Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнік – кандыдат гістарычных навук Уладзімер Ляхоўскі. Эфір 9 сакавіка.


“Пра самаабарону арганізатары Першага Ўсебеларускага зьезду падумалі запозна”

Міхась Скобла: “Уладзімер, гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі пачалася ў 1917 годзе, адной з адпраўных кропак тут можна лічыць Першы Ўсебеларускі зьезд. Менавіта ён абраў Выканаўчую Раду, якая ў ІІ Устаўной грамаце ад 9 сакавіка і абвясьціла пра стварэньне БНР. Чаму арганізатары зьезду не паклапаціліся пра самаабарону?”

Уладзімер Ляхоўскі: “Яны вельмі позна зразумелі, што над зьездам навісла пагроза гвалтоўнага разгону з боку бальшавіцкага Аблкамзаху. У пачатку сьнежня 1917 году з дэлегатаў Усебеларускага зьезду была сфармаваная Ваенная камісія, у якую ўвайшлі каля 100 чалавек, у тым ліку два генэралы – Кіпрыян Кандратовіч і Алексіеўскі (камандзер Свэабарскай фартэцыі, якая падпарадкоўвалася Петраградзкаму гарнізону).

Дзесьці ў сярэдзіне сьнежня Ваенная камісія накіравала свайго прадстаўніка Васіля Русака ў Воршу, каб той дамовіўся з камандзерам тамтэйшага кавалерыйскага эскадрону, прыхільнікам Беларускай Рады ротмістрам Якубенем пра таемную перадысьлякацыю эскадрону ў Менск для забесьпячэньня аховы Ўсебеларускага зьезду.

Але гэты крок быў запозьненым. У ноч з 17 на 18 сьнежня 1917 году (паводле старога стылю) бальшавікі зьезд разагналі. Дэлегаты былі бяз зброі й не змаглі супрацьстаяць узброеным жаўнерам. Жанчына, эсэрка Юр’ева, адна з дэлегатак зьезду, у роспачы падбегла да камісара Крывашэіна, які быў нецьвярозы й ледзь трымаўся на нагах, і ўдарыла яго па твары, але прамахнулася і толькі зьбіла шапку. Юр’ева тады ж была арыштаваная – разам з Тамашом Грыбам, Язэпам Варонкам і Іванам Серадой”.

“Чаму першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі быў “залішне мірны”?


Скобла: “Я гляджу на склад Народнага Сакратарыяту БНР: ёсьць сакратары справядлівасьці, апекі, земляробства, фінансаў… Няма толькі сакратара па вайсковых справах. Чаму першы ўрад БНР быў гэткі залішне мірны?”

Ляхоўскі: “У складзе Сакратарыяту былі вайскоўцы. Узгадаем хоць бы ваеннага чыноўніка Васіля Захарку, малодшых афіцэраў Кастуся Езавітава, Яўхіма Бялевіча й Аляксандра Карача. Але кайзэраўскія акупацыйныя ўлады не дазволілі стварэньне беларускіх нацыянальных вайсковых аддзелаў. Гэта вынікала з умоваў Берасьцейскай мірнай дамовы, якая забараняла дзейнасьць збройных сілаў “трэцяга боку” на тэрыторыі часовай акупацыі, у якую ўваходзілі Меншчына й заходнія рэгіёны Магілёўшчыны й Віцебшчыны.

Першае, што зрабілі немцы, калі ўвайшлі ў Менск 21 лютага, – раззброілі менскую беларускую вайсковую дружыну, якая складалася з гімназістаў, артыстаў Першага таварыства беларускай драмы й камэдыі й забясьпечвала спакой і парадак у горадзе пасьля ўцёкаў бальшавікоў.

Прыканцы нямецкай акупацыі, у лістападзе 1918 году, па ініцыятыве генэрала Кандратовіча ў Менску была сфармаваная беларуская вайсковая арганізацыя, якая налічвала каля 1,5 тысячы добраахвотнікаў. Кандратовічу Радай БНР была пастаўленая задача хутка арганізаваць краёвую абарону, каб супрацьстаяць Чырвонай арміі. Але ён ня здолеў дамовіцца з польскай вайсковай арганізацыяй і габрэйскай вайсковай самаабаронай, якія дзейнічалі на гэты час ў Менску. І акцыя правалілася”.

Скобла: “Што было немагчыма ў Менску, нібыта стала магчымым у Вільні. Вядомы факт: у 1919 годзе Юзаф Пілсудзкі даў дазвол на стварэньне Беларускага войска. Што з гэтага атрымалася?”

“Для будучага Беларускага войска Зьмітрок Бядуля і Ўладзімер Тэраўскі склалі адмысловы “Вайсковы сьпеўнік”

Ляхоўскі: “Дзякуючы гэтаму дазволу прыканцы лета 1919 году ў Вільні паўстала Беларуская вайсковая арганізацыя. Увосень яна перабралася ў Менск, дзе была перайменаваная ў Беларускую вайсковую камісію. У склад яе ўваходзілі Павал Аляксюк, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аляксандар Прушынскі (Алесь Гарун), Андрэй Якубецкі. Сярод яе сяброў мы бачым і пісьменьніка Зьмітрака Бядулю, які разам з кампазытарам Уладзімерам Тэраўскім склаў у гэты час “Беларускі вайсковы сьпеўнік” (1920). Камісія распачала запіс добраахвотнікаў у беларускае войска, а таксама набор курсантаў у школы малодшых афіцэраў (падхарунжых)”.

Скобла: “Мне трохі незразумелы гэты хаўрус зь Пілсудзкім. Палякі, якія заўсёды глядзелі на палову Беларусі, як на сваю спрадвечную тэрыторыю, ствараюць беларускае войска… А ці не была гэта хітрасьць Пілсудзкага – ваяваць з бальшавікамі рукамі беларусаў?”

Ляхоўскі: “Пілсудзкі вельмі зьбянтэжыў менскіх палякаў, калі падчас наведваньня Менску ў верасьні 1919 году сказаў, што “гэта ня польскі горад”. Начальнік Польскай дзяржавы разумеў, што чым далей на ўсход, тым больш падтрымка польскіх інтарэсаў на беларускіх землях будзе слабець, а антыпольскія настроі ўзмацняцца.

Ён спадзяваўся, што ў цэнтральнай і ўсходняй частцы Беларусі знойдуцца беларускія палітычныя асяродкі, ляяльныя да Польшчы, якія здолеюць ўтрымаць сытуацыю пад кантролем і ўтвораць нейкую “беларускую аўтаномію” пад апекай Польшчы.

“Беларускае пытаньне” цікавіла Пілсудзкага ў кантэксьце агульнай ваенна-палітычнай сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе. Яго больш турбавала становішча “на флянгах”, гэта значыць, адносіны зь Літвой і Ўкраінай. Калі б літоўцы і ўкраінцы падтрымалі яго фэдэралісцкую канцэпцыю, дык тады й Беларусь магла б атрымаць статус аўтаноміі ці фэдэрацыі, а разам зь ім і права на стварэньне ўласнага войска. Вось з гэтых геапалітычных фактараў фармавалася пазыцыя Пілсудзкага ў справе дазволу на стварэньне беларускіх вайсковых аддзелаў”.

“Устаньма на абарону радзімага краю! Пад штандар Пагоні, у Беларускае войска!”

Скобла: “Наколькі пасьпяхова працавала Вайсковая камісія? Як праходзіла мабілізацыя?”

Ляхоўскі: “Вынікі дзейнасьці Беларускай вайсковай камісіі былі вельмі сьціплымі. Добраахвотнікамі ў Беларускае войска запісаліся ўсяго некалькі сотняў чалавек. У Варшаве й Лодзі дзейнічалі беларускія вайсковыя школы падхарунжых. З адступленьнем палякаў зь Менску ў жніўні 1920 году БВК спачатку перабралася ў Горадню, а пазьней – у Лодзь. Нават у разгар Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе–сьнежні 1920 году БВК фактычна нічым не дапамагла случчакам. У Слуцак ад Камісіі быў накіраваны 21 афіцэр, але ледзь ня ўсе яны разьбегліся, так і не даехаўшы да месца прызначэньня. Засталіся толькі 3 афіцэры, якія і ўвайшлі ў склад штабу Слуцкай брыгады. Пасьля падпісаньня Рыскай мірнай дамовы летам 1921 году БВК была расфармаваная палякамі”.

Скобла: “У 1919 годзе па ўсім Менску віселі ўлёткі: “Устаньма на абарону радзімага краю! Пад штандар Пагоні, у Беларускае войска! Хто дужы і малады – да зброі!” (Адчуваецца рука супрацоўніка БВК паэта Алеся Гаруна.) І што, толькі некалькі сотняў абаронцаў набралася?”

Ляхоўскі: “Прычынаў тут можна назваць некалькі. Адна зь іх – БВК дзейнічала спачатку толькі ў Менску. А тагачасны Менск назваць беларускім горадам можна хіба ўмоўна. Каля 45% яго жыхарства складалі габрэі, было вельмі шмат палякаў і расейцаў. А дзейнічаць на вёсцы, сярод беларускіх сялянаў, кіраўніцтву БВК палякі не дазвалялі. Праўда, мабілізацыйны пункт у 1920 годзе зьявіўся яшчэ і ў Слуцку.

Але ня трэба забывацца й пра нутраныя палітычныя разнагалосьсі ў БВК. Беларускія эсэры выступалі супраць супрацоўніцтва з палякамі й стварылі таемны хаўрус з бальшавікамі, каб змагацца з польскімі акупантамі. Усё гэта паўплывала на практычныя вынікі дзейнасьці БВК”.

“Аддзелы для Беларускага войска фармаваліся ў Румыніі, у Адэсе, на Балтыйскім флёце”

Скобла: “Дзе яшчэ на той час адбываліся спробы стварэньня беларускіх нацыянальных вайсковых фармаваньняў?”

Ляхоўскі: “У лютым 1918 году, паводле загаду выканаўцы абавязкаў камандуючага Румынскага фронту генэрала ад інфантэрыі Шчарбачова, на аснове былога 4-га армейскага корпусу была сфармаваная беларуская брыгада колькасьцю звыш 5 тысяч штыхоў. Яе камісарам быў прызначаны паручнік Тодар Данілюк. Паводле ягоных успамінаў, для адпраўкі ў Менск у распараджэньне Беларускай вайсковай Рады было падрыхтавана 6 эшалёнаў, у якіх налічвалася каля 200 коней, звыш 2000 стрэльбаў, звыш 60 кулямётаў, 12 гарматаў, 10 вагонаў харчу, 8 вагонаў фуражу, 4 вагоны амуніцыіі, багата іншага ваеннага снадзіва. Пад камандаваньнем прапаршчыка Бабіцкага ў беларускую сталіцу праз Кіеў былі адпраўленыя 2 эшалёны. Лёс іх дагэтуль невядомы.

Дэмабілізацыя і бальшавіцкая прапаганда прывялі беларускія палкі на Румынскім фронце да дэмаралізацыі і расфармаваньня паводле загаду румынскага ўраду.

Увесну 1918 году ў Адэсе быў утвораны Беларускі нацыянальны камісарыят. Пры гэтай установе дзейнічала беларуская этапная рота. Старшынём адэскага БНК быў Сьцяпан Некрашэвіч (пазьней – вядомы мовазнаўца), які адначасова выконваў абавязкі консула БНР ў Адэсе ды імкнуўся пашырыць беларускую вайсковую прысутнасьць у горадзе.

Спачатку ён паспрабаваў з парэшткаў Полацкага кадэцкага корпусу, эвакуяванага ў Сумы, арганізаваць беларускую вайсковую вучэльню. Затым Некрашэвіч паспрабаваў дамагчыся ад ангельска-францускага камандаваньня ўтварэньня беларускага батальёну. Калі напаткаў адмову, то з той самай прапановай зьвярнуўся да Галоўнакамандуючага расейскімі добраахвотнымі збройнымі фармаваньнямі, генэрала Антона Дзянікіна. У адказ прыхільнік “адзінай і непадзельнай” загадаў разграміць сядзібу Беларускага нацыянальнага камісарыяту й забараніць дзейнасьць беларускіх культурна-асьветных установаў у Адэсе.

На пачатку студзеня 1919 году пры фінансавай падтрымцы літоўскага ўраду ў Горадні быў сфармаваны Першы беларускі полк. Паводле дадзеных Алега Латышонка, у ягоных шэрагах налічвалася каля 800 вайскоўцаў, у тым ліку кавалерыйскі эскадрон (157 шабляў), кулямётны ўзвод і аддзел грэнадзераў.

Гэтае вайсковае фармаваньне мела ня гэтак ваеннае, колькі палітычнае значэньне. На яго аснове можна было ў пэрспэктыве арганізаваць сапраўдную беларускую армію. Але прыход ў красавіку 1919 году палякаў парушыў гэтыя пляны. Яшчэ 3 траўня, на Дзень польскай канстытуцыі, беларускія й польскія жаўнеры ішлі парадам па цэнтральным пляцы гораду, але ўжо ў сярэдзіне чэрвеня полк быў раззброены й фактычна спыніў сваё існаваньне. Толькі 5-й роце ўдалося перайсьці польска-літоўскую мяжу. На яе аснове быў створаны пазьней беларускі батальён ў складзе Літоўскай краёвай самаабароны”.

“Генэрал Булак-Балаховіч на ролю галоўнакамандуючага не падыходзіў”

Скобла: “Асобная старонка вайсковай гісторыі БНР – дзейнасьць генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Калі б палітычныя абставіны склаліся больш спрыяльна, ці змог бы Булак-Балаховіч стаць на чале Беларускага войска? Як-ніяк, ён быў адным з трох генэралаў, заангажаваных у беларускім руху”.

Ляхоўскі: “Булак-Балаховіч на гэткую ролю не падыходзіў. Нам даўно трэба адысьці ад “гістпартаўскіх” ацэнак супярэчлівай постаці генэрала. Ня трэба яго мазаць адной фарбай: чорнай або белай. Гэта быў чалавек свайго часу, удалы вайсковец, але з выразнымі праявамі банапартызму, нявытрыманасьцю, схільны да авантурызму.

Булак-Балаховіч ня быў той фігурай, якая здолела б аб’яднаць вакол сябе большасьць беларускіх палітычных сілаў. Ён быў прыхільнікам “сялянскага сацыялізму” й пад гэтым лёзунгам імкнуўся знайсьці падтрымку сялянства. Але ён прайграў інфармацыйную вайну бальшавікам яшчэ да пачатку свайго Палескага паходу ў кастрычніку 1920 году. У заходнеэўрапейскіх газэтах пра яго пісалі як пра лютага пагромшчыка і антысэміта, а ў бальшавіцкай прэсе як пра прыхільніка аднаўленьня паншчыны і царызму. А сваіх сродкаў інфармацыі, каб зьняпраўдзіць тыя ці іншыя інсынуацыі, у генэрала не было”.

Мясьнікоў: “Арганізацыя нацыянальнага войска вядзе нас да сэпаратызму й нацыяналізму. Мы супраць”

Скобла: “У тых складаных абставінах 1918-1920 гадоў, ці быў у кіраўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі шанец абараніць абвешчаныя ідэалы?”

Ляхоўскі: “На мой погляд, нам не хапіла літаральна пару месяцаў, каб стварыць хоць некалькі беларускіх палкоў. Калі б бальшавікі прыйшлі да ўлады не ў лістападзе 1917-га, а, напрыклад, у студзені ці ў лютым 1918 году, то мы пасьпелі б стварыць першыя беларускія вайсковыя адзінкі і абараніць сваю Незалежнасьць.

Латышы атрымалі дазвол на стварэньне сваіх вайсковых частак яшчэ ў 1915-м, а ў 1917-м ужо мелі цэлую латыскую дывізію. Эстонцы атрымалі такі дазвол у канцы 1916-га, а першая эстонская дывізія паўстала ўжо на пачатку лістапада 1917 году. Нягледзячы на моцную бальшавізацыю латыскіх і эстонскіх стральцоў, гэтыя вайсковыя фармаваньні ў 1918 годзе склалі аснову нацыянальных збройных сілаў гэтых балцкіх краінаў і абаранілі свой сувэрэнітэт.

Мы тады не пасьпелі гэтага зрабіць. Беларускі вайсковы рух пачаў пашырацца зь лета 1917 году, а ўжо ў лістападзе беларускія вайсковыя камітэты дзейнічалі па ўсіх франтах.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваўся адрыўны купон грашовага пераводу беларусаў-балтыйцаў з ваенна-марской базы на мысе Грамбуд на Аляндзкіх выспах (цяпер тэрыторыя Фінляндыі), якія дасылалі 50 рублёў на карысьць Вялікай Беларускай Рады. На купоне маецца прыпіска: «Праслухаўшы Грамату «Да ўсіх грамадзянаў Беларусі», мы, беларусы-матросы, пасылаем гэтыя грошы й жадаем, каб Вялікая Беларуская Рада ўзяла справу краіны ў свае рукі”.

Ужо была арганізаваная Цэнтральная беларуская вайсковая Рада, а Езавітаў дамогся ад бальшавіцкага “глаўкаверха” Крыленкі дазволу на фармаваньне беларускай Народна-сацыялістычнай гвардыі. І толькі старшыня Аблвыканзаху Мясьнікоў катэгарычна выступіў супраць гэтай ідэі. “Гэта – нацыяналізм, – заявіў ён. – Арганізацыя нацыянальных войскаў вядзе нас на шлях сэпаратызму й нацыяналізму. Мы выказваемся супраць”. Паўтаруся – нам не хапіла паўтара-два месяцы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG