Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі чыноўнікі разумныя, дык чаму ў заняпадзе эканоміка?!”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 11 сакавіка.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Афіцыйны Менск адклікаў свайго амбасадара ў Вашынгтоне ў зьвязку з дыпляматычным канфліктам паміж Беларусьсю і ЗША. Спрэчкі зьвязаны з новымі санкцыямі, уведзенымі Злучанымі Штатамі адносна канцэрну “Белнафтахім”. Камэнтары слухачоў:

Спадар Віктар: “Наконт лукашэнкаўска-амэрыканскага канфлікту. Я мяркую, што ЗША адклічуць амбасадара, затым адклічуць сваіх амбасадараў усе дэмакратычныя краіны, якія прытрымліваюцца правоў чалавека. І “айцец” застанецца толькі з Расеяй і яшчэ зь некалькімі амбасадарамі. Пры гэтым усіх амбасадараў Лукашэнкі дэпартуюць у Беларусь. Гэта павінна быць ужо даўно. І такім чынам пакажуць сваё стаўленьне да рэжыму ўсе дэмакратычныя краіны. Дзякуй”.

Спадарыня: “Дзякуй Богу, што ў нас такі выдатны прэзыдэнт, што ён навёў парадак, квітнее наша Беларусь. Яна квітнее, а ўсіх зайздрасьць бярэ. А вось у вашага Буша кожны дзень памірае 50 чалавек, і ён яшчэ хоча нас перад сваімі нагамі пакласьці. Гітлер таксама хацеў, але зубы паламаў. Вось і нам таксама засталося нядоўга гэтага Буша цярпець”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік кіраўніка руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч:

“Супраць Беларусі абсалютна ніякай агрэсіі не выяўлялася з боку ЗША. Адзінае патрабаваньне, якое ёсьць, — гэта выконваць агульнапрынятыя дэмакратычныя нормы, паважаць правы і свабоды сваіх грамадзян. Ствараецца ўражаньне, што з вашай слухачкай мы жывем у розных краінах. Менавіта рэжым Лукашэнкі ставіць сотні тысяч нашых суграмадзянаў на мяжу выжываньня”.

Наступнае выказваньне таксама на адрас уладаў Беларусі:

Трапачка Аляксей, Валожын: “Паважаная “Свабода”, у “Народнай Волі” быў надрукаваны здымак маёнткаў у Драздах, якія належаць вышэйшым чыноўнікам. Гэта сапраўднае “царскае сяло”. Але за чые грошы яны пабудавалі гэтыя палацы? Не сваім жа розумам яны зарабілі гэтыя грошы. Калі гэтыя міністры ды іншыя чыноўнікі разумныя, дык чаму наша эканоміка трашчыць па ўсіх швах?! І яшчэ. Пабудавалі там і царкву для гэтых праваслаўных атэістаў. Недзе ж трэба замаліць свае грахі. Дык ці можа просты вернік прыйсьці ў гэтую царкву?”

Камэнтар старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

“Калі пры ўладзе Лукашэнка і ягонае атачэньне, то “царскае сяло” ёсьць пры кожным вялікім горадзе. Калі б былі пры ўладзе аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, то большасьць людзей жылі б у такіх “царскіх сёлах” і належалі да сярэдняй клясы. На вялікі жаль, царква сёньня стала не асобнай інстытуцыяй грамадзянскага ўплыву, а звычайным аддзелам адміністрацыі Лукашэнкі. Дарэчы, як і ўсё астатняе — і парлямэнт, і суд. А ўжо ад нас з вамі залежыць: ці толькі асобныя людзі будуць жыць у “царскім сяле”, ці гэтым “царскім сялом” стане ўся Беларусь”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Марыя Іванаўна: “Добры вечар, маё дарагое Радыё Свабода. За правы чалавека ў Беларусі, за ўсіх палітзьняволеных, за Казуліна Аляксандра Ўладзіслававіча я аб’яўляю галадоўку. За два гады турмы Аляксандру Ўладзіслававічу падарвалі здароўе. Яму патрэбна хатняя спакойная ўтульнасьць, вітаміннае, шматразовае харчаваньне, лячэньне на высокім узроўні. Усяго вам найлепшага”.

Яцкевіч Аляксандар Анатолевіч: “Я лічу, пытаньне аб рэформе школы вельмі сучаснае, але хто гэтую рэформу будзе рабіць? Гэтаксама як і будаваць тую станцыю. Цывілізацыю можна аддаць у нейкія благія рукі і не зусім разумную галаву. Ад гэтага будзе менш карысьці, а больш дрэннага для людзей”.

Спадар: “Прывітаньне! Калісьці Лукашэнка сказаў, што ў нас няма праблемы з прызыўнікамі ў беларускае войска. У нас ёсьць вялікі выбар, і цяпер у беларускую армію прызываюцца лепшыя зь лепшых. Аказваецца, казаў праўду. Служыць Зьміцер Жалезьнічэнка, на падыходзе Франак Вячорка і Антось Каліноўскі. Зь цягам часу мы будзем мець сапраўднае беларускае войска. Дзякуй за ўвагу”.
XS
SM
MD
LG