Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нам лекі няма за што купіць, а вы па “Свабодзе” гістарычныя лекцыі чытаеце...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 12 сакавіка 2008 году


Для сёньняшняй размовы я выбраў з пошты апошніх тыдняў лісты, у якіх слухачы “Свабоды” распавядаюць пра свае штодзённыя клопаты, пра тое, як зьмяняецца жыцьцё ў іх вёсках і мястэчках.

Пачну агляд з тэмы, якая на працягу мінулых месяцаў ня раз гучала на хвалях “Свабоды”. Улада, імкнучыся атрымаць больш жорсткі кантроль над прыватным бізнэсам, увяла шматлікія абмежаваньні супраць дробных прадпрымальнікаў. На пачатку году гэта выклікала масавыя пратэсты, якія, зрэшты, не паўплывалі на пазыцыю ўлады.

І вось людзі адчулі першыя наступствы гэтага канфлікту. Прынамсі, ён ужо адбіўся на побыце вясковых жыхароў. Пра гэта паведамляе ў сваім новым лісьце на “Свабоду” наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Раней па вёсках нярэдка езьдзілі прыватныя камэрсанты: машына за машынай. А цяпер вясковыя жыхары засталіся сам-насам са спажыўкаапэрацыяй. Ежце, людзі, той хлеб, які прывязуць два разы на тыдзень. Спажывайце тую хамсу ці селядзец, якога і сабакі ня хочуць есьці.

Вось нядаўна ў Макранах зачынілася прыватная крама “Церамок”. Каму ад гэтага стала лепш? Больш стала беспрацоўных, меней тавару на рынках. Няма ўжо таго выбару, як раней. Было так: патэлефанаваў — і табе прывезьлі пад вакно хаты тое, што замовіў. А цяпер па-іншаму.

Прапаганда хваліцца: паднімуць пэнсію на 6 працэнтаў. Ну, і паднялі: інваліды 3 групы пачалі атрымліваць на 1 250 рублёў болей — на адзін бохан хлеба хопіць. Вялікая ласка. А цэны тым часам падскочылі так, што не дагоніш”,


— напісаў у сваім лісьце Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Ува што ператвараецца гандаль, калі дзяржава скасоўвае канкурэнцыю, былыя савецкія грамадзяне добра памятаюць. Спажывецкая каапэрацыя савецкага ўзору, якая валодала манапольным правам гандлю на вёсцы, у гэтым сэнсе — асабліва яркі прыклад. Яна вылучалася нават на тле ненавязьлівага дзяржаўнага гандлю — тым, што асартымэнт у вясковых крамах заўсёды быў бяднейшы, а цэны — значна вышэйшыя, чым у дзяржаўных крамах у горадзе. Калі зь вёсак зусім зьнікнуць прыватныя гандляры, тая паўзабытая савецкая рэальнасьць можа вельмі хутка вярнуцца.

Аўтар наступнага ліста — Ян Федаровіч зь вёскі Пазянята Івейскага раёну.Ён паведамляе пра свае цяжкія ўмовы жыцьця і пра намер зьехаць зь Беларусі.

“Апынуўся я ў безвыходнай сытуацыі, — піша слухач. — Няма для мяне ў Беларусі ніякай працы, каб выжыць. Пакуль выжываем з мамай, якая слабая і хворая. Жывем на яе пэнсію — 160 тысяч рублёў. Калі мама адыдзе ў вечнасьць, дык мне давядзецца памерці з голаду і холаду.

Таму я вымушаны прасіць дапамогі і прытулку за мяжой. Зьвяртаюся да ўладаў Нямеччыны. Можа, яны выдалі б для мяне якое-небудзь невялікае жытло, а я б там уладкаваўся на працу. Беларускі закон я ніколі не парушаў, пад судом ня быў. Мне 33 гады, уласнай сям’і ня маю”,


— напісаў Ян Федаровіч зь вёскі Пазянята Івейскага раёну.

Дзе б вы ні жылі, спадар Федаровіч, у свае 33 гады вы ня маеце маральнага права быць на ўтрыманьні ў старэнькай і хворай маці зь яе мізэрнай пэнсіяй. У беларускай вёсцы, сапраўды, цяжка з працай. (Калі дакладней, працы багата, ды толькі заробкі ў большасьці калгасаў надта нізкія). Але ў кожным разе сытуацыя зусім не такая, каб працаздольны мужчына 33 гадоў паміраў ад голаду і холаду. Вядома, у тым выпадку, калі ён сам прыкладае хоць якія-небудзь намаганьні дзеля ўладкаваньня ўласнага жыцьця.

Дарэчы, і дзеля таго, каб знайсьці добрую працу за мяжой, патрэбныя немалыя высілкі — працавітасьць, настойлівасьць і актыўнасьць. Напрыклад, суседнія Польшча і Літва ахвотна бяруць на працу беларускіх будаўнікоў — муляраў, бэтоншчыкаў, тынкоўшчыкаў. Заробкі — каля тысячы эўра за месяц. Але, натуральна, ім патрэбны работнікі працавітыя і цьвярозыя. А запрашаць да сябе і ўладкоўваць утрыманцаў ніводная дзяржава ня будзе.

З заўвагамі і прапановамі зьвяртаецца ў сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Гапуноў з пасёлку Летцы Віцебскага раёну. Ён піша:

“Па “Свабодзе” цікава слухаць найперш пра жыцьцё простых людзей. Напрыклад, вашы карэспандэнты езьдзяць па вёсках, сустракаюцца з жыхарамі, расказваюць, якія зьмены там адбываюцца. Такое слухаць заўсёды ахвота. А вось Міхась Скобла нам расказвае, што было ў 13 стагодзьдзі, пра герб “Пагоня”. Міхась, мой бацька — інвалід 3 групы, “чарнобылец”. У яго ў роце — ніводнага зуба (такое наступства хваробы). У яго і ў такіх, як ён, улада нядаўна адабрала ўсе льготы. Цяпер вось зьбіраюцца будаваць новую атамную электрастанцыю. Ня дай Бог, што-небудзь здарыцца — хто будзе тушыць атамны пажар? Моладзь, якая бачыць, як улада абышлася зь “ліквідатарамі”, туды не паедзе. Давядзецца ехаць чыноўнікам ды іхнім дзецям.

Нам сёньня лекі няма за што купіць, а вы па “Свабодзе” гістарычныя лекцыі чытаеце.

Гэтак жа і Тацяна Поклад доўга расказвае нам, як хораша жывецца людзям у Канадзе. Мы што, паедзем туды? У нас няма грошай нават да Менску даехаць, а вы нам — пра Канаду.

Не крыўдуйце, спадар Жданко, на крытыку, але напісаў я так, як думаю”,


— гэта была цытата зь ліста Васіля Гапунова з пасёлку Летцы Віцебскага раёну.

Так, спадар Гапуноў, большасьць нашых слухачоў найперш чакае ад “Свабоды” актуальных навінаў і паведамленьняў пра падзеі ў Беларусі. Але нямала і тых, хто цікавіцца гістарычнымі і культурнымі праграмамі, жыцьцём беларускай дыяспары за межамі Бацькаўшчыны. Мы павінны ўлічваць пажаданьні і зацікаўленьні і гэтай часткі нашай аўдыторыі.

Пра набліжэньне 90-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі і пра сучасны каляндар палітычных сьвятаў Беларусі разважае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” Юрась Навіцкі зь Менску. Ён піша:

“Няшмат часу мінула з 23 лютага, калі краіна сьвяткавала Дзень абаронцаў Айчыны. Калі адкінуць тагачасную перамогу расейскай “белай” арміі над чырвонагвардзейцамі пад Псковам, то што іншае маглі сьвяткаваць беларусы, як не стварэньне Беларускай Краёвай Абароны? Я, зразумела, ня маю на ўвазе тую частку насельніцтва, якой усё роўна, што сьвяткаваць — абы напіцца таннага віна з рамантычнымі назвамі кшталту “Родны кут” альбо “Дваранскае”. Але ж добра ўжо й тое, што адмовіліся хаця б ад сьвяткаваньня Дня савецкай арміі. Бо ў сапраўднасьці ў гісторыі былі зусім іншыя абаронцы Айчыны. Пра гэта сьведчаць, у прыватнасьці, героі дакумэнтальнага фільму пра антысавецкі супраціў, што прэзэнтаваўся днямі ў Менску.

Паводле некаторых крыніцаў, у апошнюю вайну ў палон да немцаў здаліся больш за чатыры з паловай мільёны чырвонаармейцаў. А вось насельніцтва Беларусі збольшага падзялілася на дзьве паловы: адна дапамагала фашыстам зьнішчаць камуністаў, а другая — наадварот, дапамагала апошнім перамагаць першых. Зразумела, гэткім чынам яны меліся бараніць сваю радзіму і ад тых, і ад другіх”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Юрась Навіцкі зь Менску.

Спрэчная выснова, спадар Навіцкі. Падчас акупацыі большая частка насельніцтва ня надта імкнулася ні да фашыстаў у паліцыю, ні да камуністаў у партызаны. Людзі выдатна разумелі, чым пагражае такое супрацоўніцтва ім самім і іхным сем’ям. Таму стараліся адмежавацца і ад адных, і ад другіх. Іншая справа, што многія былі пастаўленыя ў такую сытуацыю, калі выбару фактычна не заставалася.

Што да дня 23 лютага, то, як бы гэтае сьвята ні пераназывалі, усё адно ягоная першапачатковая сутнасьць застаецца нязьменнай. Заснавана яно камуністычным рэжымам у гонар падзеяў 1918 году, калі новаствораныя атрады Чырвонай арміі правялі некалькі малазначных сутычак пад Псковам і Нарвай з войскамі кайзэраўскай Нямеччыны. Да Беларусі тыя падзеі мелі мала дачыненьня: фактычна ўся яе тэрыторыя на той час была акупаваная.

На заканчэньне — кароткі фрагмэнт зь ліста Віктара Кляноўскага з пасёлку Друя Браслаўскага раёну — пра тое, хто варты ўзначальваць беларускую дзяржаву. Слухач піша:

“Вельмі хацелася б, каб наступным прэзыдэнтам Беларусі стала жанчына. Узначальвае ж Нямеччыну Ангела Меркель. Дый у Злучаных Штатах Амэрыкі Хілары Клінтан сур’ёзна прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта. А прыстойныя і разумныя палітыкі сярод мужчынаў, здаецца, у Беларусі перавяліся.

Апошнім часам я распаўсюдзіў нямала каляндарыкаў з рэклямай Радыё Свабода: раздаў амаль усе. Але ўпэўніўся, як цяжка працаваць з нашымі цёмнымі людзьмі. Лічу, галоўнае, каб усе ў нас усьвядомілі, што “бацькі” і “маткі” прыходзяць і сыходзяць, а Беларусь — застаецца”,


— напісаў Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну.

Дзякуй, спадар Кляноўскі, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG