Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзе апасаюцца, што Свабода перашкодзіць змагацца са СНІДам


Жыхары Ліды сталі атрымліваць блянкі для аплаты за кватэру з дадатковай інфармацыяй. Там можна прачытаць, што ў горадзе пачалася другая хваля эпідэмічнага ўздыму віч-інфэкцыі.


Такім чынам мэдыкі імкнуцца зьвярнуць дадатковую увагу гараджан на гэтую пагрозу.

У шасьцёрку гарадоў краіны з найбольшай колькасьцю віч-інфіцыраваных Ліда не ўваходзіць. Але на Гарадзеншчыне яна на першым месцы: у горадзе і раёне зафіксавана 203 чалавекі з віч-інфэкцыяй. Агулам у вобласьці іх — 327, і гэта — менш за трыццаць асобаў на сто тысяч жыхароў, што зьяўляецца найменшым паказчыкам сярод усіх абласьцей.

У Лідзе тры тэлефоны даверу для тых, каго турбуе праблема распаўсюджваньня вірусу імунадэфіцыту чалавека. Па адным зь іх нам адказала доктар-эпідэміёляг Вольга Віктараўна:

“Разумееце, каб мы ведалі, што ўпускаецца, мы б ужо даўно зьнізілі тэмп распаўсюджваньня віч-інфэкцыі. Праца вядзецца ва ўсіх накірунках, ва ўсіх, прычым паверце мне: лепей, чым у Горадні і дзе-колечы яшчэ”.

Доктар кажа, што ў Лідзе добрая выніковасьць у выяўленьні выпадкаў віч-інфэкцыі. Гэта, дарэчы, не аспрэчваецца іншымі спэцыялістамі.

Спадарыня: “Возьмем нават Салігорск, ён такі самы горад па маштабу, як і мы, там таксама каля 150 тысяч насельніцтва. І ў Салігорску васемсот зь нечым выпадкаў, значна болей…”

Традыцыйна лічыцца, што на Гарадзеншчыне меншую, чым у іншых рэгіёнах, распаўсюджанасьць віч можна патлумачыць, у прыватнасьці, моцным уплывам каталіцкага касьцёлу. Хаця ў Лідзе гэты уплыў не слабейшы. Па дапамогу ў прафіляктыцы, у выхаваўчай рабоце лідзкія мэдыкі зьвяртаюцца да царквы і касьцёлу, да мясцовых рэлігійных арганізацый увогуле. Адна зь іх — “Хрысьціянская садружнасьць дарослых і маладых”. Мы дазваніліся да Міхаіла Янкоўскага, які ў ёй удзельнічае. Ён адказаў на добрай беларускай мове:

“Мы займаемся больш простымі рэчамі, мы працуем з вучнямі па прынцыпу: роўны навучае роўнага. А дасьледаваньні, усё астатняе мы ня робім, гэта ўсё дзяржаўныя установы, так што ў нас толькі адна гэтая ніша: дапамагчы трошкі зь інфармацыяй, зь інфармацыйнымі трэнінгамі, і ўсё”.

Міхаіл Янкоўскі быў у дарозе, але больш падрабязна нам паразмаўляць не атрымалася. Пазьней ён паведаміў, што сябры рады “Хрысьціянскай садружнасьці дарослых і маладых” засумняваліся, каб інтэрвію Радыё Свабода не пашкодзіла іхняй “маленькай няўрадавай арганізацыі”.

На пачатак 2008 году ў Беларусі было зарэгістравана 8737 выпадкаў віч-інфэкцыі. Нацыянальныя экспэрты лічаць, што “рэальная колькасьць беларускіх грамадзянаў, інфіцыраваных віч, у тры разы перавышае дадзеныя афіцыйнай статыстыкі, складаючы 25000 чалавек”. Аб гэтым гаворыцца ў Нацыянальным дакладзе за 2007 год, падрыхтаваным для Спэцыяльнай сэсіі Генэральнай асамблеі ААН па ВІЧ/СНІДу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG