Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзяўчына-машыніст... Няўжо за гэта змагаліся фэміністкі?”


Постфактум, калі жанчыны ўжо адораныя кветкамі ды іншымі знакамі павагі і любові, а мужчыны зразумелі, што чарговы дзень 8-га сакавіка перажылі, Радыё Свабода паспрабавала высьветліць у мінакоў у Менску: якія правы жанчын у Беларусі варта абараняць найперш? Апытаньне каля кінатэатру “Кастрычнік”.


Карэспандэнтка: “Якія правы жанчын у Беларусі варта абараняць найперш”?

Жанчына: “Шмат праблем ёсьць”.

Карэспандэнтка: “У якой сфэры найперш”?

Жанчына: “У сямейнай, мне здаецца. Вельмі непаважліва ставяцца нашыя мужчыны да нас, жанчын. Трэба выхоўваць нашых мужчын, каб яны з большай павагаю ставіліся да жанчыны як да маці і як проста да жанчыны. Бо на плячох нашых ляжыць вельмі шмат. Ну, праца... Вядома, хацелася б, каб жанчына была меней загружаная працай, бо дома нас чакае таксама вялікая праца: вельмі вялікую адказнасьць і за дзяцей, і за сям’ю нясем. Хаця б дадатковы адзін выходны сярод тыдня далі б – і я думаю, гэта б істотна палепшыла нашую сытуацыю”.

Дзяўчына: “Мне здаецца, гэта палітычная сфэра. Я сама – будучы палітоляг, таму... Ну, уявіце ў Беларусі жанчыну-палітыка... Гэта нават не абмяркоўваецца. Так што – дарогу маладым спэцыялістам-жанчынам!”

Хлопец: “Права жанчыны – быць жанчынай! Калі дзяўчына – машыніст вежавага крана... Ня ведаю, няўжо за гэта змагаліся ўсялякія фэміністычныя арганізацыі?”

Жанчына: “Найперш? Правы? Ня ведаю... Мне здаецца, усе правы ў нас абароненыя. А вось зьмяніць хацелася б стаўленьне да жанчыны. Найперш – у сфэры аховы здароўя. Ну, з боку мэдпэрсаналу, дактароў... І падвысіць якасьць дыягностыкі. І, пэўна ж, каб павялічылі адпачынак”.

Мужчына: “Мэдычную страхоўку трэба ўводзіць! Бачыце, як Захад жыве? З мэдычнай страхоўкай. І зусім тады іншае стаўленьне да пацыента ва ўсіх кірунках. Ня так, як у нас. Вы ў нашых бальніцах бывалі”?

Жанчына: “Напэўна, большая колькасьць жанчын у адміністрацыі прэзыдэнта павінна быць. Адпаведныя наступствы будуць для нас: льготы... Вельмі мала жанчын, я лічу, ва ўрадзе краіны”.

Карэспандэнтка: “А калі б яны там былі, як бы гэта зьмяніла сытуацыю?”

Жанчына: “Кожная жанчына будзе мяняць на карысьць жанчын...Чаго б не дакранулася рука жанчыны, гэта выглядала б інакш, чым у выкананьні мужчыны. І побыт гораду, і нават архітэктура...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG