Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Дракахруст: “Менск спрабуе “раскалоць” Захад”


Прапанову паслу ЗША паехаць у Вашынгтон па кансультацыі і адкліканьне беларускага пасла з ЗША камэнтуе наш аглядальнік Юры Дракахруст.


Караткевіч: Юры, ці быў гэты крок беларускіх уладаў нечаканым?

Дракахруст: Не. Яшчэ ў апошнія дні мінулага году Аляксандар Лукашэнка накінуўся з абвінавачваньнямі на адрас спадарыні Ст’юарт: “Першы, хто будзе вышпурнуты адсюль, будзе амэрыканскі пасол”, – сказаў тады кіраўнік Беларусі.

Другі раз папярэджаньне прагучала напрыканцы студзеня сёлета, падчас сустрэчы з паслом Нямеччыны спадаром Вайсам, калі Лукашэнка ізноў выказаў сваё незадавальненьне паводзінамі паслоў шэрагу краін Эўразьвязу, а найперш ізноў жа – кіраўніцай амэрыканскай дыпмісіі.

Экспэрты лічылі, што гэта ўсё ж хутчэй пагрозы, якія, магчыма, і ня будуць рэалізаваныя. Але плян такі быў, ён быў агучаны. Магчыма, зьявіліся новыя фактары, якія падштурхнулі афіцыйны Менск да таго, каб увесьці плян у дзеяньне.

Караткевіч: Якія гэта фактары? У паведамленьні МЗС гаворыцца, што гэта – адказ на новыя санкцыі, якія Злучаныя Штаты зьбіраюцца ўвесьці адносна “Белнафтахіму”. Вы мяркуеце, што гэта і было сапраўднай прычынай?

Дракахруст: Гэта магчыма, хаця і неабавязкова. Рахункі “Белнафтахіму” замарожаныя, ЗША, здаецца, не канфіскоўваюць замежную маёмасьць нават тых краінаў, зь якімі вядуць вайну. Рахункі замарожаныя, гаспадарчай дзейнасьці няма, што яшчэ можна зрабіць?

Ня выключана, што цяперашняя прапанова паслу С’цюарт – адказ на ранейшыя санкцыі адносна “Белнафтахіму”, але зробленыя ў новых, больш спрыяльных для афіцыйнага Менску умовах. Адносіны паміж Расеяй і ЗША зараз даволі моцна абвастрыліся ў сувязі з абвяшчэньнем незалежнасьці Косава. Да таго ж у пераходны пэрыяд ад аднаго прэзыдэнта да другога Крэмль, хутчэй за ўсё, будзе схільны дэманстраваць моц і непахіснасьць, што павялічвае шанцы на тое, што ў канфлікце Беларусі са Злучанымі Штатамі Менск атрымае падтрымку Масквы.

Многія зьвярнулі ўвагу на прэс-рэліз наконт учорашняй тэлефоннай размовы Лукашэнкі і Пуціна, падчас якой бакі “абмеркавалі таксама стан і пэрспэктывы разьвіцьця адносінаў Беларусі з асобнымі заходнімі дзяржавамі”.

Ня выключана, што абмяркоўваўся якраз сёньняшні крок Менску, што Лукашэнка, ну ня тое, што прасіў дазвол, але хацеў упэўніцца ў гарантыях расейскай падтрымкі.

У пэўным сэнсе маленькая дыпляматычная вайна Беларусі са Злучанымі Штатамі – гэта і выпрабаваньне для новага прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева. Многія чакалі, што ён ўсё ж паспрабуе пачаць зь нейкага паляпшэньня адносінаў з Захадам. А тут у пэўным сэнсе ён робіцца закладнікам канфлікту Менску і Вашынгтону.

Яшчэ адзін сымбалічны чыньнік – дыпляматычная вайна з ЗША пачынаецца ў той самы дзень, калі падпісваецца дамова аб адкрыцьці ў Беларусі прадстаўніцтва Эўракамісіі. Менск відавочна спрабуе, па меры сваіх сілаў, раскалоць Захад, паказаць, што ёсьць Захад добры, зь якім мы гатовыя размаўляць і мець справу, а ёсьць кепскі – зь якім мы адказваем ударам на ўдар. У практычным пляне ў Менску, відаць, ёсьць спадзяваньне, што ва ўмовах нейкага паляпшэньня адносінаў Беларусі з Эўропай, краіны Эўразьвязу ня будуць мець вялікай ахвоты ўставаць ў канфлікце паміж Менскам і Вашынгтонам на бок свайго стратэгічнага саюзьніка.

Караткевіч: Юры, якіх наступстваў можна чакаць ад гэтай дыпляматычнай вайны?

Дракахруст: Пакуль цяжка сказаць. Гэта, зразумела, не разрыў дыпляматычных адносінаў, але паказьнік і знак іх істотнага пагаршэньня. Тут шмат будзе залежаць ад таго, наколькі правільна разьлічыў Менск: ці кінецца Масква на абарону Беларусі ў гэтым канфлікце, ці скажа Эўропа, што гэта двухбаковая беларуска-амэрыканская справа. Ня думаю, што гэты канфлікт азначае канец той палавіністай і хітраватай лібэралізацыі, якую мы назіраем апошнім часам. Калі гэта адбудзецца, у Эўропы ня будзе матыву, каб ня выказаць салідарнасьць са Злучанымі Штатамі. А весьці дыпляматычную вайну з усім Захадам, Менску цяпер будзе, відаць, цяжкавата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG