Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: “Міліцыя служыць свайму кашальку й уладзе…”


Cёньня — Дзень беларускай міліцыі. “Як вы ставіцеся да міліцыі, ці давяраеце ёй?” На пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.


Спадар: “Пяцьдзясят на пяцьдзясят. Пяцьдзеясят — давяраю, пяцьдзясят — не. У міліцыі ёсьць нармальныя людзі і ёсьць — ненармальныя, неаб’ектыўныя”.

Спадарыня: “Міліцыянты неяк мяне забралі. Яны не разьбіраліся, што да чаго — абы толькі па-іхняму было. Быў канец месяца. Я стаяла, размаўляла са знаёмай. Падыйшлі: “Вы, жанчына, чаго тут стаіцё? Выпіць хочаце ці пагуляць? Паехалі з намі!” Я кажу: “Як жа так, гэта ж — няправільна!” Напалохалі, а потым прапанавалі пазнаёміцца бліжэй. Я ім кажу: “Бліжэй мне ня трэба знаёміцца, у мяне ёсьць свой муж. Давайце разыдземся па-добраму, іначай праз суд будзем вырашаць”.

Спадар: “Часткова давяраю. А вось дарожныя інспэктары — яны вельмі часта ня маюць рацыі”.

Спадарыня: “Міліцыя служыць свайму кашальку й уладзе, каб тая не адабрала кашалёк”.

Спадар: “Я — давяраю. Я сам былы супрацоўнік міліцыі, падпалкоўнік”.

Спадар: “Не давяраю. Я сядзеў у турме, як я магу давяраць ёй?”

Спадарыня: “Ёсьць добрыя людзі, а ёсьць — дрэнныя. У міліцыі — таксама”.

Спадар: “На пяцьдзясят працэнтаў можна давяраць, але ёсьць міліцыянэры й абыякавыя. Паводле прынцыпу: бліжэй сарочка, чым кажух. Ня ўсе сумленныя. Ёсьць хапугі, у сваіх карысьлівых мэтах выкарыстоўваюць мундзір і ўсё астатняе”.

Спадар: “Я працаваў капітанам на цеплаходзе. У нас заўсёды міліцыянты дзяжурылі. І калі што якое з пасажырамі, яны заўсёды дапамагалі”.

Спадар: “Я веру міліцыі. Парадку болей стала. За іх саміх таксама ўзяліся. Няма ўжо такога хамства зь іхняга боку. Я вельмі задаволены працай нашай міліцыі”.

Спадар: “Я сам служыў калісьці. Таму, ведаючы, не давяраю”.

Спадар: “Што ў нас даволі-такі спакойна — гэтага не аднімеш. Можна без аглядкі па вуліцах хадзіць, больш-менш у параўнаньні з тым, што было раней. Вядома, няма роду без выроду. Бываюць нэгатыўныя выпадкі. Але працэнтаў на дзевяноста я ім давяраю”.

Спадар: “Ёсьць міліцыянты дрэнныя, шкадлівыя, асабліва зь ліку маладых”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG