Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь адклікала амбасадара з ЗША і парэкамэндавала амбасадару ЗША ў Беларусі пакінуць краіну. Пра прычыны і магчымае разьвіцьцё канфлікту – інтэрвію з палітолягам Андрэем Фёдаравым у “Начной свабодзе”.


Ганна Соўсь: Сп.Андрэй, амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт у сваёй заяве адразу ж згадала пра палітвязьня Аляксандра Казуліна. Як вы ацэньваеце гэтую сытуацыю?

Андрэй Фёдараў: "Ведаеце, трэба згадаць сытуацыю прыкладна 10-дзённай даўніны, калі Дзярждэпартамэнт ЗША таксама зрабіў заяву, гэты было якраз у часе кароткатэрміновага вызваленьня Казуліна на пахаваньне жонкі.

Гэтая заява была вельмі лагодная, здавалася, што калі Беларусь пойдзе далей па шляху вызваленьня палітзьняволеных, то Злучаныя Штаты адкрыюць магчымасьці для далейшага супрацоўніцтва.

Мы бачым, што заява сп.Ст’юарт ёсьць працягам той заявы і той палітыкі, якую апошнім часам праводзяць Злучаныя Штаты. Што тычыцца новых санкцыяў, то тут паўстае пытаньне, наколькі яны новыя – гэта не зусім новыя санкцыі, але чамусьці беларускае кіраўніцтва вырашыла на іх адрэагаваць менавіта цяпер.

Соўсь
: Якая, на вашую думку, можа быць роля Расеі ў гэтым канфлікце?

Фёдараў: Тое, што цяпер у Расеі сапсаваныя адносіны са Злучанымі Штатамі, гэта безумоўна. Іншая справа, што яны сапсаваныя з прычыны рознага стаўленьня да пытаньня незалежнасьці Косава, і Беларусь вуснамі таго ж прэзыдэнта Лукашэнкі падтрымала Расею ў гэтым сэнсе. Беларускі прэзыдэнт накіраваў прэзыдэнту Сэрбіі Барысу Тадзічу ліст, у якім падтрымаў імкненьне Сэрбіі захаваць Косава ў сваім складзе, але за нейкі час да гэтага ён сказаў у інтэрвію расейскім СМІ, што “цягнік пайшоў” і што цяпер “мы б’ем па хвастах”.

У Расеі свае праблемы са Злучанымі Штатамі, у Беларусі свае
Таму тут пэўнае несупадзеньне – у Расеі свае праблемы са Злучанымі Штатамі, у Беларусі свае. І мне падаецца, што Беларусь можа і хацела б атрымаць моцную падтрымку з боку Расеі ў гэтым канфлікце, але калі яна мае нейкія свае асабістыя супярэчнасьці, гэта не азначае, што Расея будзе моцна яе падтрымліваць у гэтым сэнсе. Я не выключаю, што расейская Дума ці МЗС зробяць адпаведныя заявы, але мне складана ўявіць сабе, што Расея пойдзе на сур’ёзную канфрантацыю са Злучанымі Штатамі менавіта з-за Беларусі.

Соўсь: "Я згадаю заяву амбасадра Карэн Ст’юарт на прэсвай канфэрэнцыі 13 сьнежня 2007-га. Тады яна сказала, што ЗША плянуюць зрабіць захады, аналягічныя тым, якія ўжо зазнаў “Белнафтахім”, у дачыненьні да іншых беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. На пытаньне Радыё Свабода, рахункі якіх прадпрыемстваў могуць замарозіць, амбасадарка сказала: тых, якія кантралююцца “Белнафтахімам” або асобамі, супраць якіх былі ўведзеныя санкцыі, а таксама тых, дзе Аляксандар Лукашэнка асабіста прызначыў кіраўніка прадпрыемства. Каб пазьбегнуць новых санкцыяў, беларускія ўлады павіны зрабіць наступныя крокі

"Злучаныя Штаты і Эўразьвяз надалей спадзяюцца, што ўлады вызваляць палітвязьняў, што Беларусь выканае свае абавязаньні адносна правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў і забясьпечыць для беларусаў асноўныя правы чалавека. Гэта не наіўнае спадзяваньне. Злучаныя Штаты ўвесь час дыскутуюць з Эўразьвязам наконт Беларусі. І мы працягнем рабіць адпаведныя крокі, каб сфакусаваць міжнародную ўвагу на людзях, якія нясуць адказнасьць за адсутнасьць прагрэсу ў нашых дачыненьнях. У той жа час мы і надалей будзем па-сяброўску ставіцца да беларускага народу”, — заявіла 13 сьнежня 2007-га амбасадарка ЗША.

На Вашую думку, ці можа гэты канфлікт прывесьці да разрыву дыпляматычных адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША?

