Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сярод найменш задаволеных сваім здароўем


Сярэдні ўзровень задаволенасьці сваім здароўем залежыць ад ўзроўню даходаў у краіне, сьведчыць нядаўняе дасьледаваньне амэрыканскага Інстытуту Гэлапа ў 130 краінах сьвету.


Аднак пры гэтым задаволенасьць наўпрост не прывязаная да такіх паказьнікаў, як сярэдняя працягласьць жыцьця ці распаўсюджанасьць сьмяротных хваробаў.

Паводле дасьледаваньня Інстытуту Гэлапа, у краінах з вышэйшым роўнем даходаў людзі у сярэднім больш задаволеныя сваім здароўем. Пры гэтым у багацейшых краінах задаволенасьць здароўем у людзей сталага ўзросту не пагаршаецца гэтак рэзка, як у бяднейшых.

Але шэраг краінаў Усходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу, у тым ліку Беларусь, маюць надзвычай нізкія паказьнікі задаволенасьці здароўем -- горшыя, чым у краінах зь меншымі даходамі і карацейшай сярэдняй працягласьцю жыцьця. У сьпісе 130 краінаў сярод 20 найгоршых – 11 дзяржаваў гэтага рэгіёну. На думку экспэртаў Інстытуту Гэлапа, гэта выклікана вышэйшымі чаканьнямі жыхароў Усходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу, дзе людзі прызвычаіліся да больш надзейнай сыстэмы аховы здароўя да распаду СССР.

Гэтаксама у шэрагу бяднейшых краінаў, дзе пашыраныя выпадкі ВІЧ-інфэкцыі – да прыкладу ў Танзаніі, Зымбабвэ, Батсване і Кеніі -- узровень задаволенасьці здароўем нечакана высокі. Зноўку ж, экспэрты тлумачаць гэта ўзроўнем чаканьняў насельніцтва – на іх думку, людзі прызвычайваюцца да распаўсюджанасьці хваробаў.

XS
SM
MD
LG