Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка спрабуе раскалоць Захад?


“Пэрспэктывы ўзаемаадносін Беларусі з Эўразьвязам будуць залежыць ад самастойнасьці зьнешняй палітыкі Зьвязу ад ЗША”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка.


Гэтую заяву Лукашэнка зрабіў сёньня ў часе сустрэчы з групай брытанскіх бізнэсоўцаў на чале з дэпутатам палаты лордаў Вялікай Брытаніі Сэсілам Паркінсанам.

"Ня думаю, што ў Вялікай Брытаніі ёсьць якія-небудзь прэтэнзіі да Беларусі ў палітычным пляне, – сказаў кіраўнік Беларусі. – У нас да Злучанага Каралеўства іх няма адназначна". Аляксандар Лукашэнка дадаў: "Што датычыцца адносін з Эўразьвязам, то, лічу, у Эўразьвязе правільна ўсьведамляюць ролю Беларусі ў Эўропе".

"На жаль, пэрспэктывы адносін Беларусі з Эўразьвязам не ляжаць выключна ў плашчыні Эўропа-Беларусь", – сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што транзытам празь Беларусь у Эўропу паступае 20 % спажыванага прыроднага газу, а таксама транспартуецца 40 працэнтаў нафты, якая пастаўляецца на эўрапейскія рынкі Расіяй. "Такім чынам, Беларусь – вельмі важная транспартная артэрыя", – канстатаваў кіраўнік Беларусі.

"Беларусь ніколі не падводзіла Эўропу. І мы хацелі б адпаведных адносін да нас", – адзначыў ён.

“Сёньняшнія заявы Лукашэнкі адлюстроўваюць доўгатэрміновую палітыку Менску на раскол Захаду, яскравым узорам якой сталі падзеі мінулага тыдня, – мяркуе аналітык Радыё Свабода Юры Дракахруст. – 7 сакавіка МЗС Беларусі абвясьціла пра адкліканьне беларускага пасла з Вашынгтону і парэкамэндавала паслу ЗША ў Беларусі паехаць па кансультацыі дадому. У той жа дзень у Брусэлі адбылося ўрачыстае падпісаньне пагадненьня аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі. Менск распачынае дыпляматычную вайну з ЗША, у той жа час робячы крокі насустрач аб’яднанай Эўропе."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG