Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка павіншаваў Мядзьведзева і Пуціна


Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Дзьмітрыя Мядзьведзева з перамогай на выбарах прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Аб гэтым агенцтву БелТА паведамілі ў прэсавай службе беларускага лідэра.


"Падтрымаўшы Вас, расейскія выбарцы выказаліся за працяг стваральнага курсу, мэтай якога зьяўляецца адраджэньне моцнай дзяржавы, умацаваньне адзінства Расеі", -- гаворыцца ў віншаваньні.

"Беларусы шчыра рады посьпехам, дасягнутым Расеяй за апошні час. Перакананы, аб'яднанымі намаганьнямі мы зможам надаць новы дынамізм беларуска-расейскім інтэграцыйным працэсам, стварыць аснову для далейшага павышэньня дабрабыту грамадзян нашых краін, разам выстаяць у сьвеце ўзрастаючых пагроз і выклікаў", -- піша Лукашэнка ў сваім віншаваньні.

Кіраўнік Беларусі таксама накіраваў ліст і Ўладзімеру Пуціну. Калі Дзьмітры Мядзьведзеў быў вылучаны кандыдатам на прэзыдэнта Расеі, ён заявіў, што прапануе Пуціну пасаду прэмьер-міністра.

"Я высока цаню адносіны даверу і ўзаемнай павагі, якія склаліся паміж намі, і заўсёды буду рады бачыць Вас на беларускай зямлі," -- гаворыцца ў лісьце Лукашэнкі Пуціну.

Спадзяюся, што Ваш велізарны грамадзка-палітычны досьвед, багатыя веды … яшчэ ня раз паслужаць нашай агульнай справе – саюзнаму будаўніцтву" -- адзначыў кіраўнік Беларусі.

Гаворачы пра прэзыдэнцкія выбары ў Расеі Лукашэнка ў лісьце Пуціну адзначыў, што "адзінадушны выбар зьяўляецца пераканаўчым прызнаньнем грамадзтвам палітычных і сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў, якія Вы праводзіце".
XS
SM
MD
LG