Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Франак Вячорка. Назаўтра пасьля 90-х угодкаў БНР ён будзе сьвяткаваць сваё 20-годзьдзе. У 2005-м скончыў падпольны Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. З 2005 па 2008 вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, з трэцяга курса якога 18 лютага 2008 году пасьля 15-суткавага арышту за “нецэнзурную лаянку” быў адлічаны. Сёньня Аляксандар Уліцёнак размаўляе з Франакам Вячоркам пра тое, ці патрэбныя дэмакратам жоўтая прэса і блогавая журналістыка?


Уліцёнак: “Сёньня ў Беларусі амаль няма недзяржаўнай грамадзка-палітычнай прэсы. Аднак уявім сытуацыю – мяняецца заканадаўства і ў дэмакратаў зьяўляецца магчымасьць выдаваць свае газэты. З чаго варта ў такім разе стартануць?”

Вячорка: “Беларуская прэса сёньня страшна сумная. Як дзяржаўная, так і тое, што засталося ад незалежнай. Грамадзтва стамілася ад шаблённых камэнтараў палітыкаў. Ім трэба гаварыць ня толькі пра палітыку ў клясычным разуменьні слова, але й пра жыцьцё. Бо людзі ня бачаць у палітыках жывых грамадзянаў Беларусі – такіх, як яны самі”.

Уліцёнак: “З каго тут варта браць прыклад? На якія СМІ-узоры арыентавацца?”

Вячорка: “Мы ня маем аналягаў часопісам “Факт” і “Экспрэс” у Польшчы, газэтам, кшталту брытанскай “Sun”. Якія б каштавалі капейкі і лёгка чыталіся, і якія б давалі хаця б прыкладнае ўяўленьне пра палітычнае жыцьцё.

Людзі – скажам, мае суседзі па пад’езьдзе – не ўяўляюць, што адбываецца ў краіне ўвогуле. Ім нецікава чытаць ані газэту “Рэспубліка”, ані “Народную волю” – бо там напісана сумна і занадта для іх складана. Толькі тады, калі шарагоўцы будуць мець хоць бы прыкладнае ўяўленьне пра падзеі ў краіне, яны змогуць аналізаваць і браць у рукі больш сур’ёзныя выданьні. Адкрываць больш сур’ёзныя сайты. І, нарэшце, зразумеюць сэнс сёньняшняй такой любай дэмакратам аналітыкі”.

Уліцёнак: “Вы – вядомы блогер. Што скажаце пра разьвіцьцё беларускага інтэрнэту, “Жывога Журналу”?

Вячорка: “У “ЖЖ” ў мяне 590 актыўных сяброў, маю інфармацыю чытае штодня каля тысячы чалавек. І нярэдка паведамленьні, якія я апускаю ў свой дзёньнік, становяцца інфармацыйнаю нагодаю для сродкаў масавай інфармацыі. Тады ўжо пра цікавыя мне рэчы даведваюцца дзясяткі тысячаў людзей.

На мой погляд, інтэрнэт дае магчымасьць кожнаму чалавеку без аніякіх рэгістрацыяў, без аніякіх абмежаваньняў удзельнічаць у фармаваньні інфармацыйнае прасторы”.

Уліцёнак: “Але ж поруч з блогінгам разьвіваюцца і пабудаваныя на гарызантальнай тэхналёгіі вэб-журналістыкі сайты?”

Вячорка: “Там парадку некалькіх соцень аўтараў. Гэта пераважна маладыя карыстальнікі інтэрнэту. Яны пішуць пра тое, што адбываецца ў іх на месцы. Вось і атрымліваецца: цяпер кожны можа стаць сам сабе рэдактарам, сам сабе інфармацыйнай агенцыяй. І гэтым трэба ўмець карыстацца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG