Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэр пагражаў прэзыдэнту, пазваніўшы ў міліцыю


Сёньня ў Завадзкім раённым судзе Менску павінны разглядаць справу абвінавачанага ў хуліганстве пэнсіянэра Віктара Ракусевіча.



Паводле пратаколу міліцыі, спадар Ракусевіч лаяўся ды пагражаў фізычнай расправай Аляксандру Лукашэнку і чальцам ягонай сям’і.

Гэта здарылася 17-га лютага. Дзяжурны Завадзкога райаддзелу міліцыі падняў слухаўку службовага тэлефона і пачуў брыдкаслоўе. Чалавек абражаў не міліцыянта, а прэзыдэнта краіны. Гнеў і лаянка былі выкліканы адменай ільготаў для пэнсіянэраў.

У канцы размовы чалавек нібыта выказаў пагрозы на адрас Аляксандра Лукашэнкі і ягонае сям’і. Гэтак запісана ў міліцэйскім пратаколе, складзеным праз некалькі гадзінаў на менскага пэнсіянэра Віктара Ракусевіча. А так гэта ці не? Жонка абвінавачанага Галіна Ракусевіч:

“Ня ведаю, што ён тлумачыць. Мяне дома не было, я была на дзяжурстве. Ён мне патэлефанаваў і кажа, што міліцыянты прыехалі, і ў цывільным, і падпалкоўнікі, і сьведак набралі. Карацей, ня ведаю”.

Тлумачэньні Віктара Ракусевіча на наступны дзень пасьля інцыдэнту выглядалі так: “Быў нецьвярозы, нічога не памятаю, магчыма, з майго тэлефону пазваніў які знаёмы – іх да мяне ходзіць нямала”.

Спраўдзіць гэтыя тлумачэньні ўчора мне не ўдалося. Віктар Ракусевіч адмовіўся ад размовы, спаслаўшыся на галаўны боль. Галіна Ракусевіч патлумачыла: два гады таму з мужам не працягнулі кантракт на трактарным заводзе, і цяпер ў яго кожны дзень такі…

Міліцыя кваліфікуе ўчынак пэнсіянэра як дробнае хуліганства, за што суд карае штрафам да мільёна рублёў альбо арыштам да 20 сутак.

У Беларусі ўжо вядомыя выпадкі, калі людзей саджалі ў турму за словы, якія суд палічыў пагрозамі на адрас Аляксандра Лукашэнкі. За гэта ў канцы 90-х гадоў адбыў год за кратамі паэт Славамір Адамовіч. Ягоны верш “Забі прэзыдэнта” суд палічыў пагрозай на адрас кіраўніка дзяржавы. Паэт даказваў, што выкарыстаў паэтычную мэтафару і ня меў на ўвазе пэўную асобу. Прысуд Славаміру Адамовічу пазьней зьмянілі.

Ці магчыма, што ўлады даруюць выказаныя пагрозы? Юрыст Уладзімер Лабковіч заўважае: ва ўсім сьвеце спэцслужбы высьвятляюць асобы тых, хто публічна пагражае дзяржаўным дзеячам. Але адначасова трэба ўлічваць усе абставіны.

“Усё ж трэба зьвяртаць ўвагу і на нашу сытуацыю. Трэба разумець пазыцыю гэтага чалавека, які быў у пэўным псыхічным стане, бо ягоны матэрыяльны стан пагоршыўся з-за адмены ільготаў. Мяркую, насамрэч ён небясьпекі не нясе”.


Месяц таму здарыўся яшчэ адзін падобны інцыдэнт. У прамы эфір тэлеканалу СТВ пазваніў чалавек, які сказаў, што марыць пра зброю і зьвязаў гэтую мару з асобай высокага чыноўніка. Вядома, беларускія спэцслужбы яго хутка знайшлі. Паведамлялася, што цяпер вядзецца праверка абставінаў справы.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG