Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З ініцыятывы праваабарончай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў” і пры спрыяньні ЮНЭСКА 12 сакавіка ўпершыню ў гісторыі абвешчана Днём свабоды слова ў інтэрнэце


З гэтай нагоды праваабаронцы пачынаюць праект “24 гадзіны супраць цэнзуры”, дзеля чаго запрашаюць карыстальнікаў цягам дня заходзіць на сайт www.rsf.org, каб супольна выступіць супраць цэнзуры, якой злоўжываюць урады асобных краінаў, і запатрабаваць большых правоў у сеціве. У апошнія гады месца ў сьпісе “ворагаў інтэрнэту” стала займае і Беларусь.

Як паведамляюць “Рэпартэры бязь межаў”, цяпер па ўсім сьвеце за кратамі знаходзіцца больш за шэсьць дзясяткаў “інтэрнэт-дысыдэнтаў”. Самай вялікай “турмой” для інтэрнэт-карыстальнікаў і блогераў застаецца Кітай. Сярод рэжымаў, якія актыўна супрацьстаяць разьвіцьцю інтэрнэт-прасторы, — Паўночная Карэя, Куба, Бірма, Віетнам, а таксама шэраг афрыканскіх дзяржаваў. На тэрыторыі былога СССР самым непрымірымым ворагам інтэрнэту застаецца Туркмэністан. Кампанію яму неўзабаве можа скласьці і Беларусь, дзе таксама ёсьць людзі, асуджаныя за інтэрнэт-публікацыі.

Палітык Андрэй Клімаў быў зьняволены за публікацыі на сайце Аб'яднанай грамадзянскай партыі — суд убачыў у ягоных артыкулах заклікі да зьмены ўлады. Трапіў у турму і былы намесьнік рэдактара газэты “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў, які “пазычыў” у інтэрнэце для свайго выданьня скандальныя карыкатуры на прарока Мухамада. Шмат хто з журналістаў перакананы: традыцыйныя спосабы змаганьня з друкаванымі СМІ ўлады намагаюцца перанесьці і ў віртуальную прастору. Месяц таму на адкрыцьці кніжнай выставы міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч запэўніў: у Беларусі будзе закон “Аб інтэрнэце”, а рэгістравацца будуць ня толькі інфармацыйныя рэсурсы, а нават інтэрнэт-вэрсіі выданьняў. Спэцыяльная міжведамасная група ўжо пачала вывучэньне досьведу замежных краін у гэтым пытаньні.

Як кажуць экспэрты, калі за ўзор будзе ўзяты прыклад Кітаю, то нічога добрага інтэрнэт-супольнасьці гэта не прынясе. Заснавальнікі незалежных рэсурсаў кажуць, што кітайскі досьвед блякаваньня сайтаў выкарыстоўваецца падчас масавых акцый апазыцыі, калі зайсьці на апазыцыйныя старонкі можна толькі абходнымі шляхамі. Сыстэмны адміністратар адной зь няўрадавых арганізацый кажа, што тэхнічны арсэнал цэнзараў увесь час удасканальваецца:

“Нам абавязкова трэба вырашыць істотны тэхнічны нюанс, бо цяпер самы распаўсюджаны мэханізм змаганьня з сайтамі і карыстальнікамі, якія недаспадобы ўладам, — гэта DOS-атака. Нават зусім нядаўна нас праз нашых правайдэраў так “досілі” капітальна, што не вытрымлівала апаратура. “БелПАК” ці “Белтэлекам” — хто там у нас большы ў асяродку інтэрнэт-правайдэраў манапаліст — увогуле перакрываў доступ на сайты. Нас “разбамбілі” па максымуме”.

Спэцыялісты адзначаюць, што існаваньне ў Беларусі манаполіі на рынку інтэрнэт-паслугаў нэгатыўна адбіваецца на канчатковым карыстальніку. Гэта ня толькі робіць інтэрнэт даражэйшым у параўнаньні з астатнімі краінамі сьвету, але і дазваляе блякаваць працу сайтаў. Апроч таго, як кажа старшыня Рады дырэктараў парталу TUT.by Юры Зісэр, у такой сытуацыі вельмі марудна разьвіваюцца новыя перадавыя тэхналёгіі:

“Сытуацыя такая складаецца з-за таго, што “Белтэлекам” у нас — манапаліст. Увогуле сытуацыя абсалютная тая ж, што і з “Белавія”, які манапаліст у паветры, а таму кошты неадэкватныя. Манапалізм — гэта заўсёды дрэнна”.

Супрацоўніца групы інфармацыі і камунікацый прадпрыемства “Белтэлекам” Марыя Базулька кажа, што іхнае ведамства ніякай адказнасьці за чыесьці праблемы ў інтэрнэце не нясе:

“Ня так усё проста. У нас таксама ёсьць арганізацыя, якой мы, у сваю чаргу, падпарадкоўваемся. То бок не такія мы з норавам манапалісты, якія нібыта што хочуць, тое і робяць. Ёсьць Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, якое дыктуе нам зьверху, што нам рабіць, а што не. А мы адзінае, чым займаемся — гэта забясьпечваем паслугі”.

XS
SM
MD
LG