Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлада аднавіла рэпрэсіі?


За апошнія два дні рэзка павялічылася рэпрэсіўная актыўнасьць уладаў. Некалькім моладзевым актывістам прад’яўленыя абвінавачваньні ў грубым парушэньні грамадзкага парадку, зьдзейсьненым нібыта 10 студзеня. Справу Андрэя Кіма перадаюць у суд, выключаных з унівэрсытэтаў моладзевых актывістаў выклікаюць у ваенкаматы. Што азначае гэтае вяртаньне да рэпрэсіўных захадаў? Ці не выпадкова гэта адбываецца напярэдадні 25 сакавіка? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць Аляксандар Старыкевіч


Цыганкоў: “Апошнія некалькі тыдняў улада выпускала палітычных зьняволеных, што дало падставы аналітыкам казаць пра тое, што ўлада вымушаная пад ціскам зьнешніх абставінаў рабіць пэўныя саступкі. Але літаральна апошнія дзень-два мы маем шэраг падзеяў адваротнага кшталту. Ці можна гэта назваць выпадковасьцю ці такімі крокамі ўлада дасылае нейкі “мэсідж” беларускаму грамадзтву і Захаду?


Старыкевіч:
“За апошнія 13 гадоў шмат разоў вяла гутарка то пра “адлігу”, то пра новыя “маразы”. А насамрэч мала што мянялася – дакладна не мяняўся альгарытм дзеяньняў улады. Я ня думаю, што тут і цяпер ёсьць нейкая навіна, бо гэтыя падыходы былі закладзеныя ў самой прыродзе сёньняшняй ўлады.

Быў момант – так сталася – калі выпусьцілі некалькі чалавек, а цяпер новых некалькі чалавек ставяць пад пагрозу “пасадкі”. Бо калі ўвогуле перастаць саджаць, тады атрымаецца вольніца на вуліцах. Улада ў гэтым ніяк не зацікаўленая. Таму яна дае сыгналь напярэдадні веснавых акцыяў – “вы там асабліва не разьлічвайце, што вам нічога не пагражае”.

Цыганкоў: “Гэта стратэгічны падыход. Але тактычна – ці зьвязаныя апошнія рэпрэсіі непасрэдна з 25 сакавіка? З гэтага пункту гледжаньня ці можна сказаць, што ўлада не адгукнецца на заклікі да яе разам адзначыць гэтую дату?

Старыкевіч: “Ня ведаю, на каго разьлічаныя гэтыя заклікі – магчыма, выбарнікам, магчыма, Захаду. Але ў дачыненьні да ўлады яны дакладна ня маюць аніякага сэнсу.

Сто пяцьдзесят разоў ужо ім “працягвалі руку”, прапаноўвалі дыялёг. Але сёньняшняя ўлада ня лічыць апазыцыю вартай раўнапраўнага дыялёгу. Таму гэта нейкія рытуальныя дзеяньні з боку апазыцыі, на якія яна, здаецца, сама не ўскладае вялікіх спадзяваньняў, але з нейкіх разьлікаў такія заклікі час ад часу робяцца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG