Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Мэнталітэту беларуса не ўласьціва помсьлівасьць”


Агляд тэлефанаваньняў за 4 сакавіка.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелі ў аглядзе тэлефанаваньняў за тыдзень.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Сёньня супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў адзначаюць прафэсійнае сьвята – Дзень міліцыі. Наш слухач крытычна адгукаецца пра дзейнасьць прадстаўнікоў сілавых структураў

Віктар: “Наконт праваахоўных органаў Лукашэнкі і гэтак далей, але ж не Беларусі. Няўжо не зразумела, што на Беларусі не праваахоўныя органы, гэта значыць пракуратура, суд, часовыя ўзброеныя фармаваньні ў форме міліцыі, а карныя органы. У першую чаргу яны выконваюць карныя функцыі. І калі справа заведзеная, то ў першую чаргу пакараюць узорна, каб іншыя баяліся. Людзі супраць карных органаў справу прайграюць. Калі ты гуляеш па нечалавечых, чужых правілах, ты прайграў”.

У працяг тэмы – такое тэлефанаваньне:

Ціна: “Любоў да свабоды — гэта любоў да людзей. А любоў да ўлады — гэта самалюбства”.

2 сакавіка ў Расеі адбыліся выбары прэзыдэнта. Новым кіраўніком суседняй краіны стаў кандыдат ад “Адзінай Расеі” Дзьмітры Мядзьведзеў, якога падтрымліваў Уладзімер Пуцін.

Ільля Копыл: “Паслухаўшы адказы старшыні Цэнтравыбаркама Расеі Чурава на пытаньні вядучай перадачы “Ищем выход” на канале RTVi, я прыйшоў да высновы, што Чураў — гэта Ярмошына, толькі ў штанах. Некаторыя слухачы “Свабоды” ў захапленьні ад таго, як прайшлі выбары ў Расеі. Я ж лічу, што там, як і ў Беларусі, выбараў няма. Калі б Пуцін падтрымаў Багданава, той атрымаў бы не 1%, а 71 % галасоў. Дзякуй за ўвагу”.

СМС-паведамленьне: “Хачу набыць некалькі кніг з сэрыі “Бібліятэка Свабоды”. Адкажыце, калі ласка, як гэта зрабіць”.

Шаноўны слухач, кнігі “Свабоды” можа атрымаць у падарунак за ўдзел у конкурсах і віктарынах Радыё Свабода.

Працягнем праграму такімі тэлефанаваньнямі:

Палакін, вайсковы пэнсіянэр, Менск: “На пахаваньні сваёй любімай Ірыны спадар Казулін сказаў: “Мая сям'я — уся Беларусь!” У гэтых словах павага і любоў да кожнага грамадзяніна сваёй краіны. Параўноўваю гэтыя словы са словамі чалавека зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі: “Вашывыя блохі”, “адмарозкі”, “рохкаюць ля майго карыта”, “знайшоў на памыйцы” і гэтак далей.

Мэнталітэту беларуса не ўласьціва помсьлівасьць, жаданьне прынізіць чалавека, зьмяшаць яго з брудам.

За тысячагадовую гісторыю беларусы нацярпеліся ад войнаў. Ім трэба мірнае жыцьцё”.

Спадарыня: “Нарэшце адкрылася сапраўднае аблічча Аляксандра Казуліна, які сваю палітычную дзейнасьць пачаў з хлусьні і падману ўсяго народу, калі ў перадвыбарнай дэклярацыі выставіў сябе жабраком, разьлічваючы на абарону, давер і падтрымку. Не атрымалася. Цяпер жа высьветлілася, што Казулін загадзя сплянаваў фіктыўны развод, а ўсю маёмасьць адпісаў на жонку.

Гэтым дзеяньнем ён толькі пацьвердзіў сваю датычнасьць да беззаконнасьці. Пасьля выяўленьня гэтых маніпуляцый і хуліганскіх выхадак падчас выбарчай кампаніі Казуліну трэба сядзець ціха і не прад'яўляць ніякіх прэтэнзій да ўраду і тым больш да прэзыдэнта”.

Выказваньні слухачкі камэнтуе былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка”, паплечнік Аляксандра Казуліна Сяргей Скрабец:

“Пасьля таго як супраць Казуліна завялі крымінальную справу, усю маёмасьць, нават трохпакаёвую кватэру, могуць сканфіскаваць. Казулін, каб было дзе жыць дочкам і жонцы, усю маёмасьць перапісаў на жонку. Гэта была такая неабходнасьць, бо ў нас, калі ідзе ціск улады, ён ідзе на ўсіх: родных, блізкіх, сваякоў. Што да абвінавачаньняў у хуліганстве, тут няма ніякіх падставаў. Пра гэта казалі ягоныя адвакаты. Міжнародная супольнасьць прызнала яго вязьнем сумленьня. Нашая ўлада ўсё робіць, каб абылгаць палітычных апанэнтаў. Таму ў мяне не выклікае зьдзіўленьня гэтае тэлефанаваньне на “Свабоду”.
XS
SM
MD
LG