Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль усім падазраваным выставілі абвінавачаньне


Удзельнікі акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня на плошчы Незалежнасьці

Удзельнікі акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня на плошчы Незалежнасьці

Актывісты моладзевых арганізацыяў, якіх абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку падчас акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня, назвалі сябе закладнікамі беларускіх уладаў для перамоваў з Захадам. Усе абвінавачаныя ў крымінальнай справе сьцьвярджаюць, што сьледзтва ня мае доказаў іхняй віны.


На прэсавай канфэрэнцыі выступілі абвінавачаныя ў крымінальнай справе Тацяна Цішкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Крываў, Уладзімер Сяргееў, Міхась Пашкевіч і Антон Койпіш.

Тацяна Кім, маці Андрэя Кіма, якому прад’явілі абвінавачаньне таксама і ў гэтай крымінальнай справе, зьвярнулася да прысутных:

“Мне спатканьняў не давалі, нібы ён нейкі там дзяржаўны злачынца. На дзень нараджэньня зь ім не далі пабачыцца. Я ўсё думаю, што ён такога ўчыніў, што супраць яго ўжываюць такі гвалт”.

Алесь Стральцоў заявіў, што выкарыстаньне супрацоўнікаў ДАІ супраць дэманстрантаў было правакацыяй уладаў:

“У супрацоўнікаў ДАІ функцыя – стаяць за 100 мэтраў і рэгуляваць рух і г.д. Калі я бачу, што ставяць шчытом 10 – 20 супрацоўнікаў ДАІ перад натоўпам, не падрыхтаваных для гэтага ні псыхалягічна, ні прафэсійна, ніяк, то я магу сказаць, што, прабачце, акцыя гэтая, калі прыходзіць тысяча чалавек, ну, гэта сьвядомая правакацыя. Яны ня могуць кантраляваць нават свае паводзіны”.

Уладзімер Сяргееў адзначыў, што яму, як і іншым абвінавачаным, так і не прадэманстравалі відэастужку, на якой былі б доказы іхняга актыўнага ўдзелу ў акцыі і грубага парушэньня імі грамадзкага парадку.

Антон Койпіш патлумачыў свой удзел у акцыі прадпрымальнікаў:

“У апошнія гады ў нас эканоміка, мякка кажучы, не разьвіваецца. 10 студзеня выйшлі людзі, якія хочуць працаваць і разьвіваць эканоміку, і менавіта супраць гэтых людзей такія жорсткія пакараньні. Не разумею ўладаў”.
Міхась Пашкевіч, Антон Койпіш і Тацяна Цішкевіч


Усе выступоўцы сышліся на тым, што да адказнасьці трэба прыцягваць байцоў спэцназу міліцыі – за зьбіцьцё затрыманых.

“Каго куды. Мяне па патыліцы білі, – расказвае Міхась Крываў. – Тут ёсьць Тацяна Цішкевіч. Яе таксама зьбівалі, нягледзячы на тое, што яна дзяўчына. Яе зьбівалі потым і ў будынку РУУС. Я чуў, як яна плакала і бачыў кроў у яе на рукаве. І каго тады трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасьці, калі спэцназаўцы робяць так, як сапраўдныя фашысты?”

За гадзіну да пачатку прэсавай канфэрэнцыі, якая адбывалася ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, каля будынку на вуліцы Веры Харужай стаялі байцы спэцназу міліцыі ў цывільным. Пасьля таго як Алесь Стральцоў і Аляксей Бондар патэлефанавалі кіраўніку сьледчай групы і паведамілі, што самі прыйдуць на прад’яўленьне абвінавачаньня, спэцназаўцы сышлі.

Сёньня ў другой палове дня абвінавачаньні Алесю Стральцову і Аляксею Бондару былі выстаўленыя.
XS
SM
MD
LG