Фёдараў: Я мяркую, што да разрыву наўрад ці дойдзе, гэта было б вельмі сур’ёзным крокам, тым больш што калі кажуць, што гэтыя санкцыі былі ўведзены амаль 4 месяцы таму, то падаецца крыху дзіўным, што рэакцыя Беларусі ўзьнікла менавіта цяпер.

Соўсь: Як вы лічыце, у гэтай сытуацыі – якую ролю адыграла пазыцыя амбасадаркі ЗША Карэн Ст’юарт? Нядаўна Дзяржскаратар ЗША Кандаліза Райс уганаравала яе ордэнам “Дыпляматыя за Свабоду”, спадарыня амбасадарка прысутнічала падчас грамадзка значных падзеяў у Беларусі, рэгулярна сустракаецца з прадстаўнікамі апазыцыі...

Наш гандлёвы зварот з Эўразьвязам у дзясяткі разоў перавышае гандлёвы зварот з ЗША
Фёдараў
: Безумоўна, у нейкім сэнсе гэта магло быць так, бо не выклікае ніякіх сумневаў, што беларускаму кіраўніцтву не падабаецца такога кшталту актыўнасьць, сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі, гэта безумоўна. Але я прыгадаю выступленьне Аляксандра Лукашэнкі 30 сьнежня мінулага году, што, маўляў, мы вышлем у першую чаргу амэрыканскага амбасадара, калі на нас будуць ускладзеныя дадатковыя істотныя санкцыі. Можна сказаць, што абодва чыньнікі мелі значэньне, але галоўным быў чыньнік матэрыяльны, то бок санкцыі.

Соўсь: Якой можа быць рэакцыя Эўразьвязу? Калі б ён далучыўся да амэрыканскіх санкцыяў, гэта было б ударам для беларускай эканомікі?

Фёдараў: Няма сумневу. Тым больш што наш гандлёвы зварот з Эўразьвязам у дзясяткі разоў перавышае гандлёвы зварот з ЗША. Але паколькі гэта старыя санкцыі, то тут Эўразьвязу няма чаго рабіць, ён проста пацісьне плячыма і пойдзе далей... Тым больш што ў Брусэлі была падпісаная дамова аб адкрыцьці ў Беларусі прадстаўніцтва Эўракамісіі. У апошні час беларускі бок імкнуўся выканаць патрабаваньне Эўразьвязу што да вызваленьня палітычных вязьняў – былі вызваленыя амаль усе палітвязьні, Казулін вярнуўся ў калёнію, але яшчэ ня столькі часу прайшло, каб патрабаваць ягонага канчатковага вызваленьня... Таксама Эўразьвяз патрабуе правядзеньня сумленных парлямэнцкіх выбараў – але выбары яшчэ не адбыліся, пасьля іх правядзеньня можа будзе нешта казаць...

Соўсь: У ранейшых дыпляматычных канфліктах, якіх за час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі было нямала, амбасадары з большага вярталіся ў Беларусь. Як, на Вашую думку, адбудзецца гэтым разам?

Добрыя адносіны са Злучанымі Штатамі – важны чыньнік разьвіцьця Беларусі
Фёдараў
: Сапраўды, канфліктаў было нямала, у тым ліку з амэрыканскімі дыпляматамі. У сакавіку 1997 году, пасьля таго як зь Беларусі быў высланы дарадца амбасады Серж Аляксандраў, амэрыканцы адклікалі пасла Кэнэта Ялавіца для кансультацый, а беларускі амбасадар Валер Цапкала, які толькі быў прызначаны на гэтую пасаду і якраз ляцеў у Вашынгтон, мусіў паварочваць назад у Франкфурце. Але празь месяц, пры канцы красавіка, сп. Ялавіц вярнуўся ў Менск, і сп. Цапкала таксама недзе ў сярэдзіне траўня ўручыў даверчыя граматы Білу Клінтану. Так што, я мяркую, што пры ўсіх складанасьцях разрыву дыпляматычных адносінаў не адбудзецца і на гэты раз.

Добрыя адносіны са Злучанымі Штатамі – важны чыньнік разьвіцьця Беларусі. ЗША лічаць адной са сваіх галоўных мэтаў прасоўваньне дэмакратыі ў сьвеце, і калі б беларускі бок пайшоў на гэта, ён атрымаў бы ад гэтага шмат выгод.


Госьць Начной Свабоды палітоляг Андрэй Фёдараў нарадзіўся ў Менску. Унук Янкі Маўра і сын акадэміка Івана Фёдарава. Фізык паводле адукыцыі. 20 гадоў працаваў у Інстытуце фізыкі Акадэміі Навук. У асьпірантуры вучыўся разам з Аляксандрам Мілінкевічам. Ад 1997 году – незалежны экспэрт у міжнародных пытаньнях і бясьпецы. Працаваў ў Міжнародным інстытуце палітычных дасьледаваньняў.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG