Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Страсбуры працягваецца беларускі тыдзень у Эўрапейскім парлямэнце.


На пасяджэньні групы Эўрапейскай народнай партыі "Эўрапейскія дэмакраты" - найбуйнейшай фракцыі ў Эўрапарлямэнце, дэпутаты заслухалі інфармацыю пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, пра становішча з правамі чалавека і СМІ.
Дэпутатаў цікавілі выпадкі адлічэньня студэнтаў з ВНУ, прызыву іх у войска.

Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі, у прыватнасьці, Аляксандар Мілінкевіч, казалі пра неабходнасьць зьменшыць кошт візаў для грамадзян Беларусі ў краіны Шэнгэнскай зоны.

Ідэя правядзеньня "беларускага тыдня" у Эўрапарлямэнце належала намесьніку старшыні БНФ Вінцуку Вячорку. Вось што ён распавёў нашаму радыё.

“Яшчэ ў студзені сёлета я напісаў адпаведныя лісты прэзыдэнту Эўрапарлямэнту Гансу-Гердту Пётэрынгу і новаабранаму старшыню дэлегацыі дзеля сувязяў зь Беларусьсю Яцку Пратасэвічу. Абодва паставіліся вельмі пазытыўна, да арганізацыі была падлучаная фракцыя Эўрапейскай народнай партыі, і справа пайшла наперад. Скажу таксама, што яна была падтрыманая Міжнародным рэспубліканскім інстытутам ЗША.

Гэта беспрэцэдэнтная і для беларускіх незалежніцкіх сілаў, і для Эўрапейскага парлямэнту акцыя. Упершыню такі шырокіх спэктар беларускіх палітычных лідэраў, грамадзкіх лідэраў, творчых людзей, сабраліся супольна са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай у Эўрапарлямэнце.

Ранг сустрэчаў засьведчыла прысутнасьць і выступы прэзыдэнта Эўрапарлямэнту Ганса-Гердта Пётэрынга, эўракамісаркі, адказнай за вонкавыя дачыненьні, Бэніты Фэрэры-Вальднэр, кіраўнікоў фракцыі Эўрапейская народная партыя і камітэту міжнародных дачыненьняў Эўрапейскага парлямэнту.

У нас адбываюцца палітычныя сустрэчы, творчыя падзеі, сярод якіх - адкрыцьцё беларускай выставы жывапісу Аляксея і Ігара Марачкіных, канцэрт беларускай музыкі розных жанраў, увасоблены талентам Зьміцера Вайцюшкевіча.

Адбываюцца таксама грамадзкія дыскусіі на тэму прыналежнасьці Беларусі да Эўропы і яе шанцаў паўнацэнна вярнуцца ў эўрапейскую палітычную і цывілізацыйную прастору. І адбываецца ўсё гэта пад нашым нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам.

Я думаю, што ўжо сёньня можна сказаць і пра беспрэцэдэнтнасьць гэтай падзеі і пра тое, што яна павінна паўплываць на кансалідацыю беларускага грамадзтва вакол ідэалаў беларускай незалежнасьці, і на пазыцыю задзіночанай Эўропы ў справе абароны нашай незалежнасьці і шанцаў аднавіць свабоду".

Дэпутаты Эўрапарлямэнту абмеркавалі зь беларускімі палітычнымі лідэрамі сытуацыю напярэдадні выбараў у палату прадстаўнікоў.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG