Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці даў урад адмашку да цэнавай лібэралізацыі?


Савет міністраў Беларусі пашырыў пералік тавараў і паслугаў, кошты на якія не падлягаюць рэгістрацыі ў дзяржаўных органах і могуць быць адносна “свабодныя”.


Скасаваная рэгістрацыя коштаў на піваварны солад і піва, на спадарожны асартымэнт ад перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, на тавары з адкідаў вытворчасьці, а таксама на шэраг паслугаў. Ці азначае гэта, што, атрымаўшы свабоду, цэны і тарыфы чарговым разам падскочаць?

У Міністэрстве эканомікі патлумачылі, што рэгістрацыя коштаў і тарыфаў распаўсюджвалася на стратэгічныя тавары і паслугі, якія дзяржава не магла пакінуць па-за ўвагай і мусіла стрымліваць іхную цэнавую “столь”. Аднак, кажа прадстаўніца ведамства Натальля Пацэйка, па меры стабілізацыі коштавай сытуацыі ў краіне будуць прымацца далейшыя захады на лібэралізацыю цэнавага заканадаўства Беларусі.

“Справа ў тым, што ў нас існуе спэцыяльны цэнавы дакумэнт, дзе ўсё дакладна прапісана. Гэта пастанова Міністэрства эканомікі № 43 яшчэ ад 1999 году. І называецца яна так: “Аб зацьвярджэньні парадку фармаваньня і прымяненьня цэнаў і тарыфаў”. Туды пэрыядычна ўносяцца розныя зьмены, бо ўсё прымаецца ў працэсе разьвіцьця”.

Апроч ужо згаданых пазыцый, урадавай пастановай адмененая абавязковая рэгістрацыя на цэны квіткоў — найперш на культурна-відовішчныя мерапрыемствы падчас гастроляў і ў рамках фэстываляў. Гэтаксама адпушчаныя кошты на вырабы народных рамёстваў, тарыфы на паслугі па арганізацыі выставаў, канфэрэнцый, прэзэнтацый, сэмінараў, трэнінгаў і цэны на ўваходныя квіткі на такія мерапрыемствы. Таксама не патрабуюць рэгістрацыі тарыфы на паслугі па разьмяшчэньні рэклямы — дагэтуль такое права мелі толькі тэлерадыёвяшчальныя кампаніі.

Дык ці можна казаць пра цэнавую лібэралізацыю ў Беларусі? І ці варта для цэлага шэрагу тавараў і паслугаў чакаць падвышэньня коштаў? Эканаміст Сяргей Балыкін асаблівых падставаў да гэтага ня бачыць і пачынае з параўнаньня:

“Калі я каму спачатку рукі-ногі скручу, а потым трошкі адпушчу путы — гэта будзе “лібэралізацыя” ці не? Увогуле незразумела, навошта рэгістраваць гэтыя кошты, рэгуляваць іх дырэктыўнымі сродкамі? Па-першае, гэта вядзе да таго, што ў нашай краіне занадта шмат лішніх папераў. Па-другое, яно наўпрост прычыняецца да росту коштаў. Перадусім трэба плаціць людзям, якія гэтыя кошты рэгіструюць. Суб'ект гаспадараньня павінен супрацоўніка трымаць, каб той разьлічваў гэтыя кошты. Таксама трэба трымаць чыноўніка, які будзе гэтыя кошты рэгістраваць. Выдаткі ў эканоміцы растуць, і ад гэтага растуць кошты. Каб стрымаць кошты, трэба павялічваць канкурэнцыю паміж суб'ектамі гаспадараньня. А каб павялічыць канкурэнцыю, неабходна стварыць магчымасьці працаваць гэтым суб'ектам, лібэралізаваць працэдуру іх рэгістрацыі, ліквідацыі, фармаваньня коштаў і г.д.”.

Высновы спадара Балыкіна пацьвярджаюць і непасрэдныя ўдзельнікі рынку. Так, беларускія піўзаводы даўно зьвяртаюцца да ўраду з просьбай абараніць іх ад расейскай піўной экспансіі. Кіраўніцтва менскай “Аліварыі” б'е трывогу, што ў крамах на паліцах толькі 30% беларускага піва, а ўсё астатняе месца акупавалі расейскія гатункі. І палёгка зь нібыта адпушчанымі коштамі пры такой сытуацыі бессэнсоўная — цэны фармуе попыт і канкурэнцыя. На Рэчыцкім бровары з гэтым таксама салідарныя:

“У нас кошты фармуюцца не на падставе ўрадавых дакумэнтаў. Рэальныя кошты фармуе рынак, канкурэнцыя. І нават пры вялікім жаданьні мы за месяц змаглі цану падвысіць толькі на 15%. Бо ў расейскіх вытворцаў доля на беларускім рынку ўжо дасягнула 25%, яны душаць нас дэмпінгам. Цяпер ідуць сходы ўсіх беларускіх заводаў з тым, каб гандаль крыху да пазногця прыставіць, а то расейцаў лабіруюць, а нам за ўсё плаціць трэба”.

Урадавым дакумэнтам таксама скасаваная рэгістрацыя тарыфаў на паслугі па перавозцы пасажыраў усімі відамі транспарту з-за межаў Беларусі і транзытам праз тэрыторыю краіны. Дагэтуль не рэгістраваць кошты дазвалялася толькі пры перавозцы грузаў аўтатранспартам. Ва Ўпраўленьні Беларускай чыгункі ня сталі прагназаваць, якім чынам зьменяцца тарыфы на пасажырскія перавозкі, але нагадалі, што пры канцы мінулага году тарыфы ўжо карэктаваліся — натуральна, у бок падвышэньня.

XS
SM
MD
LG