Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба, каб урад прыслухаўся да голасу простага народу”


Агляд тэлефанаваньняў за 6 сакавіка, чацьвер.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелі ў аглядзе тэлефанаваньняў за тыдзень. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Пачнем з тэлефанаваньня слухача пра нядаўна ўведзеныя абмежаваньні доступу да адукацыі.

Віктар: “Наконт вучобы па спэцыяльнасьцях намэнклятуры. Гэта ўжо было ў савецкія часы, калі на спэцыяльнасьці патрэбна было характарыстыку-рэкамэндацыю. Робяць гэта, каб забараніць дзецям не зь сем’яў чыноўнікаў атрымаць веды і прэтэндаваць на намэнклятурныя чыны. Хоць кіруюць намі людзі без спэцыяльнай адукацыі. Напрыклад, дырэктар саўгаса – настаўнік, будаўнік – банкір, географ – галоўны інжынэр завода і гэтак далей. Дзяржава цудаў, дзе адукацыя нічога ня значыць. Дзякуй”.

Маленькае ўдакладненьне для спадара Віктара: каб паступіць на спэцыяльнасьці “журналістыка”, “юрыспрудэнцыя”, “міжнародныя адносіны”, абітурыенты павінны прайсьці прафэсійна-псыхалягічную гутарку, а не атрымаць рэкамэндацыю. На пытаньне слухача адказвае акадэмік, экс-прэзыдэнт Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч:

“Я таксама не разумею, чаму ўвялі гэтую гутарку. Я лічу, што гэта непатрэбна, асабліва на такія спэцыяльнасьці, як журналістыка. Чалавек сам потым, як пойдзе працаваць, усё вызначыць. Адукаваны чалавек, вядома, больш прыстасаваны для цяперашняга жыцьця, чым неадукаваны”.

Карэспандэнтка: “А гэта дрэнна, што людзі працуюць не па спэцыяльнасьці?”

“Нічога дрэннага я ў гэтым ня бачу. Калі чалавек таленавіты, здольны, ён вучыцца. Я так ня думаю, што ў нас адукацыя нічога ня значыць. Шмат значыць, і вельмі патрэбная. І таму такі вялікі попыт на адукацыю”.

Спадарыню Соф'ю хвалюе лёс так званай “саюзнай дзяржавы”:

Спадарыня Соф’я: “Паважаная “Свабода,” 29 лютага ў газэце “Народная Воля” быў надрукаваны матэрыял, у якім гаварылася, што ўжо гатовы канстытуцыйны акт “саюзнай дзяржавы” і пасьля выбараў прэзыдэнта Расеі і яго інаўгурацыі адбудзецца рэфэрэндум у Расеі і Беларусі. Прашу адказаць партыйных лідэраў — спадара Лябедзьку, Баршчэўскага, Вячорку, Шушкевіча. Мілінкевіча, — што рабіць нам, няшчаснаму беларускаму народу? Чакаем адказу”.

Спадарыні Соф’і адказвае старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

“Па-першае, гэты акт гатовы даўно. Пытаньне стаіць толькі ў тым, калі новыя кіраўнікі вызначацца, наколькі ім гэта трэба і калі трэба. Таму я б загадзя ня стаў сеяць паніку. Ужо шмат разоў была спроба гэты Канстытуцыйны акт абмеркаваць. Будзем чакаць разьвіцьця падзеяў і будзем адэкватна рэагаваць на гэтыя падзеі”.

Некалькі тэлефанаваньняў прысьвечана няспыннаму росту цэн, зьніжэньню ўзроўню жыцьця беларусаў:

Рынкавы сацыялізм, пра які трашчаць і трашчалі сродкі інфармацыі, раскалоўся. Капуста на рынку каштуе 1800 рублёў, у два разы больш, чым хлеб. Такога ні пры якім сацыялізьме, нават брэжнеўскім, не было. Дзякуй за ўвагу”.

Ларыса, Менск: “Слухаю “Свабоду” ўжо гадоў 25. І за апошнія два гады толькі і чуеш: “пасадзілі за краты”. Спачатку былі апазыцыя ды студэнты, а цяпер дробныя прадпрымальнікі. Ва ўсім сьвеце да іх ставяцца станоўча. Зайшла на “Ракаўскі кірмаш”: ціха, ніхто нічога не купляе, бо няма канкурэнцыі і кошты растуць з кожным днём. Нам, пэнсіянэрам, стала горш адназначна, і трэба, каб урад прыслухаўся да голасу простага народу. Сядайце за адзін стол і зрабіце так, каб усім было добра, хоць крышку”.

На пытаньне спадарыні Ларысы адказвае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктар Крываль:

“Добра, што людзям, якія па 25 гадоў слухаюць Радыё Свабода, хоць зараз стала зразумела, якім чынам улада размаўляе са сваімі грамадзянамі. Калі казаць пра эканамічны бок праблемы наконт манапалізму, адсутнасьці канкурэнцыі, падаражэньня – гэта ўсё відавочна. Што можна сказаць пра магчымасьць сесьці за стол перамоваў з прадстаўнікамі ўлады? Такіх сустрэч было шмат, і на іх была размова, так бы мовіць, глухога зь нямым. На вялікі жаль, цяперашняя ўлада не прыслухоўваецца да голасу розуму”.

XS
SM
MD
LG