Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Буш аддаў даніну памяці Ірыне Казулінай


Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выказаў павагу жанчынам Беларусі, Кубы і Бірмы.


Заява была ўчора ў Белым Доме пад час ўрачыстасьцяў з нагоды Women's History Month – Нацыянальнага гістарычнага жаночага месяцу. (Ад 1987 сакавік прызнаны ў ЗША жаночым месяцам у зьвязку з унёскам жанчын у міжнародны прагрэс) .

Буш падзякаваў тым жанчынам у несвабодных краінах, якія не палохаюцца “рабіць выклікі сваім уладам” і да апошніх сілаў падтрымліваюць свабоду грамадзянаў.

Амэрыканскі лідэр у якасьці прыкладу назваў цяжкахворую кубінскую дысыдэнтку Марту Кабэлу і нядаўна памерлую ад раку жонку беларускага палітвязьня Аляксандра Казуліна – Ірыну.

“Амэрыканцы натхнёныя прыкладамі гэтых жанчын”,- заявіў Джордж Буш.

Прэзыдэнт ЗША скрытыкаваў беларускія улады за тое, што яны датэрмінова ня вызвалілі Аляксандра Казуліна, каб той змог правесьці апошнія дні разам са сваёй сьмяротна хворай жонкай. Такое стаўленьне, паводле Джорджа Буша, ёсьць “праявай зьверства”.

“ЗША заклікаюць і цяпер неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна, як і ўсіх іншых палітзьняволеных у Беларусі”, - заявіў прэзыдэнт ЗША.
XS
SM
MD
LG