Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом літаратара: Анатоль Вярцінскі, Сяргей Харэўскі, Міхась Тычына


Эфір 1сакавіка, субота.


ЛІТПРАЦЭС

СЯРГЕЙ ХАРЭЎСКІ: “ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАГА МАСТАЦТВА ДЗЯРЖАВУ НЕ ЦІКАВІЦЬ”


2 сакавіка адбылася цырымонія ўганараваньня штогадовай прэміяй “Залатая літара”, якую ўсталяваў пісьменьнік і кнігавыдавец Адам Глёбус. Сёлета, адрозна ад мінулых гадоў, журы назвала не аднаго ляўрэата, а двух. Імі сталі празаік і журналіст Севярын Квяткоўскі за кнігу “Фрашкі да пляшкі” і пісьменьнік, журналіст і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. “Залатой літарай” ён узнагароджаны за кнігу “Гісторыя мастацтва і дойлідзтва Беларусі”. Зь Сяргеем Харэўскім гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак
: “Спадар Харэўскі, зь якімі пачуцьцямі вы сустрэлі навіну пра рашэньне журы “Залатой літары” аб прысуджэньні вам гэтае прэміі?”

Сяргей Харэўскі: “Далібог, пішучы падручнік, я ня меў нічога такога на ўвеце і не спадзяваўся на нейкія пісьменьніцкія ляўры. Ну, а як так выйшла, я быў усьцешаны і думаю, што гэта добры знак”.

Аксак: “Што падштурхнула вас да напісаньня кнігі, якая па сутнасьці зьяўляецца першым падручнікам скразной гісторыі мастацтва і дойлідзтва беларусаў?”

Харэўскі: “Раскрыю таямніцу – падштурхнуў мяне сам Адам Глёбус у свой час. Гэта было гады тры таму. Я ўзяўся за гэтую справу, здаў рукапіс у выдавецтва ва ўмоўлены тэрмін, але, на вялікі жаль, зь дзяржаўных выдавецкіх плянаў падобныя падручнікі былі вынятыя. Пасьля чаго была спроба надрукаваць гэтыя тэксты ў часопісе “Маладосьць”. Мае шаноўныя калегі з гэтага часопісу з радасьцю былі ўхапіліся за гэтую ідэю, усяляк дэкляравалі сваю зацікаўленасьць маім тэкстам, але, праляжаўшы там год, ён так і ня выйшаў. І на маё аўтарскае шчасьце ў выдавецкай праграме Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту знайшліся вольныя пазыцыі, куды можна было прапанаваць тое, што якраз і ляжала ў шуфлядзе”.

Аксак: “Чым ваша кніга адрозьніваецца ад іншых падобных выданьняў?”

Харэўскі: “У сэнсе піянэрства, то, бясспрэчна, гэта гісторыя беларускай фатаграфіі. Упершыню ў нашай гісторыі ў кніжным фармаце коратка выкладзена ўся гісторыя беларускай фатаграфіі, наколькі дазваляў аб’ём. Таксама ўпершыню зьмешчаны арыгінальныя тэксты, прысьвечаныя мастацтву і архітэктуры Заходняй Беларусі, якая таксама да гэтага выданьня не была вывучана і не была прадстаўлена менавіта ў такім кніжным фармаце. Я прапанаваў і сваю, зьмененую структуру храналёгіі гісторыі мастацтва. Напрыклад, гісторыя “Віцебскага фэномэну” ў мяне пачынаецца з 1915 году, а не з 1917-га, як пісалі раней. І сканчаецца далучэньнем Віцебску да БССР”.

Аксак: “Ваша кніга ўводзіць новыя тэрміны, вяртае забытыя і некалі забароненыя імёны творцаў. Чый жыцьцёвы і творчы лёс з гэтага шэрагу вас найбольш уразіў?”

Харэўскі: “Да нядаўняга моманту мы карысталіся толькі савецкімі кніжкамі па гісторыі мастацтва, у якіх нельга было напісаць біяграфіі мастакоў беларускай эміграцыі. І вось гэтыя біяграфіі людзей, каторыя з розных прычынаў пакінулі Беларусь у розныя гады і за мяжой сталі выдатнымі мастакамі, мяне сапраўды ўразілі. Напрыклад, цікава будзе чытачам дазнацца, што старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла яшчэ і выдатная мастачка. Яна мае прафэсійную парыскую мастацкую адукацыю”.

Аксак: “Вы напісалі гісторыю айчыннага мастацтва ад старажытнасьці да 1991 году. Чаму менавіта на гэтай даце спыніліся?”

Харэўскі: “Папросту пасьля 1991 году пачалася іншая культурная сытуацыя, радыкальна іншая ва ўсіх сэнсах, і гэта ўжо іншая вялікая тэма. У плянах выдавецтва “Прапілеі” Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту мая наступная кніжка, якая будзе фактычна зьяўляцца другім томам цяперашняй. Яна будзе распавядаць пра тыя сто шэдэўраў беларускага мастацтва ХХ стагодзьдзя, нарысы пра якія я быў запачаткаваў у газэце “Наша Ніва”, і там будзе й пра шэдэўры часоў незалежнасьці”.

Аксак: “Усе захопнікі і ва ўсе часы вывозілі зь Беларусі нацыянальныя скарбы. Скажыце, калі ласка, што робіцца з нацыянальнымі мастацкімі каштоўнасьцямі ў незалежнай Беларусі?”

Харэўскі: “Тут пытаньне даволі складанае. З аднаго боку, нельга не заўважыць, што нешта робіцца. Адкрылі нарэшце праз дваццаць сем гадоў ад пачатку будаўніцтва новы корпус Нацыянальнага мастацкага музэю. Удалося выратаваць некаторыя шэдэўры, у прыватнасьці, “Пас Вітаўта”, ад вывазу за межы Беларусі, і цяпер яны экспануюцца. Не малая, хоць і мала заўважная шырокай публіцы праца праводзіцца на беларускіх мытнях, дзе ад вывазу ратуюцца тысячы артэфактаў. Але, калі гаварыць наагул, то ў дзяржавы няма тут яснай палітыкі. Фактычна, згорнутая праграма “Вяртаньне”. Такое пытаньне цяпер нідзе не стаіць ні перад Міністэрствам замежных спраў, ні ў якіх бы то ні было стасунках з нашымі суседзямі. І гэта, канечне, прыкра, што гэтая праграма згорнутая. Але час зьмяніўся. Цяпер мы маем новыя інфармацыйныя магчымасьці, новыя спосабы данясеньня інфармацыі пра гэтыя шэдэўры, і новыя спосабы іх засваеньня. Вялікая праблема ў тым, ці мы адаптуем, ці мы засвойваем іх у сваёй культуры. Лёгка казаць: а гэта й гэта наша вывозілі вазамі, карэтамі, цяплушкамі... Так казаць лёгка, але што з гэтага, калі мы яго не вывучаем і дзецям не даносім?..”

Аксак: “Ваша кніга выдадзена ў Вільні накладам 200 асобнікаў. Ці будзе яна даступная ў Беларусі?”

Харэўскі: “Яна ўжо ёсьць у вольным продажы ў некаторых кнігарнях, можна набыць яе і праз інтэрнэт. А калі будзе дэфіцыт, падвышаны інтарэс, замовы, то нескладана дадрукаваць патрэбную колькасьць асобнікаў”.

АЎТАР І ТВОР

АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ: “МНЕ ДЫКТОЎКУ ДЫКТУЕ МУЗА”


Нядаўна ў Кіеве ў Доме пісьменьніка адбылася прэзэнтацыя ўкраінскага перакладу паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Сярод беларускіх гасьцей, якія прысутнічалі на ўрачыстасьці, быў і паэт Анатоль Вярцінскі, зь якім па ягоным вяртаньні ў Менск сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, як успрынятая ўкраінскім літаратурным грамадзтвам “Новая зямля” па-ўкраінску?”

Анатоль Вярцінскі
: “Адназначна – успрынятая зь цікавасьцю. У прэзэнтацыі з украінскага боку бралі ўдзел многія пісьменьнікі, дзеячы культуры. Зь Менску ў Кіеў выяжджалі ўнучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч, дацэнт Берасьцейскага ўнівэрсытэту Лідзія Дарошка (дарэчы, украінка па нацыянальнасьці), паэт Сяргей Законьнікаў, доктар філялёгіі Міхась Тычына і, вядома ж, перакладчык паэмы, ляўрэат украінскай літаратурнай прэміі імя Івана Франка Валеры Стралко”.

Скобла: “Вы таксама многа перакладалі, у тым ліку і ўкраінскіх паэтаў. Як вы ацэньваеце працу Стралка?”

Вярцінскі: “Я ахвотна далучаюся да высокай ацэнкі, якую ў друку далі перакладу Алег Лойка, Ніна Мацяш, Ніл Гілевіч, Васіль Жуковіч. Прыхільна ацанілі працу Стралка і ў Кіеве: і ўкраінскія літаратары, і прадстаўнікі тамтэйшай беларускай дыяспары. Сваю прадмову да выданьня паэмы па-ўкраінску я назваў “Новае жыцьцё “Новай зямлі”. І я не памыліўся. Падчас прэзэнтацыі ў Кіеве ў мяне было адчуваньне, што “Новая зямля” сапраўды атрымлівае новае жыцьцё. А Валер’я Стралка я ў Кіеве называў “украінскім беларусам” і “беларускім украінцам”, паколькі ён перакладае з украінскай на беларускую і зь беларускай на ўкраінскую. Праўда, ён яшчэ й на расейскую перакладае, гэткі ўнівэрсальны перакладчык…”

Скобла: “Украінцы – нашы найблізкія суседзі, але наўрад ці нашыя культурніцкія ўзаемадачыненьні можна лічыць пасьпяховымі. Праўда, апошнім часам, дзякуючы найперш амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі, гэтыя дачыненьні актывізаваліся. А ці робяцца нейкія крокі насустрач зь беларускага боку?”

Вярцінскі: “Гэта наша бяда – перарваныя стасункі. Але патроху гэтыя стасункі аднаўляюцца. І прэзэнтацыя, пра якую мы гаворым, – яскравае сьведчаньне гэтага. Кіеўскай урачыстасьці папярэднічала яшчэ адна падзея. Прыканцы мінулага году ў Берасьці адбылася сустрэча пад назвай “Уладзімер Калесьнік і беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемадачыненьні”. Тамсама адбылася міжнародная вечарына паэзіі “Натхнёныя любоўю перазовы”, у якой удзельнічалі Ніна Мацяш, Алесь Каско, Васіль Гей, Уладзімер Барна, Мікола Пракаповіч, Уладзімер Чарнецкі”.

Скобла: “Напярэдадні 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі некалькі грамадзкіх арганізацый абвесьцілі пра незвычайную акцыю – напісаньне агульнанацыянальнай дыктоўкі. Ці будзеце вы браць у ёй удзел?”

Вярцінскі: “Нядаўна я даведаўся, што абвешчаны конкурс сярод самых юных паэтаў на тэму “90-годзьдзе БНР”… Адразу прыходзіць у галаву вядомае выслоўе: “Чым бы дзіця ні цешылася, абы ня плакала”. Што да мяне, то я сваю дыктоўку напісаў. І дыктавала мне мая муза, хай гэта не прагучыць высакапарна”.

АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

ABЭ, ІРЫНА!

Сьвятой памяці Ірыны Казулінай

Над храмам сьвятых Сымона й Алены
Зьнічкі згаралі, маркоціўся месяц зьбялелы,
А ранкам навісла цяжкая хмурына…
Авэ, Ірына!

Анёльскі яе галасок замоўк назаўсёды.
А колькі ж было ў ім любові, спагады, лагоды!
Любоўю жыла і бліжніх любоўю дарыла…
Авэ, Ірына!

Ляжыць у труне яе маленькае цела.
Яна адышла – каб жыць, жыць гэтак жа годна і сьмела.
Чакае яе душу радасьці вечнай даліна…
Авэ, Ірына!

Смуткуе касьцёл. Пах кветак і сьвечак востры.
Хацела яна, каб мы – як браты і сёстры –
Прыйшлі да яе. Прыйшлі мы. Яна нас зрадніла…
Авэ, Ірына!

Хтось ціха сказаў, калі ішлі ўсьлед за труною:
“Выходзіць, што толькі такою цаною,
Цаною ахвяраў духам мацнее Краіна…”
Авэ, Ірына!

АДЗІН ДЗЕНЬ У БНР

Адзін толькі дзень? Усяго адзін?
Усяго толькі некалькі гадзін? –
Пытаньні я задаю сабе.
І сам у сабе шукаю адказу.
Адказ знаходзіцца неяк адразу:
“Справа ж ня ў колькасьці, а ў цане”.
Справа ня ў тым, к о л ь к і, а я к,
Як дзень той прайшоў, як быў ён пражыты,
Які быў ягоны духоўны знак,
Як там пачуваўся люд паспаліты.
Спрабую ўявіць гэты дзень, тых людзей.
Спрыяе вось гэтая фатакартка,
Гэты адбітак слаўных падзей:
Бурбіс, Варонка, Смоліч, Захарка…
Іх дзевяць, што сталі ў адзіны рад,
Яны – Сакратарыят Народны,
Наш першы беларускі ўрад,
Насамрэч, беларускі, родны.
Я зноў углядаюся ў воблікі іх.
Я зь імі вітаюся, я ў іх пытаюся,
Я зь імі ў БНР вяртаюся.
І мне дарагі зь імі кожны міг.
Жыва ўяўляю пачатак дня.
Займаецца сьвежа, ціхамірна.
Затым напаўняецца цішыня
Гукамі пранікнёнага гімна.
У гімне пяецца пра “вольны прастор”,
Пра “дух беларускі магутны, родны”.
Няйначай пяе свабодны хор,
Свабодна пяе пра народ свабодны.
Гучыць неўзабаве нейчы зварот…
Варонкі? Крачэўскага? Езавітава?
Зь цікавасьцю слухае народ.
За даверам слухае. Так менавіта.
На тое ж яна і БНР,
Каб не фальшывілі мы, не хлусілі,
Каб тут былі ў законнай сіле
Праўда, сумленнасьць і давер…
Да раньніх тых сьпеваў, прамоў і званоў, –
Паважліва слухаюць места і вёска, –
Лучацца словы іх лепшых сыноў –
Луцкевіча, Ластоўскага, Лёсіка.
Няцяжка, мяркую, цяпер уявіць,
Як гэты дзень далей адбываўся,
На лёсах народных як адбіваўся,
Вілася далей як ягоная ніць,
Якімі, цягам часу, былі
Ягоныя поўдзень і адвячорак,
Якія аблокі над ім плылі,
Колькі ўзыходзіла над ім зорак.
Ва ўсякім разе – мой родны край
Засвойваў дзяржаўным чынам строга:
“І сам жыві, і другому спрыяй.
Не рабі ліхога і ня бойся нікога.
Каб не памерлі, ня згінулі каб,
Не пакідай матчыну мову,
Мову сваю шануй, як скарб,
Цані, як заруку, як аснову.
На Бога разьлічвай, у Бога вер,
Ды й сам ня гніся, за справу бярыся…”

…Так мне ўявіўся ў агульных рысах
Жыцьця адзін дзень у БНР


КРЫТЫКА

ВАСІЛЬ БЫКАЎ: “ЦІКАВАСЬЦЬ ДА КАРПЮКА БУДЗЕ РАСЬЦІ”


Сорак першым томам выдавецкага праекту “Беларускі кнігазбор” стала кніга “Выбраных твораў” Аляксея Карпюка. У яе ўвайшлі дзьве аповесьці пісьменьніка: знакамітая “Данута” і аўтабіяграфічная, пад назвай “Разьвітаньне зь ілюзіямі”; у кнізе таксама зьмешчаныя раней не публікаваная п’еса “Канец сьвету” і лісты Аляксея Карпюка да Васіля Быкава, Пятра Машэрава, Янкі Брыля, Максіма Танка ды іншых вядомых людзей. “Выбраныя творы” А. Карпюка – у полі зроку крытыка Міхася Тычыны.

“Паэт ня мае права быць шчасьлівейшым за свой народ!”, – гэтыя словы нашага земляка Адама Міцкевіча нагадаў Аляксей Карпюк у сваёй слыннай прамове на Пятым зьезьдзе пісьменьнікаў БССР 13 траўня 1966 году, уключанай у кнігу выбраных твораў. Не было ніводнага пісьменьніцкага форуму, на якім ня браў бы слова гэты мужны змагар за праўду і справядлівасьць, былы партызанскі разьведчык, вязень лягеру сьмерці Штутгоф, кавалер ордэну “Віртуці мілітары”, аўтар такіх тэкстаў, як “Данута”, “Мая Джамалунгма”, “Пушчанская адысея”, “Вяршалінскі рай”, “Белая дама”, “Разьвітаньне зь ілюзіямі”. І заўжды ягонае аўтарытэтнае слова было сэнсацыяй.

А.Карпюк рэзаў “праўду-матку” ў вочы начальству, якое асьвячала сваёй прысутнасьцю высокія сходы майстроў слова, “інжынэраў чалавечых душ”, палымяных прапагандыстаў камуністычных ідэй. Людзям на пасадах, якія лічылі сябе вяршыцелямі лёсаў, гэта не падабалася. Але яны ведалі, што адшумяць пісьменьніцкія баталіі, улягуцца жарсьці і надыдзе звыклае царства цемры, у якой яны падступна і зларадна адпомсьцяць народнаму заступніку і праўдалюбцу.

Многія лічылі А.Карпюка наіўным Дон-Кіхотам, змагаром зь ветракамі, падпальшчыкам, але забываліся на простую ісьціну, што аднаго праменчыка сьвятла дастаткова, каб самую гнятлівую і непраглядную цемру не лічыць цемрай, і што гісторыю ствараюць “дзівакі, вандроўнікі і паэты” (У. Караткевіч). А.Карпюк быў з пароды такіх дзівакоў, летуценьнікаў, рамантыкаў. Каб уявіць ступень ягонай адвагі і яго прагу выказаць набалелае, за ўсіх “прыніжаных і абражаных”, трэба адчуць атмасфэру эпохі, калі “ўлада цемры” згушчалася да мяжы, за якой няма вяртаньня ў “царства свабоды”. На гэта і раней, і сёньня, і заўсёды здатнае толькі мастацтва слова, зьвернутае як да прафэсіяналаў, так і да чытача.

Менавіта чытач першы па-сапраўднаму ацаніў аповесьць “Данута”, якая назаўсёды ўвайшла ў спіс абавязковага юнацкага чытаньня. Пакаленьне “дзяцей вайны”, да якога належыць і аўтар гэтых радкоў, брала за высокі ўзор жаночага хараства створаны празаікам вобраз Дануты Янкоўскай, генэральскай дачкі, якая здолела выйсьці за межы саслоўна-каставых умоўнасьцяў, перажыць шчырае і глыбокае пачуцьцё першага і апошняга каханьня, а пазьней, дзякуючы яму, узьняцца да ахвярнага подзьвігу і далучыцца да жывой народнай стыхіі.

Аповесьць А. Карпюка, поруч з надзвычай папулярнымі ў другой палове мінулага стагодзьдзя творамі Э. Хэмінгуэя, Э. М. Рэмарка, В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, А. Адамовіча, – адна з самых яскравых згадак нашай нядаўняй гісторыі. І згадак, і загадак. Ёсьць таямніца абсалютнага чытацкага даверу да слова пісьменьніка, ягонай выдумкі, шчырай інтанацыі апавяданьня пра наіўнае, чыстае, рамантычнае каханьне беларускага Рамэо да беларускай Джульеты. Урэшце, багацьця адценьняў любоўнага пачуцьця, якое перапаўняе душу галоўнага героя, экстралінгвістычных адценьняў і асаблівасьцяў беларускага слова.

Данута, Данка, Дана, Дануся – разам з Янкам Барташэвічам трызьнілі тагачасныя юнакі, маладосьць якіх супала з кароткім момантам пацяпленьня грамадзкай атмасфэры пасьля лютага рыгарызму сталінскага нэкрафільскага рэжыму. Непаразуменьні сямейных клянаў Мантэкі і Капулеці – нішто ў параўнаньні з узьведзеным таталітарным ХХ стагодзьдзем мурам паміж культурамі, народамі, кантынэнтамі: верніцай і атэістам, палячкай і беларусам, гараджанкай і вяскоўцам, сялянскім сынам і генэральскай дачкой, нарэшце, жанчынай і мужчынам. Жывое, палкае пачуцьцё адольвае ўсе перашкоды, і гэта цудоўна паказаў аўтар у многіх эпізодах аповесьці.

Вось, напрыклад, Янка, зацяты багаборац, натурысты вясковец, упарты ў сваіх прыхільнасьцях да сялянскай маралі, бачыць Дануту ў касьцёле: “Гледзячы, як Данута шчыра малілася, ні разу не азірнуўшыся і не павярнуўшы галавы, я адчуў цёплае спачуваньне і нават захапленьне яе нявіннай верай”. Сам Янка моліцца на Дануту, на хараство сьвету, моліцца беларускаму слову, беларускай справе.

Многа пісалі пра вобраз Дануты і бачылі яе зачараванымі вачыма закаханага юнака, але надзвычай мала заўважалі, што вобраз Янкі Барташэвіча — мастацкае адкрыцьцё пісьменьніка. У параўнаньні з большасьцю герояў беларускай літаратуры, паглыбленых у свае адчуваньні, рэфлексіі і развагі, гэта чалавек дзеяньня, у якога кароткая адлегласьць паміж словам і справай. Яго душэўная адкрытасьць, шчодрасьць, разнасьцежанасьць уражвае. У яго хапала магчымасьцяў самавыявіцца, а калі не хапала, то ён актыўна шукаў іх, лёгка прыдумляў самыя фантастычныя сытуацыі, у якіх мог рэалізаваць сябе. Герой часта, занадта часта памыляецца, але не памыляецца той, хто нічога ня робіць. І гэта адзін з асноўных пастулятаў кодэксу жыцьцёвых паводзін карпюкоўскага героя. І самога А.Карпюка.

У аповесьці “Разьвітаньне зь ілюзіямі”, своеасаблівым працягам аўтабіяграфічнай аповесьці “Мая Джамалунгма”, мы знаходзім тыя прыкметы эпохі, якія сталі грамадзка-палітычным і сацыякультурным кантэкстам нараджэньня і ўзмужненьня асобы. У аснове нацыянальнага характару “карнявога беларуса”, на думку А.Карпюка, ляжаць простыя народныя ісьціны, выпрабаваныя гісторыяй: “Калі едзеш на фурманцы ці з гары паражняком, абавязкова аб’яжджай таго, хто вязе груз альбо пнецца з пустым возам наверх. Калі ўпусьціш на зямлю хлеб, пацалуй яго. Не плюй у калодзеж і агонь, бо маці памрэ... Калі б я, прыехаўшы дадому на канікулы з віленскай гімназіі, барані Божа, загаварыў па-польску, бацька стукнуў бы мяне па вуху, а маці кінула б: “Дай, Нічыпар, яму лепш, дальбо, дай! І добро адмер, бо хутко забудзе, як граблі называюццо!” Этычнасьць заходняга беларуса, а менавіта ў Заходняй Беларусі найлепш захаваліся нашы нацыянальныя традыцыі, асабліва заўважная на фоне сучасных зьмен, якія вельмі трывожылі пісьменніка. “А ўсе тыя правілы, як для хлопчыкаў, так і для дзяўчатак, падпітаныя прыказкамі, народнымі рамёствамі, нацыянальнай сымболікай, казкамі і легендамі, калямбурамі і жартамі, загадкамі і лічылкамі, маладому парастку давалі стрыжань, нацыянальную ўтульнасьць, непаўторны калярыт, душэўную ўпэўненасьць, адчуваньне чалавечай годнасьці ды служылі спрыяльным полем, надзейным гарантам для самасьцьвярджэньня і росту”.

У фінале кнігі зьмешчаны лісты і ўспаміны людзей, якія сябравалі з А. Карпюком і шмат рысак дадаюць да яго творчага партрэту. В.Быкаў у лісьце да Іны Анатолеўны Карпюк, удавы пісьменьніка, прароча заўважыў: “Цікавасьць і ўвага да А. Карпюка будзе з часам расьці, гэта пэўна. Як яна ўспыхнула да Ларысы Геніюш, якую пры жыцьці ніхто не хацеў заўважаць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG