Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лепшыя каньякі Францыі будуць бабруйскага разьліву


Агляд недзяржаўных СМІ 5 сакавіка: “Бобруйский курьер”, “Комсомольская правда” в Белоруссии”, “Газэта Слонімская”, “Электронны Барысаў”.


“Бобруйский курьер”. Лепшыя каньякі Францыі будуць разьліваць у Бабруйску. Француская кампанія «Бэльвэдэр» разам з Бабруйскім гарвыканкамам стварае сумеснае прадпрыемства.

«Былы завод вінаградных напояў будзе пераабсталяваны. На ім будуць разьліваць высокаякасныя вінаградныя віны і натуральныя каньякі францускага гандлёвага дома «Гацье», – распавядае журналіст Віктар Качан. – Сума інвэстыцыяў – 12 мільёнаў эўра. Тэрмін рэалізацыі праекту – да 2011 году. Чакаецца, што на новым прадпрыемстве будзе створана 200 працоўных месцаў, і яно прынясе немалыя фінансавыя паступленьні ў гарадзкую казну».

«Комсомольская правда» в Белоруссии». «Самыя малыя заробкі – у выхавацеляў». Сярэдні заробак па Беларусі – 370 даляраў. Але гэта сярэдняя зарплата па краіне – як сярэдняя тэмпэратура па лякарні. Для статыстыкі гэта паказчык важны, а вось лядоўня ад яго ў беларусаў не папаўняецца. Газэта склала рэйтынг самых нізкааплатных у краіне прафэсій.

«Газэта Слонімская» распавядае трагічную гісторыю самагубства жыхара вёскі Касьцяні, які сярод бела дня лёг на рэйкі пад грузавы цягнік.

«Васіля С. у Слонімскай раённай бальніцы рыхтавалі да апэрацыі па ампутацыі ног, на якіх разьвівалася гангрэна. Аднак мужчына вырашыў на апэрацыю не ісьці, а легчы пад цягнік. Паводле аднавяскоўцаў загінулага,
ён зімой езьдзіў на заробкі ў Санкт-Пецярбург, адмарозіў там ногі, што і стала прычынай гангрэны. Пасьля заробкаў ён загінуў», – распавядае слонімскі журналіст Сяргей Чыгрын.

Ці дабярэцца ядавіты алігатар да Барысава? «Электронны Барысаў» расказвае, што ў Лепельскім раёне, у Сергучоўскім канале, які ўпадае ў Бярэзіну, злавілі паўночнаамэрыканскага панцырнага шчупака, якога называюць рыбай-алігатарам. Магчыма, у канале водзяцца яшчэ такія ж экзэмпляры, таму ня выключана прасоўваньне іх уверх па Бярэзіне. Спэцыялісты Мінпрыроды і заолягі распрацоўваюць комплекс мерапрыемстваў па рэгуляваньні колькасьці чужародных відаў рыб. Паводле беларускіх адмыслоўцаў, колькасьць інвазіўных рыб (якіх выпускаюць акварыюмісты) у вадаёмах Беларусі значна павялічылася.
XS
SM
MD
LG