Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: “Казюкі” афіцыйныя і альтэрнатыўныя <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У цэнтры Горадні сёньня адбыўся фальклёрны кірмаш “Казюкі”, а ўвечары, без удзелу ўладаў, былі праведзены альтэрнатыўныя “Казюкі”.


Сьвяты Казімір, у гонар якога ладзяцца “Казюкі” лічыцца ў каталікоў патронам рамесьнікаў, народных майстроў. На абодвух сьвятах пабываў наш карэспандэнт.

Карэспандэнт: “Мы з вамі чуем сьпеў на польскай мове, гэта сьпявачка Кая, песьня з альбому, які яна запісала разам з Горанам Брэговічам. Пляцоўка перад кінатэатрам “Гродна” на Савецкай вуліцы, нацягнуты транспарант, напісана па-беларуску “Запрашаем на “Казюкі” і прадублявана па-польску “Zapraszamy na Kaziuki”.

Гарадзенскія “Казюкі” праходзяць некалькі апошніх гадоў, ініцыятарам быў афіцыйны Саюз палякаў, далучыліся таксама ўлады. І, наколькі вядома, асноўным удзельнікам зьяўляецца аб’яднаньне народных майстроў, якія выстаўляюць свае вырабы. Пройдземся ўздоўж шэрагаў, перш я бачу абразы — Дзева Марыя, Маці Боская Вострабрамская ў рамках, аздобленыя бурштынам. Традыцыйныя вырабы на гарадзенскіх “Казюках” — карціны, вырабы з саломкі, кераміка. А вось першы раз я бачу: каваль выставіў свае рэчы.



Толькі я падышоў да каваля, адразу зьявіліся пакупнікі.

Тут ключы нібы сярэднявечныя, што знаходзяць пры раскопках архэолягі, што можна адамкнуць гэтым ключом?”

Каваль: “Замок”.

Карэспандэнт: “У вас ёсьць такія замкі, вы самі робіце іх?”

Каваль: “Калі ласка, магу зрабіць”.

Карэспандэнт: “Праводзіць мерапрыемства Саюз палякаў, песьні на польскай мове гучаць. У вас адчуваньне, што гэта польскае сьвята, ці не?”

Каваль: “У мяне адчуваньне таго, што гэта сапраўднае сьвята народных умельцаў, а нацыянальнасьць ролі не адыгрывае…”



Карэспандэнт: “Мы пабывалі на афіцыйных “Казюках”, а зараз ідзем на альтэрнатыўныя, якія праводзіць непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Першыя былі на вуліцы, пад адкрытым небам, а другія — у памяшканьні. Падворак, старыя камяніцы, крыху адчуваньне напаўлегальнасьці.

Насустрач – мастак Вацлаў Рамашка. Вацлаў, але ж ты ўдзельнічаў у афіцыйных “Казюках” і таксама ў гэтых удзельнічаеш, у альтэрнатыўных...”

Рамашка: “І ў іх таксама, таму што для мяне “Казюкі” — сьвята адзінае. Я бачу, што людзі маюць зацікаўленасьць і яны пытаюцца — што гэта за сьвята, што такое “Казюкі”, хто такі сьвяты Казімір?” І вось тлумачыш, што сьвяты Казімір жыў тут, у Горадні, і нават памёр у Горадні. Людзі гэтага ня ведаюць і калі дазнаюцца, для іх гэта новая падзея. Я вельмі рады, што сьвята адбываецца ў горадзе, і ня важна — альтэрнатыўнае яно ці афіцыйнае. Я ўдзельнічаю ў ім з задавальненьнем”.

Паводле легенды, Сьвяты Казімір пастаянна жыў у Горадні і памёр тут, яму было каля 26 гадоў. Аднак пахавалі яго ў Вільні, дзе існуе касьцёл, названы ягоным імем. Апавядалі, што пры ўскрыцьці ягонае цела аказалася нятленным. У 1521 годзе Папа Рымскі Леон Х кананізаваў яго.

У міжваенны час у Горадні існавала вуліца Сьвятога Казіміра. Напачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай, тапанімічная камісія прапаноўвала невялікую вуліцу Кастрычнікую ў самым цэнтры гораду назваць вуліцай Сьвятога Казіміра. Але гэтая прапанова не знайшла падтрымкі ў дэпутатаў гарсавету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG