Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Колькі выбарчых сьпісаў будзе ў дэмакратаў?


Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі сфармавалі адзіны сьпіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.


Вызначаны 110 асобаў (адпаведна колькасьцi выбарчых акругаў), якія будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі як прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Аднак у гэты сьпіс не ўвайшлі многія вядомыя палітыкі, якія зьбіраюцца балятавацца па-за межамі адзінага сьпісу.

Для канчатковага фармаваньня сьпісу ў некалькіх акругах давялося нават праводзіць мясцовыя праймарыз. Ніхто з прэтэндэнтаў не хацеў саступаць, тлумачыць сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька:

“Быў прад’яўлены моцны людзкі патэнцыял. Прыкладам, у Барысаве 190 чалавек пісьмова пацьвердзілі, што будуць працаваць у камандзе лідэра прадпрымальнікаў Гарбачова. Пад 130 чалавек гатовыя працаваць на ягонага канкурэнта — Пахабава. Больш за 160 чалавек у камандзе кіраўніка Берасьцейскай арганізацыі Партыі БНФ Шыманскага, які перамог дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Майструка”.

Аднак некаторыя вядомыя палітыкі, сярод якіх, прыкладам, Сяргей Скрабец, Уладзімер Нісьцюк, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Навасяд ды іншыя, зьбіраюцца балятавацца па-за межамі адзінага сьпісу, а магчыма, і складаць яшчэ адзін сьпіс. Спадар Нісьцюк так тлумачыць сваё рашэньне:

“Палітычная дзейнасьць апазыцыі мне бачыцца як дэжавю. Гэта ўсё ўжо было. І стваралі адзіны сьпіс, і стваралі адзінага кандыдата. Але адзінства так ніколі і не было.

У палітычных партыяў няма той моцы, той магутнасьці, на якія можна было б разьлічваць, калі ты ідзеш на выбары. Гэта ўсё — больш віртуальная палітыка. Гэта размова на ўзроўні: тра-та-та”.

Анатоль Лябедзька кажа, што гатовы спрачацца з такім падыходам. Але галоўнае, на ягоную думку, у іншым — наяўнасьць адзінага сьпісу не выключае ўдзелу ў выбарах і іншых прэтэндэнтаў:

“Таму, безумоўна, у акругах можа быць некалькі людзей, якія будуць прадстаўляць сябе як дэмакратычныя. Але мы будзем рабіць акцэнт на так званую чорна-белую сытуацыю ў выбарчай кампаніі — гэта значыць, ёсьць сьпіс Лукашэнкі і ёсьць сьпіс АДС.

Людзі з адзінага сьпісу, вядома, ня будуць супернічаць з дэмакратычнымі кандыдатамі. Яны будуць канкураваць са сьпісамі Лукашэнкі. Вось тут і будзе ісьці барацьба дзьвюх каманд, двух сьпісаў. Усё астатняе — гэта проста адценьні, але ня два выразныя колеры”.

Палітоляг Уладзімер Роўда лічыць, што беларускай апазыцыі цяпер як ніколі патрэбна адзінства. Таму пра асабістыя амбіцыі патрэбна забыцца, цьвердзіць палітоляг:

“Трэба дамаўляцца, трэба ісьці адной камандай. Трэба зрабіць усё, каб насельніцтва ўяўляла сабе апазыцыю адзінай сілай. Сьпіс АДС найбольш легітымны, бо ў ім прадстаўленыя асноўныя палітычныя сілы, якія належаць да апазыцыі.

А ўся самадзейнасьць са стварэньнем другога, трэцяга сьпісу — толькі на карысьць Лукашэнку. Гэта абсалютна відавочна”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG