Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мёртвыя грошы складзкіх запасаў


Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасьці склалі палову сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці. Камэнтар эканаміста Міхала Залескага.


За студзень гэтыя запасы вырасьлі на 456 мільрдаў рублёў. Найгоршыя суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці назіраюцца ў лёгкай прамысловасьці – 144 працэнты. Наколькі мяняўся гэты паказьнік за апошні час? Як уплываюць на эканамічны працэс запоўненыя склады прадпрыемстваў? На пытаньні Віталя Цыганкова адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: “Што паказвае дынаміка аб’ёму запасаў гатовай прадукцыі? Ці паўплывала як-небудзь на гэты паказьнік падаражаньне расейскіх энэргарэсурсаў, што ідзе апошні год?”

Залескі: “Для пачатку варта сказаць, што паводле эўрапейскіх стандартаў запасы гатовай прадукцыі вывучаюцца ў Беларусі з красавіка 1994 году. Але самае дзіўнае, што гэтыя запасы ёсьць яскравым сьведчаньнем таго, што пакуль капіталізму ў нас няма, і пра рынкавую эканоміку мы можам толькі марыць. Бо яны ніякім чынам не зьвязаныя з тым, што адбываецца на рынку. Наагул, сам паказьнік росту запасаў і іхняе стабільнае сэзоннае ваганьне сьведчыць пра тое, што наша эканоміка вельмі мала рэагуе на рынкавыя стымулы і шокі”.

Цыганкоў: “Як патлумачыць людзям, далёкім ад эканамічных тэорыяў – якое значэньне для эканомікі маюць гэтыя запасы? Ну вось яны паляжаць некалькі месяцаў, можа, урэшце і прададуцца? Ці прыносяць яны нейкую шкоду эканамічнаму працэсу?”

Залескі: “Безумоўна, прыносяць. Бо гэта мёртвыя грошы, якія не працуюць. І самае страшнае – гэта змарнаваная праца. Праца рабочых, распрацоўшыкаў, банкіраў, якія фінансавалі ўсё гэта – марная праца”.

Цыганкоў: «Самыя вялікія запасы гатовай прадукцыі склаліся па такіх таварных групах, як гадзіньнікі, веласіпеды, матацыклы. Выглядае, гэта якраз тыя тавары, дзе Беларусь ня можа канкураваць зь іншымі: з тымі ж кітайцамі. Можа, ня трэба тады столькі гадзіньнікаў вырабляць?”

Залескі: “Мы ж іх рабілі і прадавалі яшчэ нядаўна. Іран купляў матацыклы. Гадзіньнікі купляў увесь СССР. Але мы не перабудавалі эканоміку, не знайшлі тое, што зараз гатовыя купляць людзі – і таму мы прайгралі. Таму цяпер гэтыя заводы лепш альбо аддаць тым, хто ўмее рабіць матацыклы і гадзіньнікі, альбо проста на гэтых плошчах зрабіць нешта іншае”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG