Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крычаў: у “Вольнага горада” “няма пачуцьця гумару” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Чавускі суд разглядае справу паводле пазову рэдактара газэты “Вольны горад” да рэдакцыі газэты “Ленінскі кліч”.


Сёньня Чавускі раённы суд працягнуў разгляд адміністрацыйнай справы паводле пазову рэдактара недзяржаўнай крычаўскай газэты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага й заснавальніка гэтага выданьня Ўладзімера Кудраўцава. Адказьнікамі ў справе выступае рэдакцыя газэты Крычаўскага гарвыканкаму “Ленінскі кліч”.

Сяргей Няроўны
Праз суд пазоўнікі намагаюцца абараніць свой гонар, годнасьць ды дзелавую рэпутацыю, а таксама спагнаць з адказьнікаў 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду. Спагнаныя сродкі Сяргей Няроўны да Ўладзімер Кудраўцаў зьбіраюцца пералічыць на рахунак школы-інтэрнату, які месьціцца ў вёсцы Дзягавічы што на Крычаўшыне.

Нагодай для суду сталася сэрыя фэльетонаў, якія ад 2005 году да 2007 году амаль штосуботы друкаваліся ў “Ленінскім клічы”.

Паводле пазоўнікаў, у фэльетонах у зьняважлівай форме апісвалася дзейнасьць крычаўскім апазыцыйных палітыкаў, грамадзкіх актывістаў ды журналістаў недзяржаўных выданьняў.Прозьвішчы пэрсанажаў гумарэсак скажаліся да зьняважлівых мянушак, у якіх пазнаваліся канкрэтныя людзі й факты з іхнага асабістага жыцьця.

Паводле Сяргея Няроўнага, аўтары фэльетонаў мэтанакіравана скажалі факты зь дзейнасьці апазыцыйных палітыкаў, каб ачарніць іх у вачах простых людзей. Гумарэскі пачалі зьяўляцца ў дзяржаўным выданьні ў адказ на жорсткую крытыку “Вольным горадам” працы рэдакцыі “Ленінскага кліча”.

“Сваім пазовам я бараню сваю годнасьць ды гонар, каб сярод людзей чалавекам застацца й працягваць паўнавартасную палітычную й журналісткую дзейнасьць”, казаў на судзе Сяргей Няроўны.

Суд устанавіў, што гумарэскі пісалі рэдактарка “Ленінскага кліча” Тацяна Іўкіна, яе намесьнік Уладзімер Далецкі, а таксама карэспандэнты выданьня Аляксандар Гаўрыленка ды Аляксей Іваноў.

Аўтары гумарэсак: Тацяна Іўкіна, Аляксандар Гаўрыленка, Уладзімер Далецкі ідуць у суд. Наперадзе юрыст “Ленінскага кліча” Андрэй Куракоў


Адказчыкі пазову не прызналі, назваўшыя яго надуманым і неабгрунтаваным.

Уладзімер Далецкі ў судзе заявіў, што ў фэльетонах аўтары выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю адносна неканструктыўнай апазыцыі, якая імкнецца ўтварыць у Беларусі бязладзьдзе й спыніць дынамічнае разьвіцьцё незалежнай свабоднай краіны.

Паводле Тацяны Іўкінай, пазоўнікі ня могуць называць сябе апазыцыйнымі палітыкамі, бо ў Крычаве няма зарэгістраваных апазыцыйных партыяў.

“У гумарэсках жа пэрсанажы былі апазыцыянэрамі”, даводзіла суду Тацяна Іўкіна.

Прадстаўнік адказьнікаў, юрыст “Ленінскага кліча” Андрэй Куракоў упікнуў пазоўнікаў у тым, што ў іх няма пачуцьця гумару.

“Пэрсанажы гумарэсак ня маюць падабенства з рэальнымі людзьмі. Гумарэскі не зьяўляюцца інфармацыйнымі матэрыяламі, таму не маглі нанесьці маральнай шкоды пазоўнікам”, казаў на судзе Андрэй Куракоў.

На выказваньне Куракова Сяргей Няроўны адрэагаваў тым, што паведаміў суду пра спробу юрыста схіліць пазоўнікаў да заключэньня міравога пагадненьня.

“Куракоў казаў, што за міравое пагадненьне Тацяна Іўкіна гатовая выбачацца перад пазоўнікамі, але ня ў залі суда, і паабяцаць, што больш гумарэсак у “Ленінскім клічы” ня зьявіцца”, зазначыў Сяргей Няроўны.

Судзьдзя Алена Каралько пасьля азнаямленьня бакоў з матэрыяламі справы абвясьціла ў працэсе перапынак да шостага сакавіка. Чакаецца, што ў гэты дзень будзе агучаны вырак.
XS
SM
MD
LG