Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская якасьць па беларускіх цэнах – гэта цяжка


Найбольш вядомы ў Беларусі вытворца сухога дзіцячага харчаваньня і, у прыватнасьці, малочных сумесяў — ваўкавыскае прадпрыемства “Беллакт”. Апошнім часам яго прадукцыя істотна падаражэла.


За пачак трэба плаціць каля сямі тысяч рублёў, гэта на дзьве тысячы болей, чымсьці было раней. Чым тлумачыцца такое павелічэньне цаны?

Мы зьвярнуліся ў аддзел маркетынгу заводу “Беллакт”, і нам патлумачылі, што на прадпрыемстве нядаўна пачалі вырабляць зусім новыя дзіцячыя сумесі, паколькі зьмяніліся патрабаваньні спэцыялістаў да дзіцячага харчаваньня:

“Рэч у тым, што мы якасьць паляпшаем, мы ідзем, як увесь Эўразьвяз, да яго паляпшэньня і, адпаведна, цана ўзрастае. Людзі хочуць атрымаць эўрапейскую якасьць па беларускіх цэнах, на жаль, гэта цяжка зрабіць. Мы зрабілі новае харчаваньне, якое адпавядае эўрастандартам, патрабаваньням пэдыятараў і спэцыялістаў, адпаведна і цана ўзрасла”.

На “Беллакце” і надалей будуць паляпшаць якасьць прадукцыі, а ці падаражэе яна зноўку — трэба будзе падлічыць потым, сказалі нам у аддзеле маркетынгу:

“Калі вы параўнаеце цэны, нашае харчаваньне ўсё роўна на парадак таньнейшае, чым імпартовае. Таму мы ўсё роўна знаходзімся ў сэгмэнце танных прадуктаў для дзіцячага харчаваньня. Мы каштуем даражэй, але я кажу: гэта зьвязана з тым, што мы выкарыстоўваем, па-першае, кампанэнты эўрапейскага ўзроўню, завозім з-за мяжы. Па-другое, і якасьць палепшана”.

Мы зьвярнуліся да адной маладой мамы: ці ўжывае яна беларускія сумесі для сваіх дзяцей? Яна сказала, што яе не задавальняе іхняя якасьць, і самі дзеці не хацелі есьці беларускія сумесі. Чаму?

Маладая спадарыня: “Калі якасьць рэальна будзе лепей, то гэта на карысьць усім будзе. Чаму нашае харчаваньне малыя дзеці не ядуць, вельмі многія, я ведаю? Таму што там недастатковае расшчапленьне фэрмэнту, бо тэхналёгія не настолькі высокага ўзроўню. Усе іншыя сумесі, яны высокафэрмэнтаваныя, дзіцяці ня трэба намаганьняў прыкладаць, фэрмэнты яму трапляюць даволі вялікай ступені ачысткі. А нашае харчаваньне таму й алергеннае, многія дзеці яго не засвойваюць, узьнікае разладжваньне страўніка, даходзіць да вялікіх праблемаў у страваваньні”.

Хаця гэтая мама згаджаецца, што ва многіх сем’ях ня могуць сабе дазволіць купляць імпартовае харчаваньне для дзяцей – яно дарагое і моцна адбіваецца на сямейным бюджэце.

Завод “Беллакт” таксама прадукуе сухое малако. Ён мае паставіць у Вэнэсуэлу 1000 тонаў гэтага прадукту. Як вядома, у другой палове лютага першыя 100 тонаў былі дастаўленыя ў гэтую краіну. Узьнік скандал: ці не заражана малако радыяцыяй і ці ня шкоднае для здароўя? Аднак афіцыйныя прадстаўнікі заявілі, што ў ім няма шкодных і радыеактыўных рэчываў. Наступная пастаўка 100 тонаў парашковага малака павінна адбыцца 14 сакавіка. Прадстаўнікі “Беллакту” наведалі Вэнэсуэлу 26 сьнежня мінулага году.
XS
SM
MD
LG