патрыярхальным укладзе сялянскім сапраўды вясна давала магчымасьць нейкага жыцьцёвага аптымізму: зеляніна праклюнулася, і ўжо з голаду не памрэш, перажылі зіму. Можа, з-за гэтага? Але ж менавіта ў псыхічным пляне – гэта заўсёды падвышаная стомленасьць у веснавы час, прынамсі напачатку вясны, пакуль актыўнасьць сонечная не пачынае большаць, дык гэта заўсёды падвышаная стомленасьць, прыгнечаны настрой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG