Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Незаўважаная ў Беларусі: Сымон дэ Бавуар

  • Пётра Садоўскі

7-11 студзеня 2008 г. эўрапейскія мэдыі – нават кансэрватыўнага накірунку – зьмясьцілі аўтарскія публікацыі, прысьвечаныя стагадоваму юбілею Simone de Beauvoir.


Сымон дэ Бавуар (нар. 9. 01. 1908 г.) – пісьменьніца-ляўрэатка замежных і нацыянальнай Ганкураўскай прэміяў, жанчына-інтэлектуалка, фэміністка, якая парвала з кансэрватыўным каталіцкім асяродзьдзем, захаплялася марксізмам і савецкім сацыялізмам, а потым катэгарычна адмаўляла іх гістарычную пэрспэктыву, змагалася супраць вайны ў Альжыры і Віетнаме, падтрымлівала кубінскую і кітайскую рэвалюцыі, раздавала сабраныя і ўласныя грошы бедным, дыскутавала з прымітыўнымі фрэйдыстамі і сацыяльнымі дэтэрміністамі, 50 гадоў была жыцьцёвай спадарожніцай Ж.-П.Сартра, зь якім знайшла свой апошні спачын ў агульнай магіле на Манпарнаскіх могілках у Парыжы.

Сартраўскі экзыстэнцыялізм зь ягонай максымай, што ў сьвеце няма перадвызначанага бегу рэчаў, а свой лёс чалавек робіць кожны дзень сам, у адносінах да “жаночай праблемы” Сымон дэ Бавуар ляпідарна сфармулявала ў афарыстычным выказваньні, якім пачыналася другая частка ейнага, пэўна. самага папулярнага твору “Другі пол” (“Le Deuxième Sexe”) : “Жанчынаю не нараджаюцца, жанчынаю становяцца” ( “On ne naît pas femme, on le devient”).

Жаданьне напісаць пра гэтую незвычайную жанчыну напярэдадні так званага Жаночага Дню, калі на галовы сьвяточна прыбраных жанчынаў будуць вылітыя мэгабайты псэўдамудрасьцяў і пошласьцяў, нарадзілася ў мяне з дзьвюх прычын.

Зваротны адлік уплыву – “адліга” 60-х

Па-першае -- шчымлівы ўспамін пра маладосьць, калі ў канцы 60-х мінулага стагодзьдзя падчас хрушчоўскай адлігі і лібэральнага бунту “Новай левай” у Эўропе разам з прозьвішчамі Камю, Энцэнсбэргера, Маркузэ, Чэ Гевары і да т. п. мы пачулі таксама імёны Ж.-П. Сартра і ягонай жыцьцёвай спадарожніцы ды інтэлектуальнай сяброўкі – Сымон дэ Бавуар. Празь перадрукоўкі з самвыдату, з фрагмэнтаў рэцэнзіяў у часопісе “Иностранная литература”, з афіцыйна выдадзеных перакладаў ды нелегальна правезеных празь мяжу арыгіналаў на замежных мовах мы прагна ўгрызаліся ў эўрапейскі інтэлектуальны лібэралізм, тады, праўда, не заўсёды зразумелы. Шмат каго з названых аўтараў удавалася калі-небудзь набыць па казачна танным кошце на польскай мове ў кнігарні “Дружба” (тады прасп. Леніна 43, цяпер Незалежнасьці), як у той час казалі ў Мінску бібліяфілы, -- “у Зосі”. Так звалі вельмі сымпатычную прадавачку з польскага аддзелу гэтай кнігарні. Палякі хоць і належалі тады яшчэ да “сацыялістычнага лягеру”, але выдавалі масавымі тыражамі творы заходніх інтэлектуалаў.

З бавуараўскай “бібліі фэмінізму”, як называюць трактат “Другі пол”, у тыя гады асабліва папулярныя былі разьдзелы, дзе бязьлітасна праўдзіва выкладаўся асабісты сэксуальны досьвед аўтаркі і ейных сябровак, што пакутавалі ад мужчынскага шавінізму. (Ня трэба забывацца, што да 1944 г. у Францыі жанчыны былі пазбаўленыя права голасу, што былі забароненыя аборты, што жанчыны не маглі адкрыць банкаўскі рахунак і г. д.). Запомніліся рэдактарскія камэнтары польскага выданьня, дзе аўтары знаходзілі ў тэксьце Бавуар алюзіі на пакуты талстоўскай герані з “Вайны і міру” (маленькая княгіня, жонка Андрэя Балконскага, паміраючы ад няўдалых родаў, кажа свайму каханаму: “Ах, што ж гэта Вы зрабілі са мною?”) і ўзгадкі пра Соф’ю Андрэеўну, жонку Лява Талстоя, якая за 24 гады перажыла 16 цяжарнасьцяў. Змагаючыся за права жанчыны перапыніць пры жыцьцёвай неабходнасьці цяжарнасьць, насуперак закону і грамадзкай думцы, дэ Бавуар разам з 343 сваімі прыхільніцамі падпісала маніфэст “Я зрабіла аборт!” (На самай справе яна гэтага не рабіла). Ейны ўчынак французы параўноўваюць з памфлетам Заля “Я абвінавачваю!”, калі ён адзіны выступіў супраць дзяржаўнага антысэмітызму ў так званай справе Дрэйфуса.

Зараз сьмешна ўспамінаць, як мы, ведаючы тады мала пра “ўнутраную кухню” творчасьці Ж.-П. Сартра і С. Бавуар, шукалі ў празаічных творах (асабліва ў сартраўскіх п’есах і лістах) шырокія экстрапаляцыі і рэвалюцыйныя алегорыі. Аўтары ж часам апісвалі амаль дакумэнтальна ўласны досьвед інтэлектуальных зносінаў або нават праграмавалі будучыя “раманы-знаёмствы”, тварылі “тэкст”, арыентуючыся на сваіх сяброў. Такім чынам яны стваралі своеасаблівую постмадэрнісцкую мадэль новых арыстакратычных міжасабовых адносінаў, ставячы экспэрымэнты над самімі сабою. Мала хто, напрыклад, ведаў, што інтэлектуальны раман-эсэ “Словы” Сартр прысьвяціў нейкай Зонінай – грамадзянцы СССР, перакладчыцы, сваёй пасіі, зь якой пазнаёміўся падчас візыту ў Маскву. Яна была і савецкая дысыдэнтка і блізкая да КДБ асоба. Калі Сартр адмовіўся ад Нобэлеўскай прэміі, ягоныя тэксты і эсэ Бавуар у СССР чыталі асабліва прыхільна і ўважліва.

Тады, ў канцы 60-х і пачатку 70-х (ды, думаю, і сёньня застаецца такім для беларусаў) цікава чытаўся раман “Мандарыны” (“Les Mandarins”), за які Сымон дэ Бавуар у 1954 г. была ўганараваная Ганкураўскай прэміяй. Мандарынамі ў Францыі называлі інтэлектуалаў, валадароў грамадзкай думкі. У рамане “парыскія мандарыны” спрачаюцца ў інтэлектуальных салёнах пра пазыцыю нацыянальнай інтэлігенцыі падчас нямецкай акупацыі, адносіны да Рэзыстансу, ЗША і пляну Маршала, будучыню Эўропы і савецкага сацыялізму.

Наша дзяржава лепіць Міс-аграгарадок …

Па-другое, чаму хочацца ўзгадаць Сымон Бавуар, – пачуцьцё фальшу і сорам за нашу дзяржаўную прымітыўна-салодкую эмансыпацыю і тырадаў пра роўнасьць жанчынаў і мужчынаў. Прыслухоўваючыся да нораваў кіраўніка дзяржавы, якому падабаюцца “красівыя жэншчыны”, у краіне квадратна-гнездавым спосабам, як некалі раілі садзіць бульбу, каляўладныя дзялкі пачалі ствараць інкубатары жанчын-жарабятак. “Красата спасёт мір!” – дэкляруюць дэбілы-мадэратары на дзяржаўным тэлебачаньні, паказваючы буйным плянам ніжнюю частку прыгожага маладога цела. Яны чулі, што недзе нехта некалі нешта падобнае сказаў. (Насамрэч герой Дастаеўскага некалі сказаў: “Прыгажосьць подзьвігу Хрыстовага выратуе Сьвет”). У тэлевізары буйным плянам: прыгожыя, але каснаязыкія бландзінкі-дэпутаткі; адабраныя прыгожыя студэнткі-выдатніцы сядзяць абапал найвышэйшага начальніка; гуртамі -- ад Брагіна да Верхнядзьвінску – спакушаюць і калечаць душы маладым дзяўчаткам шоў-дзялкі, рэкрутуючы тавар для свайго сумніўнага бізнэсу; размаляваныя дзеткі жаночага роду танцуюць у дзіцячых ансамблях з рухамі маленькіх тайляндзкіх прастытутак; прыгожая дыктарка-камэнтатар аж лупіцца са скуры, штучна “мініруецца”, паводле маскоўскага лякала, цешыцца на сябе любімую ўнутраным зіркам, але кажа “экзіт-пул”, “інцындэнт”, “празрыста і транспарэнтна”… Дзе ў сьвеце, які разумны мэдыя-рэжысэр будзе ўкладаць у вусны дваццаціпяцігадовай лялькі аналітычны тэкст…?! (Узгадайце узрост, манеру паводзінаў і зьнешнасьць тэлемадэратарак сур’ёзных праграмаў у Эўропе). Дзе ў сьвеце карэспандэнтка з натуральным футравым каўняром і з мадэльнай прычоскай будзе весьці тэлерэпартаж са сьвінафэрмы? Этнакультуролягі пішуць, што жанчыны яшчэ ў дацывілізацыйную эру размалёўвалі сябе, каб прывабіць мужчын, і “дызайнам” свайго візажу сыгналізавалі пра сваю даступнасьць або наадварот. Але ж рабілі гэта ў свабодны ад працы час, калі племя спачывала пад пальмамі ды лазовымі кустамі. Навошта сёньня, гаворачы пра гендэрную роўнасьць, прыніжаць жанчынаў, ператвараючы іх публічна ў пацешныя лялькі з правінцыйнымі комплексамі непаўнавартаснасьці?

Згадваючы ў сьвяточных восьмасакавіцкіх слоўных тырадах імя Клары Цэткін, вурна з попелам якой замураваная ў маскоўскім крамлёўскім муры, мы і тут фальшывім. На радзіме эмігранткі Цэткін ідэалы сацыяльнай роўнасьці жанчынаў, за якія яна змагалася, спраўдзіліся больш, чым на нашых тэрэнах: у Германіі настаўніцы ды доктаркі зарабляюць сёньня больш, чым шараговыя паліцыянты-мужчыны.

Некаторыя штрыхі да партрэту Сымон дэ Бавуар

Вучнёўскія гады пражыла ва ўлоньні інтэлігентнай, але небагатай сям’і. Фамільныя акцыі расейскай чыгуначнай кампаніі “згарэлі” пасьля 1917 году. Маці – шчырая каталічка-верніца, бацька – агностык. З 14 гадоў Сымон шукае свайго Бога і не знаходзіць, заўважае, як грамадзтва фармуе прыгнечаную жанчыну. Студэнткай вывучае філялёгію, матэматыку, філязофію. Дыплём абараняе па філязофска-матэматычнай тэорыі Ляйбніца. Заключны экзамэн па філязофіі ў École Normale Supérieure здае ў 1929 г. зь першага разу бліскуча, па балах 2-я пасьля Сартра (ён двойчы правальваўся). З 76 выпускнікоў экзамэн вытрымалі толькі 24. Да экзамэну Сымон і Жан-Поль рыхтаваліся разам на кватэры ў сябра, камуністычнага сымпатыка, пад цнатлівым вокам Леніна, партрэт якога вісеў над канапай гаспадара. Моладзевы жарсьці былі тут мала “рэлевантныя”: Сартр меў рост 158 см, быў касавокі, неспартыўны, зь непрывабнай скурай… Заключыўшы на 2 гады, а потым і на ўсё жыцьцё дамову пра “адкрытыя сяброўскія адносіны”, што нагадвае наша разуменьне грамадзянскага шлюбу, яны рэдка жылі разам, наймаючы гатэлі і прыватныя кватэры, ліставаліся амаль штодня, да драбніц апісваючы свае інтэлектуальныя ды эмацыйныя адкрыцьці, што не перашкаджала ім абложна і плённа працаваць. За сваю працаздольнасьць і цягу да інтэлектуальных зьбюрак Сымон атрымала мянушку “бабёр”: ейнае французскае прозьвішча нагадвала паводле гучаньня ангельскае “beaver”, і да таго ж бабры заўсёды працуюць кучкамі. Пры сустрэчах – часта ў прысутнасьці новых сяброў – яны падводзілі вынікі сваіх эпісталярных спрэчак і спраўджвалі, ці адпавядае іх modus vivendi філязофіі экзыстэнцыялізму.

Якое яно – шчасьце жанчыны?

Чытаньне дзёньнікаў і лістоў Сымон дэ Бавуар сёньня – ня гледзячы на ўвесь ейны аптымізм і інтэлігентную мэтанакіраванасьць экспэрымэнту над сабой – усё ж пакідае ўражаньне горычы. Здаецца, што нават такая незвычайная жанчына не змагла знайсьці глыбокае шчасьце без сапраўднай сям’і. (У канцы жыцьця дэ Бавуар удачарыла сваю сакратарку, каб пакінуць на яе свой літаратурны даробак). Бліскучая эпісталярныя спадчына Сымон дэ Бавуар падсьвядома ўспрымаецца як свайго кшталту тэрапія ад сацыяльнай і асабовай дэпрэсіі. Засяроджваючыся па-філязофску на праблемах жыцьця і сьмерці пры апісаньні апошніх дзён сваёй маці і адыходу з жыцьця Сартра, яна прама і ўскосна прызнаецца, наколькі цяжка ёй было ісьці той сьцежкай, якую яна выбрала для самой сябе. Сумясьціць інтэлектуальнае “быцьцё двух разам і розна для захаваньня асабістай свабоды кожнага” – рэч амаль немагчымая. Асабістая свабода ператварае “разам” у “нівошта”. Зараз ніхто ня можа сказаць, дзе Сартр і дэ Бавуар у сваіх пісаньнях былі да канца шчырыя, а дзе не. Ніводная жанчына і ніводзін мужчына ў сьвеце ня ведае, дзе і якое яно – ягонае шчасьце. У гэтым увесь шарм чалавечага быцьця, скажам так, як некалі гаварыла Сымон дэ Бавуар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG