Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: суд адхіліў скаргу маці Зьмітра Жалезьнічэнкі на паўторнае адлічэньне сына з унівэрсытэту


Зьміцер Жалезьнічэнка зь сябрамі каля будынку Цэнтральнага суду
Зьміцер Жалезьнічэнка зь сябрамі каля будынку Цэнтральнага суду

Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Жана Андрэйчык адхіліла скаргу маці Зьмітра Жалезьнічэнкі на паўторнае адлічэньне сына з Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны. Скаргу Ала Жалезьнічэнка падавала ў суд ад імя сына, паколькі яго тэрмінова прызвалі служыць у транспартныя войскі ў Жлобін.


Зьміцер прысутнічаў на судзе. Яго ўчора й сёньня адмыслова прывозілі ў Гомель са Жлобіна аўтамашынай у суправаджэньні камандзіра роты лейтэнанта Жлобіча.

Рашэньню судзьдзі Зьміцер не зьдзівіўся, бо яго як студэнта-актывіста не аднавілі адразу і пасьля першага адлічэньня:

“Прынцыпова – гэта тое, чаго мы чакалі, з паводзінаў судзьдзі было відавочна. Яна не задавала ніякіх пытаньняў адказьніку. Па ўсім відаць, ёй было нецікава тое, што мы казалі, што казаў адказьнік. Нават хадайніцтва на ўдзел у працэсе праваабаронцы Гары Паганяйлы яна вельмі доўга разглядала і адхіліла бяз дай прычыны. У нас пакуль няма матывацыі рашэньня судзьдзі, але, я лічу, усе нашыя дакумэнты, усё выкладзеныя намі факты слушныя й правамоцныя”.

Адвакат Жалезьнічэнкі Пётра Барысаў у спрэчках у судзе адзначыў, што пры паўторным адлічэньні Зьмітра з унівэрсытэту сёлета ў студзені было дапушчана значна больш парушэньняў, чым летась у верасьні.

Загад на паўторнае адлічэньне рэктар унівэрсытэту выдаў у той дзень, калі Жалезьнічэнка знаходзіўся ня толькі на канікулах, а й на бальнічным з прычыны высокага артэрыяльнага ціску. У студэнта ня бралі тлумачэньняў з прычыны яго пакараньня ў верасьні арыштам і штрафам. Зьміцер на той час не зьяўляўся студэнтам, і, натуральна, на яго не распаўсюджваліся ўнівэрсытэцкія Правілы ўнутранага працоўнага распарадку. Зноў жа згоду на паўторнае адлічэньне даваў не прафкам студэнтаў, а яго прэзыдыюм. Да таго ж унівэрсытэт ня выканаў цалкам рашэньня папярэдняга суду аб аднаўленьні Жалезьнічэнкі ва ўнівэрсытэце.

Усіх згаданых ды іншых довадаў пазоўнікаў начальнік юрыдычнага аддзелу ўнівэрсытату імя Ф.Скарыны Валер Недаступ – прадстаўнік навучальнай установы паводле даверанасьці – не прызнаў. У ягоных выступах Зьміцер Жалезьнічэнка быў пададзены не як выдатнік і чалавек высокай грамадзянскай пазыцыі, а як парушальнік грамадзкага парадку.

Спадар Недаступ адмаўляў таксама, што з унівэрсытэту Зьміцер Жалезьнічэнка адлічаны з палітычных матываў – як грамадзкі актывіст і сябра Партыі БНФ.

Старшыня юрыдычнай камісіі праваабарончага цэнтру БХК Гары Паганяйла, якога не дапусьцілі як грамадзкага прадстаўніка на працэс і які назіраў за судом як звычайны грамадзянін, так выказаўся адносна паўторнага адлічэньня з унівэрсытэту Зьмітра Жалезьнічэнкі:

“Дасьледаваўшы ўсе матэрыялы, які былі нам даступныя, мы мяркуем, што студэнт быў адлічаны незаконна. Ён ня быў адноўлены ў правах студэнта па першым рашэньні суду. Падстава тая, што Зьміцер нібыта ўчыніў дзеяньні, якія несумяшчальныя са званьнем студэнта. Гэтым ён нібыта парушыў унівэрсытэцкія Правілы ўнутранага распарадку. Але на той час ён ня быў студэнтам і распаўсюдзіць на яго адміністрацыйныя спагнаньні як на студэнта немагчыма”.

Маці Жалезьнічэнкі адразу ж пасьля абвяшчэньня рашэньня напісала папярэднюю касацыйную скаргу ў абласны суд.

Тым часам самога Зьмітра павезьлі на аўтамашыне назад у вайсковую частку ў Жлобін. Як кажа Жалезьнічэнка: “Служыць Рэспубліцы Беларусь!”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG