Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька-баварац знайшоў свайго сына ў беларускім дзетдоме


Эрых з бацькам і ягонай жонкай

Эрых з бацькам і ягонай жонкай

Трохгадовы хлопчык з Магілёўшчыны ўжо некалькі тыдняў жыве ў баварскіх Альпах. Ён мае адразу два пашпарты – беларускі і нямецкі.


Калі малому споўніцца 16 гадоў, ён, паводле беларускага заканадаўства, будзе выбіраць: грамадзянінам якой менавіта краіны яму стаць.

Cуразмоўца Свабоды – актывіст кёльнскай дабрачыннай ініцыятывы “Hilfe fur Tschernobyl–geschadigte Kinder“ Вілі Фрон – параўноўвае гэтую гісторыю з казкай.

Год таму ў часе наведаньня дзіцячага дому на Магілёўшчыне ў Чарнобыльскай зоне, яго пазнаёмілі з маленькім Эрыхам Эрыхавічам – двухгадовым сымпатычным хлопчыкам–сіратой. “Адкуль такое небеларускае імя?” – пацікавіўся спадар Фрон. У адказ пачуў, што бацька сіраты, нібыта – немец. Аднак дакладна гэтага ніхто ня ведае, бо маці хлопчыка памерла неўзабаве пасьля яго нараджэньня.

Па вяртаньні ў Кёльн у Вілі Фрона зьявілася авантурнае, як ён кажа, жаданьне знайсьці Эрыха-старэйшага.

Даволі выпадкова ён даведаўся прозьвішча меркаванага бацькі. Яно было даволі распаўсюджаным для Нямеччыны – Шорц.

“Нарэшце, шляхам шматлікіх тэлефанаваньняў, я знайшоў таго, каго шукаў. Гэта быў 38-гадовы кіўбасьнік з Баварыі, даволі заможны чалавек. Ён слухаў мяне зь недаверам, аднак пацьвердзіў, што сапраўды: у яго жыцьці было рамантычнае каханьне з. жанчынай з Магілёву. Ён нават запрасіў яе да сябе ў госьці. Некалькі месяцаў яны пражылі разам.”

Намеры баварца былі сур’ёзнымі. Ён прапанаваў каханцы зарэгістраваць шлюб. Калі жанчына зацяжарыла, Шорц адвёз яе на мэдычнае абсьледаваньне. Вынікі былі нечаканымі. Лекары дыягнаставалі ў будучай маці цяжкую хваробу і раілі ёй спыніць цяжарнасьць. Неўзабаве сяброўка Эрыха заявіла, што едзе ў Беларусь, бо хоча зрабіць аборт менавіта там. Пасьля ад’езду ўсе яе кантакты з Шорцам спыніліся. Баварац вырашыў, што былая каханка зрабіла аборт і больш ня хоча мець зь ім нічога агульнага.
Калі я ўзяў малога на рукі, у мяне ўсё абарвалася ўнутры – я адразу адчуў сябе бацькам

Калі Шорц пачуў пра існаваньне Эрыха Эрыхавіча, ён доўга маўчаў у слухаўку. Пасьля таго, як атрымаў ад Фрона фотакартку малога, зразумеў: “гэты хлопчык – копія ён у дзяцінстве”.

Спачатку абодва немцы накіравалі афіцыйны запыт у Магілёў – горад, дзе нарадзіўся хлопчык. З адказу даведаліся пра адрас бацькі памерлай жанчыны. Фрон і Шорц адразу выехалі ў Беларусь.

“Мы знайшлі бацьку жанчыны. Ён жыве ў маленькай вёсцы на Магілёўшчыне, – распавядае Фрон. – Гэты чалавек мае праблемы з алькаголем. Распавёў няшмат: дачка вярнулася зь Нямеччыны цяжарнай, прабыла ў бацькоўскай хаце ўсяго некалькі дзён. Адтуль зьехала невядома куды. У іншай вёсцы, на наша шчасьце, жыў дзядуля жанчыны. Ён ведаў больш: неўзабаве ўнучка нарадзіла дзіця, а праз два месяцы пасьля яго нараджэньня памерла. Хлопчыка перадалі ў дзіцячы дом”.

Нарэшце адбылася сустрэча двух Эрыхаў.“Калі я ўзяў малога на рукі, у мяне ўсё абарвалася ўнутры – я адразу адчуў сябе бацькам”, – узгадваў потым Шорц.

Дзеля ўстанаўленьня ўласнага бацькоўства баварац мусіў неаднойчы прыяжджаць у Беларусь. Кожны раз у паездках яго суправаджаў новы сябар з Кёльну – Вілі Фрон.

“Дакладна 13 сьнежня мы ізноў прыбылі ў Беларусь, у Менскі інстытут судовай медыцыны. Туды ж з Магілёву прывезьлі малога. Як паказалі вынікі экспэртызы, Шорц – 100% бацька, – распавядае Фрон. – Напярэдадні Новага году, 29 сьнежня, суд у Магілёве прызнаў яго біялягічнае бацькоўства.. Гэта азначала, што грамадзянін Беларусі Эрых Эрыхавіч, у тым ліку і паводле беларускага заканадаўства, аўтаматычна атрымлівае нямецкае грамадзянства”.

Каб забраць хлопчыка з сабой у Нямеччыну, Шорцу, аднак, належала наведаць Беларусь у чацьверты раз. Вілі Фрон узгадвае:

“Сёлета 30 студзеня мы чарговым разам прыбылі ў Беларусь. Напачатку трэба было перакласьці на беларускую мову пашпарт спадара Шорца. Потым хлопчыку трэба было зрабіць беларускі пашпарт з адпаведным дазволам на выезд. Потым нам трэба было наведаць беларускія МЗС і міністэрства юстыцыі. Потым ізноў вярнуцца ў Магілёў, бо ў пастанове суду былі некаторыя памылкі. Потым ізноў Менск. У нямецкай амбасадзе малому выдалі ўжо другі па ліку – нямецкі пашпарт для выезду ў Нямеччыну.”

Паводле Эрыха–старэйшага, кожны раз у часе візытаў у Беларусь, надзеі на посьпех то пакідалі яго, то вярталіся ізноў. “Але, дзякуй Богу, што ўсё атрымалася”, – кажа шчасьлівы баварац.

Як нам паведамілі, Эрыху Эрыхавічу вельмі ўтульна ў сваім бацькоўскім доме ў Альпах. Ён часта гуляе ў вялікім сялянскім двары, які месьціцца на трох тысячах квадратных мэтраў. Малы адчувае шмат любові. У тым ліку, і з боку новай бацькавай сяброўкі. Хлопчык наведвае дзіцячы садок і ўжо ведае некалькі нямецкіх словаў: “Auto, Banane und Schwimmen gehen” (аўта, банан, ісьці плаваць). Шорц–старэйшы надзвычай ганарыцца такімі моўнымі посьпехамі сына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG