Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павінны камунальнікі ісьці за “лёгікай бамжоў”?


Нашыя слухачы ўсё часьцей уздымаюць пытаньні, якія хвалююць многіх жыхароў краіны. Так, спадар Парэмскі з Горадні зьвярнуўся праз Радыё Свабода да кіраўніцтва Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. Ён цытуе дзяржаўныя СМІ і чыноўнікаў, якія запэўніваюць: жыхары не даплачваюць 60% за камунальныя паслугі, у сувязі з чым цэны трэба ўздымаць. У слухача з гэтай нагоды зьявіўся цэлы шэраг пытаньняў.


Незалежныя эканамісты на падставе праведзеных разьлікаў агучылі: нават ва ўмовах цёплай зімы жыхары Беларусі аплачвалі камунальныя выдаткі, як пры 20-градусных маразах.

У жыльлёва-камунальных службах на скаргі жыльцоў адказвалі: штучнае стрымліваньне росту тарыфаў цягне страты прадпрыемстваў камунальнай сфэры, таму розьніца паміж зімой і летам у “жыроўках” паступова будзе сьцірацца. Аднак такія тлумачэньні людзей мала задавальняюць.

Наш слухач з Горадні спадар Парэмскі цікавіцца ў кіраўніцтва Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі:

“Колькі камунальнікі яшчэ зьбіраюцца “зьдзерці” з паўгалодных пэнсіянэраў і працавікоў, якія маюць у месяц 250 – 400 тысяч рублёў, каб даць “мільённыя заробкі сваім сябрукам ды проста лайдакам і п'яніцам, якія ня ўмеюць працаваць, а толькі патрабуюць падвышэньня заробку ды лайдачаць?”

“Слугі народа” – супраць народнага “шантажу”

У Мінжылкамунгасе выказваньні аўтара тэлефанаваньня выклікала нэрвовую рэакцыю. Адказны супрацоўнік, які катэгарычна адмовіўся назвацца, але ўступіў у актыўную завочную палеміку са слухачом, наўпрост папярэдзіў: на шантаж міністэрскае кіраўніцтва паддавацца ня будзе:

“Гэта не праблема Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. За заробак не міністар адказвае – як вы ўсе ня можаце зразумець? Міністар адказвае, каб было абслугоўваньне, каб у яго была цёплая вада, каб дзяржстандарты выконваліся і каб ён сам своечасова дадому прыйшоў. Хай працуе, хай зарабляе грошы. Ён яшчэ плаціць толькі 37% – у адрозьненьне ад усяго сьвету, які 100% аплачвае жыльлёва-камунальныя паслугі. А ў яго, бачыце, лёгіка такая! Згодна з указам прэзыдэнта, на месцах з такімі разьбіраюцца. Няхай ён з родным ЖЭСам ваюе. А там яму скажуць: калі ты апошні раз плаціў і колькі ты вінен? Вось і ўся лёгіка”.

У часе сэмінару прадстаўнік Навукова-дасьледчага інстытуту эканомікі Аляксандар Мацяс заявіў, што ліміт росту тарыфаў сёлета аб'ектыўна павінен скласьці 20 даляраў для двухпакаёвай кватэры. Паводле экспэрта, падвышэньне цэнаў на энэрганосьбіты разьмяркоўвалася не раўназначна, а асноўны цяжар клаўся на рэальны сэктар эканомікі. З улікам рэаліяў, як выказаўся спадар Мацяс, “нагрузка на насельніцтва мае ўзрастаць”.

Як кажа былы начальнік упраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму Іван Анташкевіч, дзяржаўная палітыка ў галіне энэргазабесьпячэньня шмат у чым застаецца загадкай нават для спэцыялістаў. А што да звычайных людзей, дык яны ўвогуле пастаўленыя ў безальтэрнатыўныя ўмовы – проста плаціць па рахунках:

“Чаму? Таму што вось такая эканамічная сыстэма, бескантрольная з боку насельніцтва. Ці можна гэта выправіць? Каб гэта выправіць – вершамі не абыдзесься. Гэта вялізная структурная перабудова – як саміх прадпрыемстваў, якія вырабляюць энэргію, так і структурная перабудова самой жыльлёвай гаспадаркі. Але жыхар насамрэч адарваны ад сыстэмы кантролю за расходаваньнем, за фармаваньнем тарыфаў. Таму ён проста пастаўлены ва ўмовы платніка, у якога нічога не застаецца, апроч абавязку плаціць бяз права ўсялякага кантролю”.

Жалезная лёгіка: няма грошай – ідзі на чатыры працы

Паводле афіцыйных зьвестак, цяпер насельніцтва кампэнсуе прыблізна 35% выдаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Плянуецца, што цалкам пакрываць страты прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі грамадзяне будуць з 2015 году. Пакуль жа ўрад мусіць улічваць распараджэньне кіраўніка краіны аб недапушчэньні рэзкага падвышэньня тарыфаў.

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў утрымаць у 2008 годзе рост жыльлёва-камунальных тарыфаў на ўзроўні, ня большым за 5 даляраў у разьліку на двухпакаёвую кватэру.

Каб хоць неяк зьменшыць цэнавы цяжар, дзяржава намагаецца ўкараняць у камунальную сфэру новыя тэхналёгіі. Ставяцца цепла- і водалічыльнікі, дамы абшываюцца цеплаізаляцыйнымі матэрыяламі.

Між тым наш слухач з Горадні спадар Парэмскі пытаецца:

“Чаму пасьля ўстанаўленьня даражэзных цеплалічыльнікаў плата за ацяпленьне кватэраў ня зьменшылася, хаця цяпер ня ўлічваюцца страты цяпла па-за домам. У дамах бязь цеплалічыльнікаў плата такая самая”.

Выказваньне камэнтуе прадстаўнік Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, які пажадаў захаваць ананімнасьць:

“Цеплалічыльнікаў ён ня ставіў. Так і патлумачце яму. Цеплалічыльнікі стаяць на дом. І колькі такіх вось бамжоў з вокнамі расчыненымі ўзялі цяпла, кожны дом і будзе плаціць. За яго нармальныя жыхары плацяць. Вось за ваду ён будзе плаціць, мы прымусім яго, калі ён лічыльніка не паставіць...”

Карэспандэнт: “Слухач кажа, што ў дамах бязь цеплалічыльнікаў плата такая ж, што і зь лічыльнікамі...”

“Якія ў яго могуць стаяць цеплалічыльнікі? Пэрсанальны цеплалічыльнік на кожную кватэру – гэта яшчэ вельмі дорага. Вось яму захацелася: чаму так, чаму гэтак? Ён чатырыста рублёў атрымлівае. Чаго ты чатырыста рублёў атрымліваеш? Ідзі на чатыры працы, усюды па чатырыста – будзе ўжо мільён шэсьцьсот. Дык ён толькі лісты пісаць. Ды ведаю я такіх, іх – 20%, яны пэрыядычна ў мяне зьяўляюцца ў міністэрстве. Яны ня могуць не напісаць. “Чаму лічыльнікі, чаму гэта...” А вы спыталіся: у яго лічыльнік гэты стаіць? І што з таго – вы яму што, на ўсё адказваць павінны?..”

Пачэсны абавязак – плаціць па ўсіх рахунках

Апроч уласна выдаткаў на энэргазабесьпячэньне, цяпер жыхары дамоў часам аплачваюць яшчэ і недапрацоўкі камунальных службаў. Не сакрэт, што страты, якія ўзьнікаюць па віне работнікаў камунальнай гаспадаркі (прарывы, працёкі, аварыі з-за нядбайнасьці, кепскага рамонту і абслугоўваньня) расьпісваюцца паміж платнікамі. Пра гэта гаворыць былы кіраўнік менскай жыльлёва-камунальнай службы Іван Анташкевіч:

“У нас страты па цеплатрасах вонкавых складаюць блізу 25% цеплавой энэргіі. У Нямеччыне, да прыкладу, меней за 1%. Але натуральна, што вытворцы – ЦЭЦы ці цепласеткі – маюць задачу вырабляць энэргію, потым яе дастаўляць у дамы. І, натуральна, усе гэтыя страты ўваходзяць у іх выдаткі, дадаецца іншая стратная частка, падлічваецца нейкі прыбытак і ў канцавым выніку ўсё выходзіць на разьліковыя тарыфы. І гэтыя разьліковыя тарыфы могуць перавышаць лічбу, якая даводзіцца да жыхароў, бо ёсьць бюджэтнае фінансаваньне. І ўсе страты ў канчатковым варыянце аплачваюцца кім? Жыхарамі”.

Пры канцы агучым яшчэ адно пытаньне слухача Парэмскага, якое ён сфармуляваў у прапанову:

“У дамах, дзе трубы ацяпленьня пракладзеныя ў сьценах, трэба тэрмінова ставіць сучасныя батарэі. Эканомія на цяпле, паводле гарадзенца, праз год-другі пакрые ўсе выдаткі. А грошы на такое “пераўзбраеньне” можна зьняць з будаўніцтва спартовых комплексаў. “Яны могуць пачакаць, – упэўнены наш слухач”.

Адказвае экспэрт у энэргетычнай галіне, былы кансультант упраўленьня інвэстыцыяў Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч:

“Вядома, эканомія будзе, але сказаць, што настолькі вялікая? Выдаткі на мэтал, на перакладаньне трубаў, на работы – істотныя. І калі параўнаць цяпло, якое ідзе ў “нікуды”, з выдаткамі на пераабсталяваньне, то чакаць акупнасьці давядзецца ўсё ж болей, чым 2 гады. Да месца казаць гады пра 4-5. Іншая рэч, што грошы, якія выдаткоўваюцца на будаўніцтва спартовых палацаў, павінны інакш выкарыстоўвацца. І ў першую чаргу ў такой важнай справе, як эканомія цяпла. Тут я абсалютна згодзен са слухачом”.

Карэспандэнт: “Ідэя ўмуроўваць батарэі ў сьцены была не рацыянальная?”

“На гэтым зарабілі доктарскія званьні. Усё праводзілася праз тагачасны Дзяржбуд СССР, было прынятае партыйнымі органамі і зацьверджана як “новы павеў”. Толькі нашмат пазьней выявілася, якія страты гэта нясе. Выявілася не адразу, таму што ніхто тады не лічыў грошай: энэрганосьбіты ў былым СССР фактычна былі ніжэйшыя за сабекошт. Таму ніхто не лічыў гэта напачатку. І пад гэтай маркай спакойна маглі зарабляць чыны і навуковыя рангі”.

Эканамісты прагназуюць: у найбліжэйшыя год-два тарыфы на камунальныя паслугі будуць расьці найбольш інтэнсіўна. Крыху спыніцца тактыка напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2011 году – каб не падвышаць сацыяльнай незадаволенасьці. Згадваюць, што цягам 2002 – 2003 гадоў ужо назіраўся рэзкі рост тарыфаў, што адразу ж адмоўна адбілася на рэйтынгу Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG