Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Настаўнікі ня будуць пратэставаць, нават калі ім абрэжуць заробкі…”


Сёньня ў Літве пачынаецца бестэрміновы страйк настаўнікаў. У сярэднім яны атрымліваюць за працу пяцьсот даляраў, але не задаволеныя гэтым заробкам. Як вы лічыце: ці ёсьць падставы для пратэсту ў беларускіх настаўнікаў? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы,


Малады спадар: “Я думаю, нашыя настаўнікі ня будуць пратэставаць, нават калі ім абрэжуць напалову іхнія заробкі. А страйк настаўнікаў у Літве нагадвае нядаўні страйк мытнікаў у Польшчы. Калі б яны ўсе ўбачылі заробкі нашых супрацоўнікаў мытні і настаўнікаў, у іх бы, я думаю, проста акругліліся вочы, калі б яны паглядзелі на нашыя ўмовы”.

Спадарыня: “Наколькі мне вядома, заробкі ў нашых настаўнікаў ня меншыя за пяцьсот даляраў. Канечне, хочацца большага, але ўсім хочацца мець вышэйшы заробак. Але больш ці менш сярэдняму ўзроўню жыцьця заробак настаўніка на сёньняшні дзень адпавядае”.

Карэспандэнт: “Пяцьсот даляраў — гэта з усімі даплатамі ці як?”

Спадарыня: “За кляснае кіраўніцтва, за стаж. Я ведаю, у некаторых настаўнікаў прыблізна паўтара мільёна заробак”.

Карэспандэнт: “Гэта, можа, павінен быць заслужаны настаўнік, каб столькі плацілі?”

Спадарыня: “Так-так…”

Карэспандэнт: “У літоўскіх настаўнікаў сярэдні заробак пяцьсот даляраў...”

Спадарыня: “Нашым бы столькі! Нашыя настаўнікі атрымліваюць пяцьсот тысяч цяперашнім часам, а не пяцьсот даляраў!”

Карэспандэнт: “А вы лічыце, што ў беларускіх настаўнікаў ёсьць падставы, каб пратэставаць, каб патрабаваць большага?”

Спадарыня: “Ну, напэўна, так”.

Іншая спадарыня: “Я думаю, што ў нашых настаўнікаў заробак значна меншы. Але трэба глядзець, якія суадносіны з цэнамі ў крамах. Для літоўцаў, можа, пяцьсот даляраў і мала, я ж ня ведаю, колькі ў іх што каштуе...”

Спадарыня: “Вядома, ёсьць падставы для пратэсту. Да нас зьвяртаецца маса пэдагогаў, яны шукаюць працы, бо вельмі нізкія заробкі: 200—220 тысяч”.

Карэспандэнт: “Гэта ў маладога настаўніка?”

Спадарыня: “Так-так”.

Карэспандэнт: “А вось мне адна спадарыня сказала, што зарабляюць настаўнікі з надбаўкамі, стажам, ледзьве не паўтара мільёна”.

Спадарыня: “Не-не, няпраўда. Да нас прыходзяць нават па дзесяць-пятнаццаць чалавек з пытаньнем аб уладкаваньні на працу”.

Карэспандэнт: “Дык у іх ёсьць праца ці няма ўвогуле?”

Спадарыня: “Ёсьць, але яны шукаюць іншай працы, большых заробкаў, бо мала зарабляюць”.

Карэспандэнт: “А ці гэта рэальна — знайсьці больш аплатную працу?”

Спадарыня: “Хіба што не. Нерэальна таму, што цяпер з рынку колькі людзей беспрацоўных пайшлі. А там таксама людзі з вышэйшай адукацыяй працуюць, і пэдагогаў на рынку таксама шмат”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG