Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ у Мазыры “апрацоўвае” моладзь


Актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Касю Манчук папярэдзілі на вучобе, што яе могуць выключыць з унівэрсытэту за апазыцыйную дзейнасьць.


Кася вучыцца на трэцім курсе Мазырскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. 16 студзеня яе затрымалі падчас сходу рэгіянальных актывістаў пад Менскам. Тады ж Кася трапіла ў поле зроку супрацоўнікаў КДБ.

Кася Манчук апавяла “Свабодзе”, што спачатку яе выклікалі да дэкана факультэту тэхналёгіі Ўладзімера Канопліча. Пасьля гэтай размовы павялі да прарэктара.

Кася наведвае пратэстанцкую царкву Ісуса Хрыста. Яна прыгадала, што 29 лютага туды прыйшлі супрацоўнікі ідэалягічнага аддзела гарвыканкаму. Іх цікавіла, чаму маладыя людзі ў пятнічны вечар знаходзяцца ў царкве. Гэты эпізод таксама фігураваў у размовах з адміністрацыяй навучальнай установы.

Гаворыць Кася Манчук:

“Што ты там рабіла, чаго туды прыйшла, табе што — няма чаго рабіць увечары? Чаму ты не сустракаесься са сваімі сяброўкамі з групы? Быў конкурс “Містэр Унівэрсытэт”, а цябе не было. Чаму ня ўдзельнічаеш ва ўнівэрсытэцкім жыцьці?” У выніку павялі да прарэктара. А той размаляваў такое мае цудоўнае жыцьцё, казаў: “Давай, каб ты не займалася гэтай дзейнасьцю, будзеш працаваць на катэдры тэхналёгіі”. Мая размова на беларускай мове ім таксама не спадабалася. Казаў: “Давай мы табе грошай дамо, табе ж ёсьць чым займацца — калі знаходзіш час, каб займацца гэтай дзейнасьцю”.

Кася Манчук — ляўрэатка міжнародных конкурсаў малюнкаў. Яна вядзе дзіцячую мастацкую студыю, захапляецца танцамі. Пра яе дасягненьні шмат пісалі мясцовыя газэты. Касю вельмі зьдзівіла, што супрацоўнікі КДБ ня толькі наведаліся да адміністрацыі ўнівэрсытэту, дзе яна вучыцца на трэцім курсе, але й прыйшлі ў школу да яе былой кляснай кіраўніцы.

“Тэлефануе мне ўвечары мая былая настаўніца і кажа, што дырэктар яе выклікаў і пытаўся: як там наша Кацярына, куды яна трапіла, чаму ёю цікавяцца з такой ня вельмі добрай арганізацыі. Такое ўражаньне, што кагэбэшнікам няма чаго рабіць. Цікава, чаму яны яшчэ да майго дзіцячага садка не дайшлі. Можа, я яшчэ ў садку была актывістка якая-небудзь”.

Кася Манчук стаіць у чарзе на кватэру, якую мае неўзабаве атрымаць. Як паведаміла дзяўчына, на вучобе ёй параілі задумацца, што для яе важней — уласная кватэра ці апазыцыйная дзейнасьць.

Дэкан факультэту тэхналёгіі пэдагагічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Канопліч сказаў “Свабодзе”:

“Я такі ж патрыёт, вельмі вялікі патрыёт нашай краіны. Мы вельмі лагодна і пяшчотна размаўлялі са студэнткай. Ня бачу за сабой ніякай віны і мне непрыемна, калі зь мяне робяць душыцеля свабоды. Дзяўчына яна цікавая. Яна добра вучыцца. Нічога кепскага не магу пра яе сказаць”.

Кася Манчук кажа, што ні ў якім выпадку ня зьменіць сваёй грамадзкай пазыцыі і надалей будзе займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю.

Тым часам прыхаджанаў мазырскай царквы Ісуса Хрыста пачалі выклікаць на размовы ў адміністрацыі прадпрыемстваў, дзе яны працуюць. Назіральнікі лічаць, што мясцовыя спэцслужбы атрымалі адмысловы загад, бо апошнім часам у Мазыры пачалі актыўна дзейнічаць моладзевыя актывісты. Супрацоўнікі КДБ наведалі школы, дзе вучацца актывісты, цяпер на чарзе — ВНУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG