Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры ў Эўрапарлямэнце пачаўся тыдзень Беларусі з удзелам беларускіх палітыкаў.


У Страсбур запрошаныя старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, былы сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, а таксама Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Мікола Статкевіч, Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, старшыня БАЖу Жана Літвіна, дачка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Вольга.

У праграме тыдня – сустрэчы з кіраўніцтвам Эўрапарлямэнту, абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі.

Я папрасіў дэпутата Эўрапарлямэнту, старшыню камісіі ЭП у справе дачыненьняў зь Беларусьсю Яцэка Пратасевіча ацаніць значнасьць гэтых падзеяў.

Пратасевіч: Я хачу сказаць, што нам вельмі залежыць на тым, каб у 90-тыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі тут у Эўрапейскім Парлямэнце ў Страсбуры, па-першае, усьвядоміць дэпутатам, асабліва заходнім, што незалежнасьці Беларусі ня некалькі гадоў, а ўжо амаль 100; што беларусы як адзін зь першых эўрапейскіх народаў пасьля (першай сусьветнай) вайны абвясьцілі незалежнасьць, і што традыцыя незалежнай Беларусі трывала гадамі ў форме Рады БНР на чужыне. Па-другое, мы таксама хочам зьвярнуць увагу на сучасную сытуацыю ў Беларусі, дзе пастаянна парушаецца дэмакратыя, не шануюцца правы чалавека, а беларускія грамадзяне ня маюць магчымасьці свабодна выказваць свае пагляды і ўдзельнічаць у публічным жыцьці. І гэта галоўная мэта гэтых сьвяткаваньняў, якія прыцягнулі так шматлікіх прадстаўнікоў палітычных і іншых беларускіх асяродзьдзяў з самой Беларусі і з-за мяжы.

Сваімі ўражаньнямі ад сустрэчаў у Страсбуры дзеліцца старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла:

Сурвіла: “Я хацела б сказаць, да якой ступені я цешуся, што мы нарэшце маем у Эўропе і ў сьвеце такіх прыяцеляў. Каб мы мелі такіх у 1918 годзе, магчыма, наш лёс быў бы зусім інакшы. Цяпер Эўропа ведае пра нас, Эўропа клапоціцца пра нас, таксама і Амэрыка, і я веру, што ў хуткім часе мы станемся той краінай, аб якой мы ўсе марым”.

Акрамя палітычных спатканьняў удзельнікаў гэтага тыдня чакае культурніцкая праграма: фільм Юрыя Хашчавацкага і Ўладзімера Арлова пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, выстава твораў мастакоў Аляксея Марачкіна і Рыгора Сітніцы і фотамастака Ігара Красеўскага.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG