Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Насельніцтва зноў паверыла ў рубель”


Агляд некаторых публікацый у недзяржаўным друку

Газэта “Белорусы и рынок” дасьледуе, як маюць выглядаць сумоўі для абітурыентаў беларускіх ВНУ. Рашэньнем прэзыдэнта з ініцыятывы Міністэрства адукацыі статус асаблівых атрымалі 10 спэцыяльнасьцяў: “дзяржаўнае кіраваньне”, “дзяржаўнае кіраваньне і права”, "дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка”, “міжнародныя стасункі”, “міжнароднае права”, “правазнаўства”, “эканамічнае права”, “журналістыка”, “міжнародная журналістыка” і “мытная справа”.

Жадаючыя паступіць на гэтыя спэцыяльнасьці павінны прайсьці адмысловае сумоўе. Мяркуецца, што з дапамогай простай чалавечай размовы высьвятляць, наколькі адпавядае будучай прафэсіі абітурыент. Жадаючым прайсьці сумоўе трэба падаць адпаведную заяву з 5 па 31 сакавіка. Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях адукацыі Уладзімер Здановіч кажа, што рыхтавацца трэба да простай гутаркі: хто бацькі абітурыента, чым ён захапляецца, чаму выбраў менавіта гэтую прафэсію.

У артыкуле “Насельніцтва зноў паверыла ў рубель” – пра сытуацыю з банкаўскімі ўкладамі. "Давер насельніцтва Беларусі да нацыянальнай валюты на пачатку 2007 году моцна панізіўся. Але на дадзены момант цалкам адноўлены”, – піша газэта. - Банкаўскія дэпазыты ў рублях зноў растуць хутчэй за валютныя”.

Тэмай сьвежага нумару “Белгазеты” стала адмена “залатой акцыі”. Першая паласа выданьня прысьвечана канфлікту Беларусі і ЗША. Аналізуючы сытуацыю, газэта прыходзіць да высновы, што прычыны санкцый ЗША не настолькі відавочныя, як падаецца на першы погляд. Магчыма, ёсьць іншыя дакумэнты, якія пакуль не афішуюцца і якія маглі б лепей вытлумачыць лёгіку санкцый супраць "Белнафтахіму".

Таксама “Белгазета” аналізуе вынікі выбараў прэзыдэнта Расеі. Распавядае намесьнік рэдактара газэты Віктар Марціновіч:

“Мы абмяркоўваем з Міхаілам Лявонцевым, тэндэнцыйным “прапуцінскім” журналістам, вынікі расейскіх выбараў. Ён спрабуе абараняць уладу, спрабуе тлумачыць, чаму, прыкладам, не дапусьцілі Касьянава да выбараў. Я яму даводжу: калі б Касьянаў удзельнічаў у выбарах, то перамога Мядзьведзева не была б такой відавочнай. А ён мне на гэта кажа: "А вы вось сьмецьце выкідаеце з хаты, выносіце яго з той прычыны, што яго баіцеся?" Ну, вось у такім рэчышчы гутарка – уся ягоная рыторыка вельмі напорыстая і агрэсіўная, брудная, я б сказаў”.

У газэце “Вечерний Брест” - інтэрвію з колішнім жыхаром Брэста, сёньняшнім міністрам аховы здароўя Васілём Жарко. Міністар упэўнены, што масавай эміграцыі дактароў можна не баяцца. Паводле яго словаў, участковы пэдыятар ці тэрапэўт атрымлівае ў сярэднім 800-900 тысяч рублёў. У Маскве за тую ж працу можна атрымліваць 1,5-2 тысячы даляраў, але і траты зусім іншыя. Летась, кажа міністар, падвысілі заробак маладым дактарам. Цяпер іх аклад без кваліфікацыйнай катэгорыі і стажу працы складае 273 тысячы беларускіх рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG