Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДАІшнікі павінны за гэта адказваць перад судом...”


Грамадзяне, якія зьвярнуліся ў Пракуратуру, сьцьвярджаюць, што міліцыянты, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу, стварылі “жывы шчыт” з іх аўтамабіляў, з-за чаго яны ледзь не загінулі. Наш карэспандэнт прасіў гарадзенскіх кіроўцаў пракамэнтаваць гэтую сытуацыю


Увечары 2 сакавіка на 8-м кілямэтры дарогі Менск — Мікашэвічы адбылася аварыя. Каб спыніць п'янага кіроўцу, які нёсься па трасе з хуткасьцю 180 км/г і 40 хвілінаў уцякаў ад міліцыянтаў са Слуцку ў кірунку сталіцы, інспэктары ДАІ перагарадзілі дарогу легкавымі аўтамабілямі, не высадзіўшы адтуль людзей і не папярэдзіўшы іх, дзеля чаго гэта робіцца. Парушальнік не спыніўся, а на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў адзін з аўтамабіляў і зачапіў другі. У аўтамабілі, на які прыйшоўся самы моцны ўдар, знаходзілася трохгадовае дзіця. Наш карэспандэнт прасіў гарадзенскіх кіроўцаў пракамэнтаваць гэтую сытуацыю.

Спадар: “Я б пракамэнтаваў гэта як злачынства. Як можна было паставіць шчытом жывых людзей, чужыя аўто... Я папросту такога не разумею”.

Першы кіроўца таксі: “Ёсьць жа спэцсродкі дзеля гэтага, а навошта выкарыстоўваць прыватную маёмасьць і жывых людзей?”

Другі кіроўца таксі: “Не павінны былі ставіць пад небясьпеку жыцьці людзей”.

Першы кіроўца таксі: “У іх праца непасрэдна датычыць бясьпекі ўсіх удзельнікаў руху. Гэтая служба дзеля гэтага й існуе, і мы павінны зьвяртацца да іх па дапамогу, а не баяцца іх”.

Другі кіроўца таксі: “Калі яны ўжо і хацелі загарадзіць дарогу, хай бы хоць людзей папярэдзілі і высадзілі. Ну, навошта людзей ставіць пад небясьпеку...”

Першы кіроўца таксі: “Вось паглядзіце, у Нямеччыне, Галяндыі альбо ў той жа Польшчы да супрацоўнікаў ДАІ зьвяртаесься па дапамогу, а тут толькі баісься, каб яны цябе не спынілі”.

Спадар: “Я ў палітыку ня лезу”.

Карэспандэнт: “Дык гэта ж толькі правілы дарожнага руху...”

Спадар: “Што ў нас паўсюль бяспраўе, і так добра відаць...”

Спадар: “Паглядзіце, калі па тэлебачаньні паказваюць амэрыканскіх ДАІшнікаў, як яны на сваіх аўто спыняюць п’яных кіроўцаў, сьпіхваюць іх з дарогі. А тут нашы... гэта зусім некарэктна ў адносінах і да кіроўцаў, і да пасажыраў, якія пацярпелі”.

Спадар: “У мяне нават няма слоў. Зразумела, ДАІшнікі зрабілі вельмі дрэнна. Ім усяго толькі трэба было пакласьці на дарогу стужку з шыпамі й спыніць машыну. Дый людзей трэба было папярэдзіць. Я іх паводзіны асуджаю. Бачыце, яны свае машыны схавалі, а людзей паставілі, рызыкавалі іх жыцьцём...”

Спадар: “Я лічу, што з боку “гаёвых” гэта зроблена няправільна. Наагул, нельга так рабіць. І чаму яны паставілі аўта людзей, хай бы хоць дзяржаўныя машыны паставілі. Ды проста падставілі людзей. Ну, атрымаюць яны свае страхоўкі: ну й што? А людзі шок перажылі, а магло б скончыцца яшчэ горш... ДАІшнікі павінны за гэта адказваць”.

Спадар: “ДАІ павінны ўжываць іншыя захады, каб спыняць такія сытуацыі, а ня браць людзей з дарогі... Яны павінны за гэта несьці адказнасьць. Людзям трэба падаваць на іх у суд”.

XS
SM
MD
LG