Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гандляра сьмерцю” будуць судзіць у Бангкоку


Тайская паліцыя паведаміла, што арыштаванага 6 сакавіка грамадзяніна Расеі Віктара Бута, якога абвінавачваюць у намеры прадаць партыю зброі тэрарыстычнай групоўцы, будуць судзіць у Бангкоку. Толькі пасьля гэтага будзе разгледжанае пытаньне аб яго экстрадыцыі ў ЗША.


41-гадовага Віктара Бута, якога лічаць адным з найбольшых прыватных гандляроў зброяй у сьвеце, арыштавалі ў бангкоцкім гатэлі празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як ён прыляцеў з Масквы. Пракуратура ў Нью-Ёрку вінаваціць яго ў спробе прадаць партыю зброі на некалькі мільёнаў даляраў калюмбійскім паўстанцам з арганізацыі ФАРК, якую ЗША лічаць тэрарыстычнай. Паводле амэрыканскіх законаў, Буту і ягонаму дзелавому партнэру Андрэю Смуляну пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Майкл Гарсія, пракурор паўднёвага раёну Нью-Ёрку, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі 6 сакавіка, што арышт Бута стаў вынікам працяглага расьсьледаваньня па ўсім сьвеце:

“Бут і Смулян пагадзіліся прадаць зброю арганізацыі ФАРК для яе гвалтоўных мэтаў, і яны дамовіліся пра дэталі гэтай ўгоды. Сярод зброі, якую зьбіраліся паставіць Бут і Смулян, – ракетныя сыстэмы клясы “зямля-паветра”, і ракетныя ўстаноўкі. Для Бута і Смуляна гэта была абсалютна рэальная ўгода. Яны прадэманстравалі як сваё жаданьне арганізаваць пастаўкі для тэрарыстычнай арганізацыі, гэтак і сваю здольнасьць зрабіць гэта”.

Тайская паліцыя паведаміла, што яна працягвае пошукі Смуляна, які хутчэй за ўсё знаходзіцца ў Тайляндзе.

Былы лейтэнант савецкага войска Віктар Бут знаходзіцца ў міжнародным вышуку ад 2002 году, калі Бэльгія выставіла супраць яго абвінавачаньні ў адмываньні грошай. Аднак расейскія ўлады адмовіліся выдаць Бута, заявіўшы, што абвінавачаньні супраць яго непацьверджаныя.

У 2007 годзе выйшла кніга пра Віктара Бута “Гандляр сьмерцю”. Паводле аўтараў кнігі, Бут распачаў сваю кар'еру перавозчыка зброі на пачатку 1990-х гадоў, атрымаўшы для сваёй кампаніі вайсковыя транспартныя самалёты краінаў былога СССР. Бутавы самалёты займаліся перавозкамі ў афрыканскіх краінах, дзе адбываліся ваенныя канфлікты. Паводле справаздачы ААН, Бут, у прыватнасьці, пастаўляў зброю для рэжыму лібэрыйскага прэзыдэнта Чарлза Тэйлара, атрымаўшы ўзамен доступ да лібэрыйскіх дыямэнтаў.

Амэрыканскі штодзёньнік “Лос-Анджэлес Таймз” са спасылкай на былога памочніка дзяржсакратара ЗША Ўітні Шнайдман піша, што падчас магчымага суду над Бутам у ЗША можа быць агучана непрыемная інфармацыя пра дзелавыя адносіны Бута з вайсковымі агенцтвамі і прыватнымі фірмамі ў ЗША, бо самалёты Бута займаліся перавозкамі грузаў у Ірак пасьля амэрыканскай акупацыі.

Віктар Бут таксама фігураваў у скандальнай кнізе “Нашествие”, якая выйшла ў Расеі. У кнізе сьцьвярджалася, што Бут прадаваў зброю ў афрыканскія краіны і празь Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG