Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля расейскіх выбараў у Інтэрнэце пайшоў гуляць жарт, што цяпер у Расеі пры выкананьні кампазыцыі “Smoke on the water” трэба ўставаць і прыкладаць руку да сэрца. А новы тэкст да гэтай музыкі напіша Сяргей Міхалкоў.


Мяркую, што трэба патлумачыць, “у чым прыкол”. Рэч у тым, што новы прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў — гарачы прыхільнік легендарнага гурту “Deep Purple”, ён нават паведаміў, што сабраў у сваёй калекцыі ўсе альбомы гурту. У лютым “Deep Purple” прыяжджалі ў Маскву, і Мядзьведзеў пасьля канцэрту пагутарыў з музыкамі, папазіраваўшы перад фотакарэспандэнтамі. Мядзьведзеў, былы санкт-пецярбурскі юрыст з інтэлігентнай сям’і, паведаміў таксама, што яму падабаецца гурт Black Sabbath.

Магчыма, чытач ужо задаецца тым самым пытаньнем, якое задаю сабе цяпер і я — а ці ВЕДАЕ Аляксандар Лукашэнка пра існаваньне такіх гуртоў? Заўважце, я нават не пытаюся, ці любіць ён іх — 15 гадоў назіраньня за гэтым палітыкам даюць прыблізнае ўяўленьне пра мастацкія прыхільнасьці былога лектара таварыства “Веды”. Кіраўнік Беларусі ніколі ня даў нам ніякіх падставаў меркаваць, з творчасьцю якіх заходніх музыкаў, мастакоў, рэжысэраў ён знаёмы (зразумела, акрамя тых рэдкіх момантаў, калі гэтыя творцы прыяжджалі ў Беларусь і сустракаліся з кіраўніком дзяржавы).

Аляксандар Лукашэнка, наколькі можна меркаваць, — акурат з тых людзей, якія за савецкім часам “культурна ўзбагачаліся” толькі тым, што было “ў тэлевізары” і гучала з радыёкропкі. Яны жылі ў адной краіне з тымі, хто слухаў Queen, Rolling Stones, “Аквариум”, Акуджаву — але пераважна не здагадваліся пра існаваньне гэтага культурнага слою. Ужо паміж Пуціным і Лукашэнкам была пэўная культурна-каштоўнасная яма, якая ў выпадку зь Мядзьведзевым перарастае ў прорву.

Узгадаем: Пуцін прыходзіць на дзень нараджэньня РастраповічаЛукашэнка шле віншавальныя тэлеграмы Кіркораву, Пуцін (з жонкай) ходзіць у опэру Лукашэнка на “Славянскім базары” (бяз жонкі) двухсэнсоўна скача зь Веркай Сярдзючкай (Веркам Сярдзючкам?).

Я, натуральна, ні ў якім разе не рызыкну казаць чагосьці станоўчага пра Пуціна і Мядзьведзева, тым больш цяпер, калі абвастрылася небясьпека страты сувэрэнітэту, калі расейскі імпэрыялізм пагражае... і гэтак далей. Але чаму настолькі моцна адрозьніваецца “культурны код” кіраўнікоў Беларусі і Расеі? Ясна, што ні там, ні там няма дэмакратыі, але там аўтарытарызм прынамсі “просвещённый”.

Аднак — плюньце ў твар тым паклёпнікам, якія скажуць, што беларускі прэзыдэнт ніколі ня ходзіць у тэатар. Пасьля доўгіх кансультацыяў мне ўдалося знайсьці ажно два выпадкі. У першым Лукашэнка наведаў нават Опэрны тэатар — праўда, гэта быў канцэрт Юрыя Антонава.

Так атрымалася, што сьведкам другога наведваньня тэатру прэзыдэнтам Беларусі я быў асабіста (трэба было назваць гэты тэкст “Як я хадзіў у тэатар з Аляксандрам Лукашэнкам” — пабіў бы ўсе рэкорды папулярнасьці). Было гэта якраз у 2002 годзе, калі паводле патрабаваньняў моманту (падчас першага “павароту да сувэрэннасьці”) хтосьці падказаў, што прэзыдэнту варта зрабіць знакавы крок і схадзіць у Нацыянальны тэатар на нацыянальны спэктакль “Князь Вітаўт”. Дарэчы, з такой нагоды ўпершыню за дзесяцігодзьдзі сэзон у Купалаўскім адкрывалі не “Паўлінкай”, а прэм’ерай новай п’есы. Загадзя пра прысутнасьць Лукашэнкі я нічога ня ведаў і прыйшоў у тэатар як звычайны глядач — але ў выніку спазнаў сапраўдны катарсіс.

Галоўны герой краіны нават у тэатры павінен заставацца галоўным. Пасьля заканчэньня спэктаклю прэзыдэнт выйшаў на сцэну і пачаў тлумачыць гледачам, чаму раней усё было няправільна, як заганна паводзілі сабе князі, бо ня слухалі народ, ігнаравалі яго памкненьні, але цяпер мы праводзім зусім іншую палітыку, народную і для народу. Цяпер у нас усё вырашаецца большасьцю, а ня купкай людзей.

Памятаю, як відавочна ніякавата было артыстам, якія стаялі на сцэне і ўсё гэта выслухоўвалі. Якім чужародным, вартым жалю і сьмеху быў гэты сьпіч на сцэне. Больш Аляксандар Лукашэнка, наколькі мне вядома, у тэатар не хадзіў.

Што можна сказаць пра “культурны код” народа, які выбірае сабе кіраўніка з такім культурным даляглядам? Гэта асобная вялікая размова — чаму беларусы выбіраюць “такога, як я”, а расейцы — кагосьці вышэйшага і разумнейшага за сябе. Калі беларусам захочацца абіраць прэзыдэнта, які будзе валодаць замежнымі мовамі і цаніць штосьці іншае, акрамя прымітыўнай папсы?

Так, прэзыдэнтамі ў розных краінах становяцца людзі з розным культурным узроўнем — да пэўнага моманту гэта справа іхняй асабістай біяграфіі. Але ж — існуюць нейкія правілы, нормы, традыцыі. Калі ты кіраўнік дзяржавы — схадзі ў опэру, у акадэмічны тэатар, наведай мастацкую выставу (і ня толькі таму, што там выстаўлены “Габэлен стагодзьдзя” і твой партрэт на ім зьверху, па-над усімі гістарычнымі фігурамі). Пакажы, што пры слове “культура” табе ня хочацца хапацца за пісталет.

Але, магчыма, Аляксандар Лукашэнка думае, што пасьля таго, як ён наведае опэру, людзі перастануць за яго галасаваць? Тады гэта кардынальна мяняе справу. Мы ж ня ведаем, можа, вечарамі пасьля гульні ў хакей ён таемна ад усіх слухае клясычную музыку і перачытвае Сартра? Магчыма. Але — тсс — электарат пра гэта не павінен ведаць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG