Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія любімцы заходняй музычнай публікі


Сёньня ў розных краінах сьвету канцэртуюць дзясяткі таленавітых беларускіх акадэмічных выканаўцаў. Хтосьці зь іх ужо стала жыве ў ЗША і Заходняй Эўропе. Паводле музыказнаўцаў, менавіта дзякуючы “актыўнай канцэртнай дзейнасьці за мяжой яны і могуць рэалізавацца”.



Spotlight Concert ў Чарльстоне, “Радасьць каханьня” Крайсьлера і “Summertime” Гершвіна ў выкананьні скрыпача Юрыя Бэкера

Юрыю Бэкеру - 26 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску. Скрыпкай займаецца з 6-ці гадовага ўзросту. У 90-я разам зь сям’ёй пераехаў у ЗША.

Сёньня музыкант жыве ў Чарльстоне, штат Паўднёвая Караліна, а канцэртуе ў самых розных краінах сьвету. На мінулым тыдні ягоны выступ ў Чарльстоне, у гэтак званым Spotlight Concert, ізноў сабраў поўную залю.

Адказваючы на пытаньні журналістаў пра сакрэты посьпеху музыканта, 26-гадовы скрыпач Юры Бэкер называе некалькі акалічнасьцяў: прыродныя здольнасьці, праца, правільныя пэдагогі, асабліва ў дзяцінстве, а таксама мэцэнаты. Сярод апошніх Юры вылучае прадстаўнікоў фундацыі Рычарда і Міка Гадараў: “Дзякуючы іх падтрымцы, усім тым сустрэчам, стасункам з мэнтарамі, штогадовым канцэртам, фундацыя зрабілася для мяне сям’ёй. Я змог атрымаць вялікі досьвед і сфармавацца як музыкант”.

Паводле мэцэната Рычарда Гадара, музычны сьвет яшчэ так і ня зьведаў усе грані таленту гэтага скрыпача.
“Мы вельмі ганарымся ягонымі такімі раньнімі дасягненьнямі Юрыя. Ён народжаны, каб граць на скрыпцы. Рашучы, спакойны стыль, звышнатуральны кантроль, вострая, як лязо, інтанацыя, музыкальнасьць і вогненная жарсьць. У яго ёсьць гэта ўсё і нават болей…”, - кажа пра Бэкера мэцэнат Рычард Гадар.

Юры Бэкер - адзін з шэрагу музыкантаў беларускага паходжаньня, якія сёньня жывуць і працуюць на Захадзе.

Выпускнік Беларускай кансэрваторыі, колішні саліст Менскага сымфанічнага аркестру, піяніст, ляўрэат прэстыжнага конкурсу ў Новым Арлеане і шэрагу міжнародных фэстываляў Юры Бліноў апошнія 7 гадоў жыве ў ЗША. Стала выступае зь вядомымі аркестрамі сьвету. Пра яго пасьпяховы выступ у камэрнай залі ню-ёрскага Карнэгі-холу пісала прэса.

Сёньня амэрыканскія і заходнеэўрапейскія знаўцы шмат спрачаюцца вакол манеры выкананьня гэтага таленавітага піяніста. Нямецкаму мэцэнату Гансу Рафу, які разам са сваёй жонкай падтрымлівае маладых выканаўцаў зь Беларусі ды іншых постсавецкіх краінаў, манера Блінова падаецца “некалькі шалёнай”. “Аднак гэта тое, што вельмі многім падабаецца, - дадае мой суразмоўца. - У любым выпадку, Бліноў - гэта зьява”.

Нямецкі спонсар таксама лічыць, што таленавітыя беларускія акадэмічныя выканаўцы “сёньня могуць рэалізавацца выключна дзякуючы актыўнай канцэртнай дзейнасьці за мяжой”.

“Я лічу, што гэта шанец для вашых маладых выканаўцаў - атрымаць нейкі заходні грант, знайсьці мэцэната, - кажа немец.- Я знаёмымі з музычнымі навучальнымі ўстановамі Беларусі, Украіны, Расеі, Армэніі, Малдовы…Сапраўды, тут працуюць цудоўныя пэдагогі. Аднак у школах, нават кансэрваторыях проста няма добрых інструмэнтаў. Раялі, на якіх вучацца граць студэнты, ужо даўно нельга назваць якаснымі: яны робяць, на жаль, больш шкоды, чым карысьці, бо фармуюць некарэктнае гукавое пачуцьцё”.

Тое, што падобная праблема існуе, згодныя і выкладчыкі Беларускай акадэміі музыкі.

“У мяне ёсьць адзін вельмі здольны першакурсьнік, - кажа пэдагог з 40-гадовым стажам Тацяна. - Я ня ведаю, што зь ім будзе далей. Фінансавыя магчымасьці сям’і сьціплыя. Інструмэнту дома нармальнага няма. Такая разьбітая скрыня. Ня ведаю…Гэта не адзінкавы выпадак”.

Выкладчыца жадае, каб на шляху яе таленавітых вучняў найчасьцей сустракаліся замежныя мэцэнаты, бо сваіх айчынных, на жаль, няма.

“Для мяне гэта ня радасна, што мае памочнікі ад’яжджаюць і што я выключна на сабе выцягваю новую пляяду, - кажа пэдагог. - У той жа час, што тут? Дзе ім працаваць? У аднаго з самых маіх таленавітых вучняў, які зьехаў, была стаўка ў філярмоніі, на якую ён нават ня мог жыць…Не хапала на элемэнтарнае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG