Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не рэформа адукацыі, а варушэньне некампэтэнтных людзей”


Апошнім часам прадстаўнікі ўлады зноў загаварылі пра чарговую рэформу беларускай школы.


Пры гэтым сутнасьць яе пакуль зводзіцца толькі да адмены новаўвядзеньняў апошніх гадоў і вяртаньня да старых узораў. У прыватнасьці, прапануецца адмовіцца ад 12-гадовага навучаньня і вярнуцца да 5-бальнай сыстэмы адзнак.

Нядаўна вялікі артыкул на гэтую тэму апублікаваў намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Анатоль Рубінаў. Чаму ўлады хочуць вярнуць назад старыя адукацыйныя нормы? На гэтае пытаньне адказвае кіраўнік Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімер Колас.

Цыганкоў: "Чаму зноў зьявіліся размовы пра рэформу сыстэмы адукацыі? Здаецца, толькі нядаўна пэдагогі і школьнікі звыкліся з новымі правіламі, якія існуюць толькі некалькі гадоў, - і вось зноў кажуць пра іх адмену".

Колас: “Сапраўдная рэформа павінна грунтавацца на сапраўдным запатрабаваньні грамадзтва да сыстэмы адукацыі школы. У нас жа робіцца ўсё наадварот. Але самае галоўнае ў артыкуле Рубінава – спроба зрабіць адказнымі за глупствы і недарэчнасьці апошніх гадоў дэмакратаў і нацыянальна-сьвядомую частку грамадзтва. Мы ў свой час рабілі канцэпцыю нацыянальнай адукацыі – патрэба ў рэфармаваньні школы ёсьць . Але ўладамі гэта як не рабілася, гэтак і ня робіцца.
А чым выкліканыя гэтыя намеры – дык Рубінаў сам сабе і выдае. У такім выглядзе, у якім школа ёсьць зараз, яна патрабуе нашмат болей грошай, чым пры Савецкім Саюзе. Вось гэтыя лішнія гады, якія дзеці праводзяць у школе, - яны ж каштуюць. Напэўна, у бюджэце сродкаў на гэта няма".

Цыганкоў: “Фактычна ў артыкуле Рубінава было сказана, што лепш гэтыя маладыя людзі, замест таго, каб вучыцца і траціць дзяржаўныя грошы – хай ідуць працуюць...”

Колас: “У прынцыпе, так. Вось сутнасьць, увесь патас гэтай адкруткі назад”.

Цыганкоў: “Вы казалі пра замову грамадзтва. Чаму дасюль не ўдалося ажыцьцявіць рэформы, якая б выхоўвала патрыётаў і адукаваных людзей?”

Колас: “Ня толькі патрыётаў, трэба рыхтаваць маладое пакаленьне на ўзроўні тых выклікаў, якія фармулюе сучаснае разьвіцьцё чалавецтва. Іначай наша моладзь будзе неканкурэнтназдольнымі. А ў артыкуле Рубінаў граміць увогуле ўсе сусьветныя тэндэнцыі разьвіцьця адукацыі – і найбольш аптымальныя формы, якія ўжо вынайдзеныя.
У прынцыпе, як ніякай вялікай карысьці не было, з таго, што было зроблена, так ніякай асаблівай шкоды ня будзе. калі ўсё гэта вернецца. Але ня трэба казаць пра рэфармаваньне школы –гэта проста варушэньне некампэтэнтных людзей”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG