Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У дня Незалежнасьці – колер беларускае птушкі бусел”


Журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе з Франакам Вячоркам пра сустрэчу 90-х угодкаў БНР – Франак уваходзіць у аргкамітэт па падрыхтоўцы масавай акцыі з нагоды сьвята.


Уліцёнак: “Франак, а ці ёсьць у вас сцэнар асабістага сьвяткаваньня 25 сакавіка?”

Вячорка:
“Я запрашу дзяўчыну на спатканьне, мы сустрэнемся ў цэнтры гораду на плошчы Свабоды: зь вялікіх экранаў, зь білбордаў будуць глядзець на мяне вясёлыя твары беларусаў зь віншаваньнямі дня Незалежнасьці і бел-чырвона-белымі сьцягамі… Мы пройдземся па праспэкце, завітаем у якую-небудзь кавярню, вып’ем там гарбаты, павіншую яе і працягну дзьве белыя і адну чырвоную ружу… А потым сустрэнемся на пляцы Каліноўскага зь сябрамі, годна ўзгадаем нашае былое і павіншуем адно аднаго з днём Незалежнасьці!”

Уліцёнак: “Ну, скажам прама, нейкая футуралягічная кампазыцыя!”

Вячорка: “Так насамрэч вялікія сьвяты адзначаюцца ў Эўропе. І мы, беларусы, таксама мусім сьвяткаваць 25 сакавіка годна, бязь лішняга патасу, але й без прафанацыі”.

Уліцёнак: “У такім разе: як у рэальнасьці будзе выглядаць Менск праз два зь невялікім тыдні?”

Вячорка: “25 сакавіка мы пачнем з падрыхтоўкі шэсьця і мітынгу. Сустрэнемся на плошчы Якуба Коласа, дзе разам са шмат тысячамі такіх самых пар старых, маладых, бацькоў, дзядуль і студэнцкае моладзі пройдземся праз цэнтральныя вуліцы Менску, ускладзем кветкі да помнікаў беларускім паэтам і пісьменьнікам, а потым паслухаем беларускія рок-гурты.

Дзень Незалежнасьці будзе афарбаваны ў бел-чырвона-белыя колеры – колеры беларускае свабоды. Колеры беларускае птушкі бусел. Колеры незалежнасьці”.

Уліцёнак: “У вас, значыцца, ёсьць аптымізм, спадзеў, што ўсё пройдзе ціха-мірна? Што не перашкодзяць вам піць піва і дарыць ружы?”

Вячорка:
“Многія рэчы застаюцца на ўзроўні нашых мрояў – безумоўна, хочацца так, як нам гэта мроіцца, як мы сабе гэта ўяўляем. Сапраўды, хочацца, каб усё прайшло прыгожа, каб удзел у акцыі прыняла ня дзесяць тысячаў чалавек, а трыста тысячаў – каб увесь праспэкт запаланіўся шчасьлівымі тварамі шчасьлівых беларусаў…

А калі нехта нам перашкодзіць адзначыць дзень Незалежнасьці 25 сакавіка, то гэта хай застаецца на ягоным сумленьні.

Але як бы ні было, мы будзем сьвяткаваць і мы будзем віншаваць адно аднаго з нашым вялікім сьвятам”.


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Франак Вячорка. Назаўтра пасьля 90-х угодкаў БНР ён будзе сьвяткаваць сваё 20-годзьдзе. У 2005-м скончыў падпольны Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. З 2005 па 2008 вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, з трэцяга курса якога 18 лютага 2008 году пасьля 15-суткавага арышту за “нецэнзурную лаянку” быў адлічаны.

XS
SM
MD
LG