Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Вольга Карач.


Яна нарадзілася і жыве ў Віцебску. Скончыла школу з залатым медалем, а Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт з чырвоным дыплёмам. Была адзіным у 24-тым скліканьні дэмакратычным дэпутатам гарадзкога Савету. Пасьля звальненьня па палітычных матывах у 2004 годзе са школы нумар 27, дзе выкладала ангельскую мову, займаецца грамадзкай дзейнасьцю, журналістыкай, піша вершы. Сёньня Вольга Карач даводзіць слухачам Свабоды свае аргумэнты на карысьць таго, чаму ў Беларусі ня варта будаваць атамную станцыю.

“Самая патэнцыйная пляцоўка для будаўніцтва ў ста кілямэтрах па прамой ад нашага гораду. І канечне, жыхары Віцебску, Воршы і Магілёву не ў захапленьні ад такой ідэі. Ёсьць аргумэнты супраць гэтага будаўніцтва.

Аргумэнт першы: як паказала практыка, Аляксандар Лукашэнка вельмі дрэнны будаўнік. Мост у Віцебску ў 2006 годзе проста ўпаў! У краснапольскай школе абваліўся дах. Суцэльна вельмі дрэннай якасьці дамы ў аграгарадках па ўсёй краіне. Паўтары гады таму кіраўнік дзяржавы асабіста і з помпай адкрываў у нас супэрмадэрновы шпіталь – цяпер там ужо абвалілася тынкоўка.

То што тады абваліцца праз паўтары гады ў беларускай АЭС?

Аргумэнт нумар два: пытаньне пра беларускую атамную станцыю наўпрост зьвязваецца з праблемай беларускай незалежнасьці. У апошні час Аляксандар Лукашэнка спрабуе вырашыць эканамічныя пытаньні праз крэдыты ад Расейскай Фэдэрацыі. І гэта ёсьць праблема – іх жа трэба вяртаць, ды яшчэ з працэнтамі. А калі грошай бракуе, то чым яшчэ можна расплаціцца як не сувэрэнітэтам?

Аргумэнт нумар тры. Мне вельмі не падабаецца, што часам Аляксандар Лукашэнка гаворыць: як шкада, што напачатку 1990-х мы адмовіліся ад ядзернай зброі! А каб было па-іншаму, во дзе паказалі б захаду!

Я ня буду зараз дыскутаваць на тэму, ці можна атрымаць ядзерную зброю з дапамогай АЭС, але мне не падабаецца накірунак думак. Я лічу яго небясьпечным. Таму што ядзерная зброя, калі яна і зьявіцца ў Беларусі, яна павінна быць пад моцным публічным кантролем грамадзкасьці. Але зараз такога кантролю ў нас няма. І гэта таксама рызыка для нашай будучыні і будучыні нашых дзяцей.

А я не хачу гандляваць будучыняй”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG