Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве траціны вырабленага не прадаецца


Амаль 67% прадукцыі, вырабленай у студзені прадпрыемствамі Магілёўшчыны, засталіся на складах.


За першы месяц году непрададзенай прадукцыі паболела на 73 мільярды рублёў. Паводле афіцыйных статыстычных зьвестак, на 1 студзеня 2008 году прамысловыя склады былі запоўненыя нерэалізаванай прадукцыяй на трыста пяцьдзясят восем мільярдаў рублёў.

Шэсьцьдзесят сем працэнтаў — гэта 431 мільярд рублёў. За месяц прадпрыемствамі Магілёўшчыны выраблена прадукцыі на 748 мільярдаў рублёў.
Лічыцца кепскай сытуацыя, калі запасы перавышаюць сярэднемесячны аб'ём вытворчасьці

На складах застаецца прадукцыя хімічнай ды нафтахімічнай галіны, машынабудаваньня й мэталаапрацоўкі. Ёсьць праблемы з продажам мэблі й абутку мясцовай вытворчасьці.

Гэта тая прадукцыя, на вырабе якой спэцыялізуецца рэгіянальная гаспадарка.

У аблвыканкаме запэўніваюць: сытуацыя не катастрафічная:

“Катастрафічнай яна была б, калі б было сто працэнтаў. А так, калі дзьве траціны, — гэта ў прынцыпе сытуацыя ў межах прагнознага разьвіцьця. Сярэдні паказьнік, які даводзіўся, быў у межах 63%, быў прагноз — 64%. Таму... Лічыцца кепскай сытуацыя, калі запасы перавышаюць сярэднемесячны аб'ём вытворчасьці”, — паведамілі ў аблвыканкаме.

Нягледзячы на запэўніваньні чыноўнікаў, сытуацыя з рэгіянальнай прамысловасьцю й непрададзенай прадукцыяй выклікае рэзкую крытыку кіраўніцтва вобласьці. У віну прамыслоўцам ставяць няўменьне шукаць інвэстыцыі для абнаўленьня асноўных фондаў прадпрыемстваў. Летась з плянаваных 20 мільёнаў даляраў ЗША было знойдзена інвэстыцыяў толькі на чатыры мільёны.
Наяўнасьць такой колькасьці складзкіх запасаў сьведчыць пра дрэнную якасьць працы прадпрыемстваў

Што да зношанасьці асноўных фондаў, то на прадпрыемствах толькі аднаго Магілёва яна дасягнула 67% — сымбалічнае лічбавае супадзеньне.

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, 67% непрададзенай прадукцыі — гэта замарожаныя й змарнаваныя сродкі:

“Наяўнасьць такой колькасьці складзкіх запасаў сьведчыць пра дрэнную якасьць працы прадпрыемстваў, якія ня могуць арганізаваць збыт, гэта дрэнная праца маркетынгу, а таксама плянаваньня ўсяго цыклю вытворчасьці.

І калі ў нас па краіне за 2007 год аказалася амаль паўтара мільярда замарожаных сродкаў — гэта тая цана, якую мы плацім за нашу “плянавую эканоміку”.

У 2008 годзе плянуецца, што выпуск прадукцыі прадпрыемствамі Магілёўшчыны мае павялічыцца прынамсі ў паўтара раза. Ці зьменшыцца пры гэтым колькасьць непрададзенай прадукцыі — невядома.

Між іншым, у студзені Магілёўшчына ня выканала прагнозных паказьнікаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Гэта прызнаў на сэсіі абласнога савету дэпутатаў старшыня аблвыканкаму Барыс Батура. Пад пытаньнем застаецца выкананьне заплянаванага і ў лютым.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG