Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і санкцыі супраць Ірану


Рада Бясьпекі ААН пашырыла санкцыі адносна Ірану. Тэгерану прапанавалі цягам трох месяцаў згарнуць сваю праграму ўзбагачэньня ўрану. Гэтым разам Расея ня стала бараніць Іран і падтрымала рэзалюцыю. Як на гэтым тле могуць разгортвацца далей беларуска-іранскія дачыненьні?


Палітычны аглядальнік інтэрнэт-газэты “Naviny.by” Марына Рахлей адзначае:

“Беларусь у Іране ўдзельнічае ў нафтаздабычы. А фінансавыя санкцыі, якія прадугледжвае трэцяя рэзалюцыя ААН, тэарэтычна могуць вывесьці з гульні буйныя эўрапейскія кампаніі, якія працуюць на іранскай тэрыторыі. На іхнія месцы могуць прыйсьці менш уплывовыя, але зацікаўленыя ў гэтым краіны. Гэта — прынамсі, Малайзія, Інданэзія ды Беларусь. І з гэтага пункту гледжаньня новыя санкцыі супраць Ірану могуць быць у нашых інтарэсах”.

Вялікабрытанія і Францыя ўжо вынесьлі папярэджаньні сваім нафтавым кампаніям, якія дзейнічаюць у Іране. Ці здольныя беларускія нафтавікі заняць магчымыя вакантныя месцы? На гэтае пытаньне адказвае Міхаіл Марыніч, які ў свой час быў сустаршынём супольнай беларуска-іранскай гандлёва-эканамічнай камісіі:

“Тэхналягічна Беларусь самастойна ня зможа ўкараніцца ў здабычу іранскай нафты. Думаю, што сёньня гэта Беларусі пакуль не пад сілу, хоць нейкія спробы ўжо робяцца. У пэўнай ступені гэта падобна да вэнэсуэльскага варыянту. Але супраць тых, хто працуе ў Іране, у любы момант могуць быць уведзеныя новыя санкцыі. І прадаць здабытую там нафту на міжнародным рынку будзе вельмі складана. Я лічу, што пашыраць свой удзел у Іране немэтазгодна. Гэта толькі нанясе пэўную шкоду эканоміцы Беларусі”.

Міхаіл Марыніч ня лічыць магчымым і тое, каб Беларусь пачала купляць іранскую нафту. Ён згадвае, што яшчэ ў 1995 годзе Іран прапаноўваў Беларусі такі варыянт. У Тэгеран дзеля гэтага нават лётаў тагачасны прэм’ер Міхал Чыгір. Але разьлікі паказалі — дастаўка нафты рабіла яе надзвычай дарагой. На думку спадара Марыніча, цяпер сытуацыя яшчэ больш складаная:

“І ў той час гэта было эканамічна нявыгадна, бо расейская нафта тады каштавала таньней за іранскую. За гэты час кошты нафты значна падрасьлі, сталі ўсясьветнымі. І перавозіць яе з Ірану ў Беларусь нявыгадна і бессэнсоўна”.

Сябра міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч на пытаньне, ці будзе Беларусь выконваць санкцыі Рады Бясьпекі, адказвае:

“ААН — гэта такая аўтарытэтная арганізацыя, рашэньні якой павінны стаць абавязковымі для любой дзяржавы. Пажадана, каб да рэзалюцыяў, да рашэньняў ААН ставіліся станоўча абсалютна ўсе, нават моцныя гэтага сьвету. І каб яны не стваралі прэцэдэнтаў, як гэта было нядаўна з Косавам”.

Калі Іран ня выканае новую рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, дык супраць яго будуць уведзеныя санкцыі. Яны прадугледжваюць забарону на паездкі за мяжу іранскіх афіцыйных асобаў, якія ўдзельнічаюць у выпрацоўцы ядзернай праграмы, замарожваньне рахункаў іранскіх кампаніяў і банкаў, якія маюць дачыненьне да атамных праектаў, а таксама прымусовую інспэкцыю грузаў, накіраваных у Іран.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG