Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чорная хмара ня можа вечна закрываць сьвятло свабоды”


Агляд тэлефанаваньняў за 5 сакавіка, сераду Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў аглядзе тэлефанаваньняў за тыдзень. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Пачнем праграму з такога тэлефанаваньня:

Спадар: “Смерть Сталина Спасёт Россию” — так расшыфроўвалася абрэвіятура СССР насельнікамі ГУЛАГу. Сёньня споўнілася 55 год з таго дня. Тады чорная хмара над зямлёй пачала расьсейвацца і да 1991 году адышла за гарызонт. Сьмерць Сталіна ня выратавала Расею, але выратавала многіх людзей ад расстрэлаў і турмы. У гэты дзень перадаю прывітаньне Аляксандру Казуліну і іншым палітзьняволеным. Чорная хмара ня можа вечна закрываць сьвятло свабоды. Будзе і на нашай вуліцы сьвята. Жыве Беларусь!”

Працягнем тэлефанаваньнем, у якім слухач гаворыць пра сілавыя структуры. 4 сакавіка супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў адзначылі прафэсійнае сьвята — Дзень беларускай міліцыі.

Спадар: “На пытаньне, як я стаўлюся да нашай міліцыі, хацелася б сказаць наступнае. Шкада мне гэтых бедненькіх хлопцаў у пагонах, зьбіваюць іх увесь час, прытым нават у СІЗО. Напрыклад, зьняволены Парсюкевіч зьбіў міліцыянта. Нядаўна нават кіраўнік МУС Навумаў расказваў са сьлязьмі на вачах, як бабулькі зьбіваюць яго спэцназаўцаў. Дык калі такое здараецца, хацелася б, хлопцы, каб міліцыянты ў суд не падавалі з нагоды іх зьбіцьця. А то і дзеўкі за такіх слабых замуж ня пойдуць”.

Рада Бясьпекі ААН ухваліла рэзалюцыю, якая ўзмацняе санкцыі супраць Ірану. Паводле дакумэнту, асобам, якія ўдзельнічаюць у іранскай ядзернай праграме, забароненыя замежныя паездкі, прапаноўваецца замарозіць іхнія фінансавыя актывы. Рада Бясьпекі таксама пастанавіла даглядаць грузы, якія перавозяцца ў Іран і з Ірану іранскімі кампаніямі на самалётах і караблях.

Наш слухач цікавіцца:

Спадар: “Ці паўплывае трэцяя рэзалюцыя ААН адносна Ірану на беларуска-іранскае эканамічнае супрацоўніцтва?”

Адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

“Я ня думаю, што гэта вельмі моцна паўплывае. Да гэтага часу падазрэньні пра супрацоўніцтва Беларусі з Іранам ня вельмі моцна гучалі. Такіх падазрэньняў наконт Беларусі не было. Больш у нас пакуль што ідзе супрацоўніцтва ў галіне нафтаздабычы. Але я не выключаю, што нейкім чынам гэта нас і закране — калі зойдзе гаворка пра абмежаваньні на замежныя паездкі іранскіх службовых асобаў”.

2 сакавіка ў Расеі адбыліся выбары прэзыдэнта. Новым кіраўніком Расеі стаў кандыдат ад “Адзінай Расеі” Дзьмітры Мядзьведзеў. Уладзімер Пуцін заявіў, што калі Мядзьведзеў прапануе яму пасаду кіраўніка ўраду, ён пагодзіцца.

Спадар: “Уладзімеру Ўладзімеравічу трэба запрасіць на сталую працу Аляксандра Лукашэнку. Ён дасьць на гэта згоду. Тады і з масквічоў сёй-той адчуе на сваіх карках смак міліцэйскіх дубінак і канчаткова зразумее дэмакратыю па-беларуску”.

Скончым праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадар: “Прагаласаваў у 2006 годзе за квітнеючую Беларусь. Думаў, да бясплатных беларускіх таблетак дададуць яшчэ і імпартныя. Я ж усё жыцьцё на таблеткі працаваў, бязь іх цяпер жыць не магу. А мне ня толькі не дадалі, а апошняе забралі — мабыць, гэтыя таблеткі некаму больш, чым мне, патрэбныя. Цяпер ва ўсім вінавачу Лукашэнку, а сваю памылку не прызнаю. Дык я ж яго абіраў, а значыць, не хацеў бясплатных лекаў, праезду на транспарце за палову кошту, не хацеў устаўляць бясплатна зубы. Злуюся на ўсіх, хаця сам ва ўсім вінаваты. Калі я казаў пра сябе, я меў на ўвазе наш беларускі народ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG