Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу пра стан правоў чалавека ў розных краінах сьвету ў мінулым годзе


Разьдзел, які тычыцца Беларусі, распавядае пра шматлікія парушэньні правоў чалавека ў краіне.

Ва ўводнай частцы справаздачы падкрэсьлена, што ўрад Лукашэнкі абмяжоўвае свабоду слова, аб’яднаньняў і рэлігіі. Дэмакратычныя актывісты перасьледуюцца паводле палітычных матываў.

Адзін з супернікаў Лукашэнкі на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Казулін застаецца за кратамі. У студзені 2007 году Лукашэнка ўмацаваў сваю ўладу празь мясцовыя выбары, якія не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратыю.

ААН у 2007 годзе прыняла рэзалюцыю з асуджэньнем парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і заклікала да вызваленьня палітычных вязьняў.

Ва ўводнай частцы беларускага разьдзелу гаворыцца, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка сыстэматычна падаўляе дэмакратычныя інстытуты і канцэнтруе ўладу ў сваіх руках шляхам аўтарытарных мераў, зманіпуляваных выбараў і адвольных дэкрэтаў, якія парушаюць вяршэнства закону.

Дзярждэпартамэнт адзначае, што беларускія ўлады працягваюць ігнараваць рэкамэндацыі шматлікіх міжнародных арганізацыяў па паляпшэньні выбарчага працэсу і выкананьня правоў чалавека.

Дрэнныя ўмовы для вязьняў, жосткае абыходжаньне

Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі згрупаваныя ў справаздачы па разьдзелах. У прыватнасьці, у разьдзеле “Жорсткае абыходжаньне”, прыгадваецца зьбіцьцё Алеся Каліты, Тацяны Цішкевіч і Зьмітра Хведарука, а таксама псыхіятрычная шпіталізацыя Крысьціны Шацікавай.

Што тычыцца ўмоваў у месцах часовага ўтрыманьня, у справаздачы дзярждэпартамэнту прыводзіцца ацэнка Лэйлы Зэрогуі, кіраўнічкі адмысловай групы ААН, паводле якой гэтыя ўмовы ў Беларусі горшыя, чым у месцах зьняволеньня.

Асобны разьдзел прысьвечаны судаводзтву. У ім, у прыватнасьці, прыводзіцца прыклад суду над Андрэем Клімавым, падчас якога абвінавачваньне рабіла ціск на сям’ю абвінавачанага, і ў выніку пра самы факт суду стала вядома празь некалькі дзён пасьля яго завяршэньня.

Адзначаецца таксама адмова Вярхоўнага суду і камісіі вызваліць паводле памілаваньня Аляксандра Казуліна. Разам з тым пералічваюцца выпадкі вызваленьня палітвязьняў Івана Крука, Кацярыны Садоўскай, Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца.

Пазовы супраць незалежных газэт і выключэньні з ВНУ

Што тычыцца свабоды слова, то ў справаздачы пералічваецца больш за тузін недзяржаўных газэт, адносна якіх працягвае дзейнічаць адмова ў дзяржаўнай падпісцы і распаўсюдзе.

Адзначаюцца таксама палітычна матываваныя судовыя працэсы, ініцыяваныя супрацоўнікам адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім і сябрам Савету Рэспублікі Мікалаем Чаргінцом супраць газэты “Народная воля”.

У якасьці прыкладу абмежаваньняў свабоды слова ў Інтэрнэце называецца блякаваньне грамадзка-палітычных сайтаў падчас Маршу свабоды ў Дзень Волі.

Паводле справаздачы, на працягу 2007 году прынамсі 20 студэнтаў былі выключаныя з ВНУ за палітычную дзейнасьць. У якасьці прыкладу прыводзіцца справа Юрыя Алейніка, выключанага з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце.

У разьдзеле, прысьвечаным свабодзе асацыяцый, прыгадваецца двухразовая адмова ў рэгістрацыі руху “За Свабоду”, кіраванаму Аляксандрам Мілінкевічам, а таксама адмова ў рэгістрацыі “Маладому Фронту” і праваабарончай арганізацыі “Вясна”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG